Старыя гарадзенскія могілкі. Частка І

Ёсць яшчэ могілкі на Аўльсе і могілкі па прашпекце Касманаўтаў, але ў параўнанні з астатнімі яны “маладыя” і не такія цікавыя.

 

Могілкі гэта своеасаблівы горад, толькі мёртвы, дзе назаўсёды спачываюць усе гараджане: ад самых паважаных і важных людзей места да звычайных незаўважных грамадзян. Не здарма ж могілкі называюць горадам мёртвых, або некропалем.

 

Важным паказальнікам павагі да гістарычнай спадчыны і павагі да продкаў з’яўляецца знешні выгляд і стан могілак. Могілкі для сучаснага грамадства гэта не толькі месца памяці, яны нясуць і культурна-мастацкую каштоўнасць. Разнастайнасць помнікаў розных стагоддзяў, надпісы на іх, агароджы, скульптуры – усё гэта таксама з’яўляецца крыніцай для гісторыкаў і мастацтвазнаўцаў.

 

Сучаснае беларускае грамадства сутыкаецца з вялікай праблемай – занядбанасцю старых могілак. Многія помнікі з часам выглядаюць ужо не так прывабна, як раней. Яшчэ адна вялікая праблема шматлікіх могілак – вандалы. На жаль, і нашыя гарадзенскія старыя могілкі не абмінула такая праблема.

 


 

Малады гісторык Сяргей Герман, які цікавіцца гісторыяй старых гарадзенскіх могілак, расказаў пра выпадак, заўважаны ім падчас вандроўкі па каталіцкіх могілках на Антонава:


“Малады чалавек, скарыстаўшыся тым, што зямля асела і ўтварылася дзірка ў склеп, залез у пахаванне, адсунуў крышку труны і скраў адтуль чэрап. Зараз гэтая магіла знаходзіцца не ў самым добрым стане ў параўнанні з мінулым годам. І гэта толькі адзін са шматлікіх прыкладаў, калі чалавек рукамі разбурае апошні прыстанак. Шмат жа пахаванняў разбураецца ад таго, што да іх рукі чалавека не даходзяць”.

 

Гэта не адзіны такі выпадак у нашым горадзе. Можна ўзгадаць будоўлю спартовага комплекса “Нёман” на месцы старых габрэйскіх могілак, дзе падлеткі, пралезшы на тэрыторыю будоўлі, кралі адтуль косткі і потым імі забаўляліся, гулялі ў футбол чарапамі.

 

Зараз створана грамадская ініцыятыва неабыякавых гараджан па ўнясенні праваслаўнага і каталіцкага некропалей па вуліцы Антонава ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі. Але гэта наўрад ці спыніць разбурэнне, хіба толькі яго запаволіць.