Адкуль пад Шчучынам коркавы лес?

|

Вёска, дарэчы, не самая жывая, аточаная лесам з вузкай бетоннай дарогай – спадчынай па вайсковым аэрадроме.

 

Пасля гадзінкі-другой блуканняў выязджаем да брамы пітомніку на базе лясніцтва. Далей дарога, праз кожныя 10 метраў «дзіравая» лужынамі з непрадказальным дном.

 

Так зрываецца глушыцель, таму наступныя 200 метраў даводзіцца ісці пешкі. Здзіўляе колькасць вужоў на дарозе: з-пад калёс, а пасля з-пад ног чорнымі шнуркамі істоты хаваюцца ў лес літаральна кожныя 5 хвілін.

 

Нарэшце выходзім на просеку ў акружэнні высокіх дубоў, а яшчэ далей – сапраўдны коркавы гай. Справа ў тым, што аксаміт амурскі зусім не характэрны для нашых мясцінаў: ён расце на Далёкім Усходзе, сустракаецца ў лясах Манчжурыі, Кітаю, Сахаліну і іншых мясцінах, часта трапляецца ў парках Цэнтральнай Азіі ды Каўказу. У нас падобныя дрэвы сустрэнеш хіба ў Менскім батанічным садзе ды старых прысядзібных парках…

 

Таямніца з’яўлення аксамітавага гаю не такая складаная, як магло падацца. Сферы ўжывання коркавай драўніны даволі разнастайныя: ад дарагой мэблі да ізаляцыйных матэрыялаў.

 

Ёсць версія, што пасаджаныя тут у 1950-х дрэвы былі патрэбныя Лідскаму піўзаводу. Коркавая пракладка была неабходная для крышачак да шкляных бутэлек з півам або ліманадам, аднак пакуль дрэвы выраслі, тэхналогія паспела змяніцца.

 

Таямніца захавання гаю таксама відавочная: тутэйшыя лясы за часам функцыянавання вайсковага аэрадрому былі закрытыя для наведнікаў, то бок лічыліся прылеглымі да вайсковага аб’екту.

 

А цяпер пра гай папросту няма шырокай інфармацыі, а сам – паспрабуй знайдзі! Дарэчы, аксаміт амурскі – дрэва рэліктавае, то бок яно расло яшчэ да абледзянення. Такім чынам падобны гай – сапраўдны помнік прыроды.

 

Разам з тым, мясцовыя ўлады не выключаюць і гаспадарчага выкарыстання плантацыі. Напрыклад, для вінных коркаў: лагоднае здабыванне кары не шкодзіць і не забівае дрэва, якое з часам абрастае новай «адзёжкай». Навобмацак, дарэчы, кара сапраўды нагадвае звычайныя коркі ад бутэлек. Застанецца, відаць, пругкі попельна-шэры аскепачак на памяць і ў журналісцкай машыне.

 

АК, belsat.eu