Гарадзенскі лэнд-арт: творы з пленэра аздобяць вясковыя пейзажы

У выніку мастацкага пленэру ў вёсцы Салацце гродзенскія і менскія мастакі размалявалі электракатушкі. Будаўнічы друз ператварыўся ў цікавыя арт-аб’екты, якія, на думку арганізатараў, гарманічна ўпішуцца ў вясковыя пейзажы блізу гродзенскага Парэчча.


Ідэя мастацкага пленэру-эксперымента “Арт-салат” належыць гродзенскаму кавалю Юрасю Мацко:

 

– У майго стрыечнага брата на будаўніцтве засталіся драўляныя катушкі. Каб іх неяк утылізаваць, трэба павазіцца – разбіраць і г.д. Таму часам яны валяюцца, нікому не патрэбныя. Брат каля 30 штук прапанаваў мне: маўляў, прыдумай з імі што-небудзь. Узнікла ідэя: чаму б не запрасіць мастакоў і разам не размаляваць? У выніку гэтым летам мы зарганізавалі мастацкі пленэр, які прысвяцілі Купаллю. Закрыццё пленэра прыпала акурат на купальскую ноч.


Мастакі да творчай задачы падыйшлі з самых розных бакоў. Сп. Юрась распавядае, што ўсе творы атрымаліся вельмі цікавымі.

 

Менскія архітэктары-дызайнеры Алесь Трусаў і Васіль Верын з катушкі зрабілі шматпланавую зорку – тут можна ўбачыць і калядную зорку, і купальскае кола, і што-небудзь яшчэ. Да справы пайшло ўсё: дызайнеры скарысталі і кола ад воза, і нават “іржавую бляху, якая дзесьці валялася,- і тую прыбілі.“

Яшчэ адзін твор на тэму Купалля – папараць-кветка Аляксандра Сільвановіча.

– Анатоль Скамарошчанка ўбачыў прыроду і мастацтва ў адным ключы. На катушцы і чапля, і рыбкі, і певень, і нават яйка. Ну і мастак – вось палітра.

… і Юрась Мацко.

 

Адну з драўляных катушак апрацоўвалі дзеці:

 

– Вельмі цікавая і канцэптуальная рэч. Яе зрабілі мясцовыя дзеці і падлеткі разам з Ірынай Мароз. Усю катушку яны выклалі кавалкамі пабітага люстэрка. Яе можна паставіць у любое месца і яна будзе адлюстроўваць усё, што навокал.

Дызайнеры з Менску Дзмітры Сурскі, Дзяніс Трапашка і Дзмітры Беляховіч зрабілі Пізанскую вежу і гармату-аловак, з якой можна нават пускаць феерверкі.

Алесь Сураў прысвяціў кампазіцыю легендзе пра св. Губерта. Яна застанецца у Салацці.

Сам Юры Мацко зрабіў князя Вітаўта:

– Для мяне асоба князя Вітаўта вельмі значная. Я паспрабаваў зрабіць з катушкі галаву князя, якая стаіць на нашай салацкай зямлі. Гэта больш скульптурная кампазіцыя. 

Удзельнікі пленэру вырашылі, што такое мастацтва павінна цешыць вока не толькі местачкоўцаў:

 

– Нейкія арт-аб’екты застаюцца тут. Іншыя плануем расставіць на скрыжаваннях дарог, каля чыгункі, уздоўж дарог пры навакольных вёсках, каб людзі бачылі прыгожае, далучаліся да мастацтва і цешыліся гэтаму. Мы сур’ёзна падыйшлі да пытання, куды змясціць нашыя арт-аб’екты: добра гэта прадумалі, ездзілі і адшукалі такія месцы. Думаю, яны вельмі добра ўпішуцца ў навакольнае асяроддзе. Я ездзіў па свеце і бачыў, што бываюць такія рэчы, якія ставяцца дзе-небудзь у лесе ці дзесьці яшчэ на прыродзе. Яны не псуюць, а нават упрыгожваюць нейкі пейзаж.


Як кавалю, часам мне даводзіцца працаваць з нейкімі кавалкамі жалеза, якія хтосьці іншы проста выкінуў бы. Асабліва, калі замоўца пагаджаецца на эксперыменты, да працы ідзе ўсё, што так бы мовіць валяецца пад нагамі. Калі з таго, што ўтылізуюць, можна зрабіць штосьці прыгожае, то чаму б не зрабіць? Магчыма, таму я быў падрыхтаваны да гэтага эксперымента з катушкамі.


Разам з Юрасём Мацко арганізатарамі “Арт-салату” выступілі мастакі Алесь Сураў і Сяргей Кірко, а таксама бізнесовец Юры Рэмша. У пленэры з 1 па 7 ліпеня ўдзельнічалі мастакі з Гродна і Менску. Арганізатары не выключаюць, што ў наступным годзе ўдалы пленэр зладзяць ізноў.

 

Крыніца: grodno.greenbelarus.info