Меркаванне: Чарговая рэарганізацыя былога гістфаку дапаможа змагацца з беларускасцю?

Як вядома, Сяргей Нарышкін на сустрэчы з кіраўніцтвам універсітэту абмяркоўваў ідэю стварэння аддзялення Рускага гістарычнага таварыства ў Гродне. Падчас размовы была ўзгадана рэарганізацыя былога гістфаку. Нарышкін вельмі добра ўспрыняў такую ідэю, ды і яшчэ выказаў сваю прапанову, каб да дадзенага факультэту далучылі яшчэ і філолагаў.

 

Спікер Дзярждумы РФ Сяргей Нарышкін ўзгадваў у Гродне пра Сталыпіна і адобрыў замену гістфаку

 

Расейскае Гістарычнае Таварыства ў Гродне – экспансія “Рускага свету”?

 

Зараз стала вядома, што такі варыянт далучэння філфаку да ФГКТ абмяркоўваецца кіраўніцтвам ГрДУ. Але паўстае пытанне: хто такі Сяргей Нарышкін для гарадзенскага ВНУ, каб выказваць нейкія прапановы, альбо пажаданні наконт унутраных спраў універсітэту? І чаму кіраўніцтва Купалаўскага ўніверсітэту так хутка падхапіла гэтую ідэю?

 

Варта нагадаць, што ў хуткім часе пасля апошняй так званай “рэарганізацыі” факультэту гісторыі пачаліся звальненні выкладчыкаў, прычым усе выкладчыкі, якіх пазвальнялі, былі нацыянальна-арыянтаванымі і выкладалі прадметы выключна па-беларуску.

 

Трошкі пазней пачаўся аказвацца ціск на студэнтаў не толькі гэтага факультэту, але і ўсяго ўніверсітэту, за беларускія нацыянальныя погляды нават толькі ў культурным фармаце. Узяць да прыкладу бяскрыўдныя беларускамоўныя культурніцкія імпрэзы, за наведванне якіх адміністрацыя факультэтаў выклікала на ідэалагічныя размовы студэнтаў і забараняла ім іх наведваць.

 

Усё вышэйпералічанае падштурхвае да высноў: Сяргею Нарышкіну вельмі даспадобы прыйшліся антынацыянальныя змаганні не толькі на факультэтах, але ўвогуле па ўсяму ГрДУ імя Купалы, каб умацоўваць тут парасткі “Рускага свету”. Можа за чарговай рэарганізацыяй гістфаку ізноў таіцца хваля звальненняў тых выкладчыкаў, якіх пакуль “не дабілі” за нацыянальныя погляды?