Замест рынку – новы гандлёвы цэнтр

Аб тым, што Грандзіцкі рынак зменіцца, стала вядома некалькі месяцаў назад, калі на адным з паседжанняў аблвыканкама, губернатар вобласці раскрытыкаваў яго цяперашні стан: у цэнтры гораду, на адной з самых прэстыжных вуліц Гродна можна назіраць адкрытую карціну з жыцця рэчавых рынкаў 90-х гадоў мінулага стагоддзя.

 

Шчыльна прымыкае да рынку будынак кампаніі «Мока», у якім зараз размяшчаюцца ўніверсам, гандлёвы цэнтр і аднайменнае кафэ. Менавіта гэтая кампанія і зоймецца рэканструкцыяй Грандзіцкага рынку. Новы гандлёвы цэнтр «Мока» размесціцца на тэрыторыі двух будынкаў – наяўнага гандлёвага цэнтра «Мока» (вул. Горкага, 53), прылеглага да яго будынку (вул. Горкага, 53А), якое было выкуплена на аўкцыёне, а таксама на большай частцы Грандзіцкага рынку.

 

Планы рэканструкцыі рынку ўжо выклікалі незадаволенасць з боку прадаўцоў. Бо акрамя пенсіянераў і жыхароў бліжэйшых вёсак, якія гандлююць на рынку прадукцыяй сваіх прысядзібных гаспадарак, на рынку ёсць і сучасныя павільёны, якія з’явіліся год-два таму назад. Кошт такіх павільёнаў – тысячы даляраў, а іх лёс пасля будаўніцтва новага гандлёвага цэнтру не вядомы. Пры гэтым некаторыя з павільёнаў былі пабудаваныя літаральна некалькі месяцаў назад.

 

Ці прапануюць прадпрымальнікам перанесці свой бізнэс у новы гандлёвы цэнтр на палёгкавых умовах? Ці пагодзяцца прадаўцы сыйсці на час будаўніцтва ў незапланаваны адпачынак? Гэтыя пытанні застаюцца адкрытымі.

 

Падобная сітуацыя паўстала нядаўна з рынкам на Фартах, дзе кампанія-ўладальнік гандлёвага дому «Няміга-Фаварыт» збіраецца пашырыць свой бізнэс за кошт ліквідацыі рынку ў цяперашнім яго стане. Прадаўцам з рынку было прапанавана пераехаць у новы гандлёвы цэнтр. Не ўсе з гандляроў згодны з такой прапановай.

 

Па інф. Grodno.BIZ Фота Яраслава Васілеўскага