“Калоны і іншыя дэталі проста выкінулі ў час рамонту”. Што знаходзяць археолагі на раскопках у Старым замку

Патрэбны дадзеныя, якія захоўваюцца ў тоўшчы зямлі, напрыклад, глыбіня падмуркаў. Таксама трэба высветліць іх фізічны стан, бо нельга зрабіць палац звонку прыгожым, але каб ён стаяў на зруйнаваных падмурках, – кажа кіраўнік раскопак, археолаг Наталля Кізюкевіч. – Здымаецца пласт за пластом, усё фіксуецца, вычышчаецца, фатаграфуецца. Мэта – не знайсці артэфакты, бо ўвогуле ў археолагаў няма такой мэты. Задача – вывучыць, што захавалася ў тоўшчы зямлі, па мажлівасці аднавіць перыяды існавання таго ці іншага паселішча альбо горада, высветліць, якая была забудова. Мы збіраем знаходкі, па-першае, каб датаваць культурны слой, па-другое, каб высветліць матэрыяльную культуру людзей, якія жылі тут.

 

– Але артэфакты ёсць. Што з імі адбываецца далей?

 

Мы збіраем іх па пластах, па квадратах, пасля мыем, чысцім, шыфруем, адкуль яны, з якога помніка, шурфа і г.д. Знаходкі больш каштоўныя, індывідуальныя, мы збіраем асобна – імі займаюцца рэстаўратары. Пасля ўсе гэтыя рэчы павінны быць перададзены ў музей. Цікавыя знаходкі выстаўляюцца ў экспазіцыях, але гэта вельмі маленькі адсотак, асноўная частка захоўваецца ў фондах.

 

У асноўным у час ракопак знаходзяць побытавую кераміку. Ёсць цікавая і прыгожая экзэмпляры, якія потым нават можно склеіць. Знайшлі ў зямлі і масіўныя каменныя калоны. Іх проста выкінулі, калі ў час перабудовы палацу ліквідавалі парадны ўваход. “Прыбіралі тое, што лічылі непатрэбным – гэта шматлікія каменныя дэталі аздаблення палаца”, – тлумачыць Наталля.

 

Чытайце таксама:

 

 


 

У выніку раскопак пакуль ёсць больш пытанняў, чым адказаў, лічыць Ян Лялевіч, малодшы навуковы супрацоўнік гісторыка-археалагічнага музэя: “Самае цікавае з пункту гледжання не толькі аднаўлення візіі замку эпохі Баторыя, але і для навукі ў цэлым, яшчэ наперадзе. Мы толькі пачалі дакранацца да пласта канца XVI стагоддзя. Да гэтага ляжалі проста зямля і будаўнічы друз, што сабраўся за доўгі час разбурэнняў і перабудоў”. Далей павінна быць значна цікавей, але для працы патрэбныя дабраахвотнікі – аб’ёмы значна перавышаюць магчымасці музейных супрацоўнікаў. Калі не будзе валанцёраў і адпаведнага фінансавання, то перспектывы хутчэй сумныя.

 

– Не ведаю, ці ўдасца нам да пачатку будаўнічых прац дайсці да мацярыка, паколькі забудавана тут будзе, фактычна, у два разы больш, чым мы капаем.

 

– Час абмежаваны?

 

Абмежаваныя хутчэй рэсурсы, паколькі будаўнічы праект мае быць гатовы недзе ў канцы лета ці пачатку восені. Натуральна, пакуль зацвердзяць, пакуль знойдуцца грошы… Думаю, раней за вясну нічога не пачнецца. Але мы не можам капаць узімку, таму час ёсць да разумных каляндарных межаў, да кастрычніка, напрыклад.

 

За доўгі час існавання, Стары замак неаднаразова быў пашкоджаны ў выніку ваенных дзеянняў. Істотны заняпад пачаўся ў XVIII стагоддзі, калі кароль Аўгуст ІІ пачаў будаваць новы палац – сучасны Новы замак. Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай, Стары замак быў перададзены пад ваеннае ведамства на 120 год. Знішчалася аздабленне, страчваліся элементы дэкору.

 

У 20-х гадах ХХ стагоддзя па ініцыятыве Юзафа Ядкоўскага тут быў створаны музей. Было праведзена археалагічнае даследаванне і працы па рэстаўрацыі і кансервацыі.

 

У ХХ стагоддзі замку шанцавала – пашкоджанні у часы войнаў былі нязначнымі. Савецкія археолагі працягвалі праводзіць даследаванні, папаўнялася экспазіцыя. Цяпер Стары замак мае шанец вярнуць хаця б частку былой велічы.