На вуліцы 1 Мая збіраюцца знявечыць чарговы помнік “цаглянай эклектыкі”

Справа ў тым, што будынак, які знаходзіцца недалёка ад кірхі, ніколі ў сваёй стодваццацігадовай гісторыі не тынкаваўся і прадстаўляе выдатны прыклад так званай “цаглянай эклектыкі”, калі ўся дэкаратыўная выразнасць будынка засяроджвалася на разнастайных выкладзеных з жоўтай цэглы ўпрагажэннях фасада.

Адну сцяну ўжо паспелі сапсаваць

 

Больш таго, гэты будынак з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю (411Е000002 Гістарычны цэнтр г. Гродна) і знаходзіцца пад фармальнай аховай дзяржавы. Напэўна, ніхто не будзе спрачацца, што тынкаванне прывядзе да страты асаблівасцей дому, якія ўласна і паспрыялі яго ўключэнню ў спіс каштоўнасцей. Напрыклад, гэта адзін з нямногіх будынкаў Гродна, дзе пад вокнамі з цэглы выкладзены так званыя “келіхі дабрабыту”, што павінны былі сімвалізаваць дабрабыт гаспадароў і жыхароў дома.

Так выглядаў дом год таму

 

Такі падыход да гістарычнага будынка дзіўны яшчэ і таму, што нядаўна некалькі дамоў (напрыклад, на вул. Васілька №№16-18) наадварот былі ачышчаны ад фарбы і прадсталі перад гарадзенцамі ў сваім аўтэнтычным жоўта-цагляным выглядзе.

 

Таксама адносна нядаўна адбылася гісторыя з домам па вул. Паўлоўскага, 21, калі будынак спачатку пачалі абклейваць пенапластам, а пасля яго адарвалі. Выходзіць зусім ужо дурная сітуацыя – адныя цагляныя будынкі (той самай эпохі і з тым самым статусам каштоўнасці) ачышчаюцца ад бруду і старой фарбы, другія абклейваюцца, а пасля ізноў абдзіраюцца, а трэція наадварот абклейваюццаі атынкоўваюцца! Такая логіка працы ў сістэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны?