ААН прагназуе выміранне беларусаў

|

У дакладзе Арганізацыі аб’яднаных нацый гаворыцца, што з-за нізкага ўзроўню нараджальнасці скароціцца колькасць насельніцтва еўрапейскіх рэгіёнаў, уключаючы краіны былога СССР, такія як Літва, Латвія, Малдова, Украіна і Беларусь, піша Заўтра тваёй краіны.

 

Па прагнозах, да 2030 года ў нашай краіне будзе ўжо менш 9 млн жыхароў, а да 2050 года – 8.125.000.

 

Мэта Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі на 2011-2015 гады – стабілізацыя колькасці насельніцтва на ўзроўні 9,44-9,45 млн чалавек і забеспячэнне пераходу да дэмаграфічнага росту. Мяркуючы па дадзеных Белстата, мэта-мінімум дасягнутая. Засталося дачакацца росту. Калі ён здарыцца, Беларусь стане краінай-выключэннем ва Усходняй Еўропе.

 

Аднак беларускія сацыёлагі не лічаць, што трэнд на дэпапуляцыю магчыма змяніць. Хоць сярод краін Еўропы выключэнні вядомыя: Францыя, Скандынавія. Але ў Францыі, напрыклад, павышэнне нараджальнасці дасягнута за кошт арабскага і афрыканскага насельніцтва.

 

Малая працягласць жыцця з’яўляецца яшчэ адной балючай кропкай у дэмаграфічнай сітуацыі Беларусі. Як адзначаецца ў дакладзе ААН, сярэдняя працягласць жыцця ва Усходняй Еўропе ў цэлым адстае ад узроўню ў астатняй частцы Еўропы. Сярод аўтсайдэраў названыя Беларусь, Малдова, Расія і Украіна.

 

У 2014 годзе ў Беларусі чаканая працягласць жыцця пры нараджэнні склала 73,2 года супраць 72,6 года ў 2013-м. Чаканая працягласць жыцця мужчын – 67,8 года супраць 67,3 у 2013 годзе, жанчын – 78,4 (77,9).

 

Паводле прагнозу ААН, у 2015 годзе чаканая працягласць жыцця ў развітых краінах можа скласці 78 гадоў, у развіваючыхся краінах – 68 гадоў. Народжаныя ў 2045-2050 гадах змогуць пражыць 83 гады ў развітых краінах і 74 гады ў развіваючыхся.

 

Безумоўна, за лідэрамі ўгнацца вельмі няпроста. Напрыклад, у іх не было жорсткага ўздзеяння на працягласць жыцця сацыяльных катаклізмаў, як на постсавецкай прасторы. За 20 гадоў з 1990 па 2010 год у Беларусі працягласць жыцця не павялічвалася, а наадварот, памяншалася. У той час як краіны Заходняй Еўропы паказчык толькі паляпшалі. Напрыклад, у Аўстрыі за гэты перыяд жыць сталі даўжэй на пяць гадоў.