Эліза Ажэшка сустракала сяброў у Швейцарскай даліне

На пачатку сустрэчы арганізатары свята падкрэслілі, што для сучасных гарадзенцаў знакамітая пісьменніца не проста  зямлячка:

 

 “Эліза Ажэшка – гэта брэнд нашага горада”

 

 

Гэта  прыцягнула  на імпрэзу  даволі вялікую колькасць людзей.   На пляцоўцы пры доміку Ажэшкі сабраліся гарадзенцы – прадстаўнікі ўсіх пакаленняў, а таксама турысты, што наведаліся ў горад.

 

Свята пачалося з танца: пары прайшліся ў паланэзе пад праспяванае хорам “Развітанне з радзімай” Агінскага.

 

Творы пісьменніцы прагучалі на розных мовах – па-беларуску, па-польску і па-руску,

 

а дэкламавалі іх вучні гарадзенскіх школаў. Мясцовыя  паэты прачыталі свае творы, прысвечаныя Элізе Ажэшка.

 

Пад час свята госці пані Элізы маглі знайці для сябе  шмат розных атракцыяў, напрыклад, паўдзельнічаць у гульні-віктарыне з пытаннямі пра жыццё і творчасць пісьменніцы ці наведаць   фотавыставу Аляксандра Сявенкi і Віктара Саяпіна, а таксама  пазнаёміцца з  дакументамі з фонду бібліятэкі.  

 

Самыя маладыя наведвальнікі  ахвотна бавілі час на дзіцячай пляцоўцы.

 

Таксама была магчымасць падвучыцца танцаваць беларускія народныя танцы і паслухаць фальклорныя песні.

 

“Мне вельмі падабаецца, што здарылася нагода  пазнаёміцца з беларускай культурай, патанцаваць”,

 

– сказаў нам Марко з Італіі, які з групай іншых  замежнікаў наведаў свята –   “Я магу адзначыць нават некаторае падабенства паміж нашымі культурамі – хаця б у колерах народных строяў ці інструментах, на якіх выконваюць народную  музыку. Мне падабаецца ідэя біблятэкі выходзіць па-за свае сцены”.