У Іўеўскім раёне памежнікі заспелі кантрабандыстаў за перакідваннем цыгарэт на літоўскую тэрыторыю
Двое беларусаў, мясцовых жыхароў, пад’ехалі на тэрыторыю памежнай паласы на аўтамабілі “Ніва” без рэгістрацыйных нумароў. У момант, калі памежны нарад спыніў іх незаконную дзейнасць, яны акурат перакідвалі кантрабандны тавар праз мяжу. На той час у салоне аўтамабіля заставалася яшчэ 6 корабаў (3000 пачкаў) цыгарэт.
Інфармацыя аб правапарушэнні была аператыўна перададзена супрацоўнікам Віленскага памежнага атрада. Пазней калегі паведамілі аб выяўленні ў гэтым раёне каля памежнай агароджы яшчэ 5-і корабаў з цыгарэтамі.
Пад час дастаўкі затрыманага аўтамабіля на памежны пост адбылося самазагаранне машыны, прычынай якога стала замыканне электраправодкі. Салон аўто выгарэў, затрыманы груз быў пашкоджаны. Супрацоўнікі МНС аператыўна лакалізавалі пожар. Пацярпелых няма.
У дачыненні да затрыманых грамадзян пачалі адміністрацыйны працэс па арт. 23.29 КаАП Рэспублікі Беларусь (Незаконнае перасячэнне мяжы), ім выпісаны позвы.