Гарадзенцы чыталі і танчылі каля Новага Замку

Не ўсе гарадзенцы ведаюць, што за Новым замкам ёсць вельмі прывабны яблыневы сад. Адсюль адкрываецца выдатны від на Нёман і ваколіцы. Спецыялісты абласной навуковай бібліятэкі імя Карскага вырашылі скарыстацца добрым надвор’ем і добрым месцам ды зладзілі для кнігалюбаў адмысловы пікнік. А былая каралеўская рэзідэнцыя толькі дадавала атмасфернасці.

 

У  нядзелю, 2 жніўня, у яблыневым садзе можна было пачытаць кнігі з фондаў бібліятэкі – яны былі на любы густ. І фанастыка, і гістарычная літаратура, і гумарыстычная, і класічныя творы, і часопісы.  Кожны прысутны мог выбраць тое, што падабаецца і, утульна ўладкаваўшыся каля дрэваў, пагрузіцца ў свет твораў любімых аўтараў.

Таксама можна было памяняцца кнігамі і часопісамі – быў арганізаваны буккросінг. Гарадзенцы з радасцю скарысталіся гэтай магчымасцю. Каля спецыяльна гастоліка часам было не праціснуцца, а людзі ўсё неслі новыя кнігі ды часопісы.

 

–  Гэта ж мой любімы Заля! – дзяўчына схапіла кнігу, якую толькі што прынес на  буккросінг сталы гарадзенец. – Я даўно хацела пачытаць “Пастку”, вось і нагода!

 

Дзяўчына адразу забрала кнігу, а каля стала зноў сабраўся невялічкі натоўп.

 

Акрамя чытання на пікніку можна было пагуляць у настольныя гульні ды патанчыць. Сябры гарадзенскай  “Суполкі традыцыйнай культуры” зладзілі ў рамках пікніка адмысловую этнавечарыну. Яны арганізвалі беларускія танцы ХІХ стагоддзя пад жывую музыку.

Спачатку прысутныя трохі саромеліся выходзіць танчыць разам з прафесіяналамі, але маладыя людзі хутка ўсіх навучылі немудрагелістым рухам. І ўжо амаль усе прысутныя ліха танчылі пад дрэвамі ды вадзілі карагоды.  Да месца прыйшліся і традыцыйныя беларускія гульні.

 

Арганізатары не выключаюць, што такія пікнікі стануць традыцыйнымі, бо лета яшчэ не скончылася, а наперадзе амаль цэлы жнівень. Сіноптыкі абяцаюць, што ён будзе сонечны і цёплы. Чаму б не скарыстацца такой магчымасцю і не пачытаць на свежым паветры ў добрай кампаніі?

 

Фота Вольгі Мілавай