«Крытычная маса» супраць ДАІ
Мэта звычайнай «Крытычнай масы» – спакойнае і паважлівае адстойванне «правоў веласіпедыстаў», засваенне гарадской прасторы, жаданне дамагчыся нармалёвай веласіпеднай інфраструктуры – дарожак, спецыяльных стаянак і інш.
Асаблівасць апошняй акцыі ў тым, што веласіпедысты выступалі супраць… акцыі ДАІ. Нагадаем, што акцыя ДАІ праводзілася з 10 па 31 ліпеня. Інспектары адзначалі, што аматары веласіпедаў часта грэбуюць правіламі бяспекі і самі правакуюць ДТЗ.
Распаўсюджанай памылкай веласіпедыстаў з’яўляецца рух па праезджай частцы пры наяўнасці тратуара. За парушэнне правіл дарожнага руху веласіпедысты могуць быць прыцягнутыя да адміністратыўнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры да 0,5 базавай велічыні. Веласіпедысты напісалі ліст начальніку ДАІ і сабралі подпісы з патрабаваннем дазволіць перасоўвацца па праезджай частцы.
Мы правялі апытанне і прыйшлі да выніку, што не падабаецца веласіпедыстам у гэтай акцыі ДАІ: бардзюры занадта высокія для веласіпедаў, пешаходы паводзяць сябе непрадказальна, веласіпеды часта ламаюцца ад скачкоў.
А вось варыянтаў рашэння задачы шмат: пабудаваць веласіпедныя дарожкі, стаянкі, усталяваць светлафоры, зрабіць з’езды з тратуараў. У прыклад бяруць Польшчу, дзе нядаўна адбыўся старт Міжнароднай велагонкі. Там ёсць поўная веласіпедная інфраструктура.
Але некаторыя веласіпедысты сцвярджаюць, што вінавата не ДАІ, а правілы дарожнага руху: фармулёўка пункту 148 дазваляе веласіпедыстам і «даішнікам» тлумачыць яе сабе на карысць. Напрыклад Ігара Лапеху аштрафавалі за рух па дарозе, а не па тратуары. Але Ігар адмовіўся аплочваць штраф. Ён тлумачыць, што тратуар – гэта самая небяспечная зона для веласіпедыста. І напісаў ліст у ДАІ з просьбай растлумачыць сітуацыю. Адказ не задаволіў Ігара, і ён збіраецца звяртацца ў суд.
Напрыканцы я хачу прывесці цытату аднаго з веласіпедыстаў: «Дарожна-транспартныя здарэнні ў асноўным адбываюцца з аўтамабілямі, так давайце забаронім іх рух і ДТЗ знікнуць. Сапраўды гэтак жа спрабуе паступіць і ДАІ, толькі ў дачыненні да нас».