Будынкі Гродна, якія наўрад ці перажывуць бліжэйшае дзесяцігоддзе
Гэта драўляныя і мураваныя жылыя дамы, казармы, фабрыкі… І хай наш прагноз і не спраўдзіцца, але ўсё ж такі варта паказаць будынкі, якія ў адзін цудоўны момант могуць стаць толькі ўспамінам.
1. Будынак былога чыгуначнага дэпо на вуліцы Будзёнага (на загалоўным здымку).
Гэта самы стары аб’ект на гродзенскім чыгуначным вузле. Яго бачна на паштоўках стогадовай даўніны. У міжваенны час з яго зрабілі жылы будынак і выглядаў ён больш чым проста прыстойна. Чаму б не аднавіць яго ў такім стылі? Але ж не. Хаця і друкаваўся праект упарадкавння тэрыторыі вакол вакзала, аднак рэканструкцыяй самога вакзала ўсё і скончылася. Ніякіх работ у бліжэйшым часе па гэтым будынку не плануецца.
2. Унікальная мураваная крамка пачатку ХХ ст. на вуліцы Падольнай.
Туды варта пайсці толькі дзеля таго, каб паглядзець на яе. Такая ў горадзе толькі адна на вуліцы Валковіча, але не мае ніякага ахоўнага статуса.
3. Старыя царскія казармы па вуліцах Чырвонаармейская-Шчорса і на Фолюшы.
Гэтыя велізарныя будынкі былі ўзведзеныя царскімі войскамі ў 1880-х гг. і доўга выкарыстоўваліся па прамым прызначэнні, аднак цяпер іх адсялілі і могуць у любы момант зруйнаваць. Таксама як гэты было зроблена вясной 2013 г. з казармай па вуліцы Перамогі, дзе пазней пабудавалі гіпермаркет.
4. Кафлярня на вуліцы Чырвонаармейскай.
Унікальны будынак аднаго з апошніх старых прамысловых прадпрыемстваў амаль у цэнтры горада. Нідзе больш няма такіх вялікіх кафлін, умураваных проста у фасад будынка.
5. Таксама не знаходзяцца ў спісе спадчыны будынкі па вул. Каханоўскага, дзе ў пачатку ХХ ст. жылі рабочыя кафлярні.
Прыгожыя будынкі ў стылі эклектыкі актыўна перабудоўваюцца мясцовымі жыхарамі і пры чарговым пашырэнні вуліцы запраста могуць пайсці пад бульдозер.
6. Дамы №№ 7 і 9 па вул. Міцкевіча.
Іх ужо адсялілі. Два самыя прыгожыя ў горадзе будынкі ў стылі так званага рускага мадэрну, пакрытыя разьбой, адлічваюць апошнія месяцы свайго існавання.
7. Дом па вуліцы Валковіча №23.
Адзін з самых вялікіх драўляных будынкаў горада. Дзесяць гадоў таму перажыў капітальны рамонт. Ніколі не было праблем з ягонай эксплуатацыяй. Што асабліва важна – будынак горадаўтваральны. З яго яскрава пачынаецца квартал гістарычнага цэнтра горада. Знікне ён – знікне і адчуванне ўваходу ў гістарычны Гродна з боку вуліцы 17 верасня.
8. Урыцкага №5.
Яшчэ ў 2007 г. гродзенская моладзь ладзіла каля гэтага дома пікеты. За восем гадоў яго ані аднавілі, ані даразвалілі. Але ўжо няма сумніву, што будынак будзе развалены цягам двух-трох гадоў.
9. Віленская №14.
Не хочацца прарочыць сумны лёс гэтаму дабротнаму будынку, але з ім праблема – ён ляжыць на шляху патэнцыйных будаўнікоў дублёра вуліцы Вялікая Траецкая. Можа яго і абміне сумны лёс прыгожага дамка з фрэскай вышэй па Віленскай, але нешта не верыцца.
10. Віленская №37.
Гэта будынак, які фармуе выгляд усёй вуліцы Віленскай. Такая вежа, што выглядае з аднапавярховых драўляных дамоў. Сёння будынак адселены і яго могуць разбурыць хоць заўтра.
11. Гарбарня Касоўскага па Гарнавых.
Былы гарбарны завод, пабудаваны ў 1920-х гг. даўно зачынены, і ягоны лёс вырашаецца акурат цяпер. У выпадку калі яго знясуць – навокал філармоніі паўстане плошча памерам з плошчу Леніна. А гэтаму будынку можна было б насамрэч знайсці шмат новых функцый.
Глядзі мапу будынкаў, з якімі Гродна можа хутка развітацца