Адкрываем Балтыку: 5 плюсаў і мінусаў адпачынку на Куршскай касе
Мінулым летам мы распавядалі пра адпачынак у Швянтоі, дзе любяць адпачываць многія літоўцы.
Гэтым разам гаворка пойдзе пра Куршскую касу з яе казачнымі пляжамі, пейзажамі і мястэчкамі.
Гэтая вузенькая палоска зямлі (у самым шырокім месцы шырыня Куршскай паўвыспы не складае і 4 км.) працягнулася на 98 км. Мяжа паміж Літвой і Калінінградская вобласцю Расіі праходзіць па 49-м кіламетры.
З дзюны над Нідай добра бачныя расійскі вартавы пагранічны карабель, вышкі памежнікаў у лесе.
Пяць плючаў і мінусаў адпачынку на Куршскай касе
Плюс першы: блізкая адлегласць
Выехаўшы ў абед з Гродна можна заспець чароўны заход сонца над Балтыкай!
Дарога з Гродна на Куршскую касу простая і камфортная. Мяжа ў Прывалцы, як правіла, шмат часу не займае. Далей без заезду ў Друскенікі кіруемся на Алітус і Коўна, дзе трапляем на хуткасную аўтамагістраль Вільня-Клайпеда. Тут дазволена рухацца з хуткасцю ў 130 км. на гадзіну і таму адлегласць у 220 км. ад Коўна да Клайпеды не павінна вас моцна напружваць.
У Клайпедзе вас чакае паромная пераправа, за якую давядзецца заплаціць прыкладна 11 еўра за машыну і па 80 цэнтраў з чалавека.
Паром ходзіць вельмі часта. Расклад яго руху можна паглядзець тут. За вяртанне на пароме назад у Клайпеду плаціць не трэба.
Дадатковую невялікую плату з вас возьмуць таксама ў самым пачатку дарогі ў глыб касы.
Плюс другі: музыка пяска!
Гэты пясок на шырокіх і бясконцых пляжах касы сапраўды музычны! Варта правесці па ім лёгка нагой – і вы пачуеце, як ён спявае!
Пляжы на Куршскай касе сапраўды цудоўныя: дробненькі белы пясочак, чысціня, камфортны уваход у мора, магчымасць схавацца ад ветрыка за дзюнамі.
Разам са звычайнымі пляжамі заўсёды знаходзяцца і асобныя пляцоўкі для адпачынку для жанчын, якія любяць загараць голымі.
Балтыйскае мора – не самае цёплае, але калі тэмпература паветра трымаецца некалькі дзён каля 30 градусаў, то купацца ў ім цалкам камфортна.
Плюс трэці: рай для аматараў актыўнага адпачынку
Тут можна бегаць уздоўж марскога берагу, плаваць, гуляць у пляжны валейбол, бясплатна карыстацца трэнажорамі ў сасновым лесе.
А яшчэ Куршская каса – сапраўдны рай для раварыстаў.
Уся паўвыспа пакрытая сеткай роварных дарожак.
На ровары можна ехаць дзесятак кіламетраў уздоўж затокі альбо ўздымацца да самай вялікай дзюны, якая калісці даўно засыпала адну з тамтэйшых вёсак, паехаць на закупы ў Ніду альбо на пляж.
Кошт арэнды ровара побач з хатай, у якой мы жылі, складаў 8 еўра ў дзень альбо 2 еўра за гадзіну.
Плюс чацьвёрты: ты ў казцы!
Такую арыгінальную драўляную архітэктуру сустрэць можна мала дзе ў Еўропе.
Каляровыя драўляныя вілы ў атачэнні дрэваў, невялікія гатэльчыкі, беражліва захаваныя старыя рыбацкія дамкі, арыгінальныя клумбы – шпацыраваць па вуліцах мястэчак на касе суцэльнае задавальненне.
Што яшчэ уражвае – неверагодная цішыня вакол: нідзе не раве з дынамікаў Стас Міхайлаў, людзі ўвечары ціхенька п’юць у кампаніях віно ля сваіх дамоў.
Плюс пяты: адмысловы для аматараў шопінгу
Максімум паўгадзіны дарогі з любой часткі касы – і вы ў Клайпедзе. Вялізны “Акропаліс” ды іншыя крамы вабяць рознага кшталту зніжкамі, акцыямі і г.д.
Ну а тым, хто не надта любіць бадзянне па крамах, раім прагулку па старых вулках горада.
Мінус першы: нестабільнае надвор’е
Надвор’е на Балтыйскім узбярэжжы вельмі капрызнае. У імгненне вока вецер можа прыгнаць хмары з дажджом.
Сёлетнія чэрвень і ліпень увогуле рэдка калі радавалі сонечнымі днямі. Таму гаспадары віл і гатэляў усе надзеі ўскладаюць на жнівень. Калі і ў апошні летні месяц сонейка будзе мала – можна смела падлічваць страты.
Саміх літоўцаў такое надвор’е асабліва не напружвае: нават пры тэмпературы паветра каля 15-18 градусаў і старыя і малыя ахвотна плюхаюцца ў моры.
Мінус другі: не танна
Досыць прасторны пакой прыватнага дома, у якім мы сёлета спыняліся на 4 дні, каштаваў на дваіх 35 еўра.
У вілах і гатэлях у сезон (з 20 чэрвеня да канца жніўня) за пакой просяць 50-80 еўра. Гэта ў два разы больш, чым у траўні альбо ў верасні, калі амаль усе турысты адсюль з’едуць.
Ежа таксама каштуе досыць дорага: абед у кавярні абыйдзецца каля 10 еўра на чалавека.
Цудоўная юшка, якую падавалі ў рыбнай кавярні побач з нашым домам, каштавала 3 еўра.
На Куршскай касе трэба абавязкова паспрабаваць вэнджаную рыбу.
Яе кошты вагаюцца ад 3 да 25 еўра за штуку (у залежнасці ад гатунку і памеру), але гатуюць тут сапраўды шыкоўна!
Парада: прадукты ў Клайпедзе каштуюць як найменш на 10% таней і таму па дарозе на касу варта закупіцца прадуктамі менавіта там.
Калі вы гэтага не зрабілі, то зможаце купіць усё неабходнае ў невялікіх крамках у Ёдкрантэ, Первалцы і Прэйле, альбо заехаць у невялікую Maxima ў Ніду.
Мінус трэці: без машыны цяжка
На касу лёгка можна патрапіць рэйсавымі аўтобусамі, якія ідуць сюды праз Клайпеду. Але на самой касе без машыны складана.
Усе мястэчкі знаходзяцца на беразе Куршскай затокі, у якой ніхто не купаецца. Да адкрытага мора з яго шыкоўнымі пляжамі – прыкладна ў 1-2 км. пад горку.
Калі для моладзі гэта невялікай праблема, то людзям старэйшага веку гэта можа складаць праблемы.
Да таго ж, падарожнічаць паміж мястэчкамі на касе (Ёдкрантэ, Первалка, Прэйла і Ніда) таксама найбольш зручна на машыне. Добрай альтэрнатывай можа быць ровар, але ён таксама падыйдзе не ўсім.
Мінус чацьвёрты: танцаў не будзе
Адпачынак на Куршскай касе разчаруе тых, хто любіць тусавацца па дыскатэках ды начных клубах.
Дыскатэку можна знайсці толькі ў Нідзе – цэнтры літоўскай часткі паўвыспы. Тут жа можна схадзіць у кіно, завітаць на канцэрт якога музыкі, пасядзець у больш-менш вялікай кавярні.
У рэшце іншых месцаў не будзе і гэтага.
Мінус пяты: візы
Менавіта “візавае пытанне” замінае пакуль росту колькасці беларускіх турыстаў на берагах літоўскага ўзбярэжжа Балтыкі.
А для тых, хто з’яўляецца шчасцівым уладальнікам шэнгена ў сваіх пашпартах кажам адназначна – трэба ехаць! Хоць на некалькі дзён.
Чытай таксама:
Адкрываем Балтыку: частка 1. Швянтоі
Чытай таксама пра іншыя прыгожыя месцы свету з дапамогай нашай