Валанцёр, які дапамагае бежанцам з Украіны: Мне ўсё роўна, хто за які бок, я не хачу, каб там гінулі дзеці
Віктар (імя змененае) – звычайны чалавек, які працуе на прыватнай фірме, мае жонку і дваіх дзяцей. “Калі пачаўся канфлікт ва Украіне, то я не падтрымаў ні адзін з бакоў. Я вельмі веруючы чалавек, таму не прымаю ўвогуле такія канфлікты. Людзі павінны шукаць паміж сабой паразумення”, – упэўнены наш суразмоўца.
Віктар вырашыў па магчымасці дапамагаць украінцам, якія аказаліся ў бядзе. “Спачатку я звярнуўся ў “Чырвоны крыж”, думаў, там дадуць нейкія парады і можна зрабіць пасведчанне сябра арганізацыі. Але ўсё было не так проста: як аказалася, там шмат бюрактарыі. Вырашыў знайсці аднадумцаў і з імі збіраць лекі, ежу, рэчы, каб перадаваць ва Украіну. Але ізноў узнікла праблема: хто гэта ўсё туды завязе?
Мая жонка была супраць гэтай ідэі, хвалявалася за мяне, сварылася, але потым усё ж такі зразумела, што для мяне гэта важна. Я проста ў адзін дзень узяў усё, што назбіралі, звязаўся праз інтэрнэт з аднадумцамі, паклаў у свой стары “ўніверсал” усю “гуманітарку” і паехаў ва Украіну праз Расію. Мне без розніцы, хто за які бок, я не хачу, каб там разбураліся сем’і і гінулі дзеці”, – тлумачыць Віктар.
“Першы раз я вазіў “гуманітарку” праз Расію. Там, калі кажаш, што едзеш з гуманітарнай дапамогай у ДНР альбо ЛНР, ніхто табе не стварае перашкод. Ехаў першы раз па навігатару, а ў Растове-на-Дану пазнаёміўся ў кавярні з людзьмі, якія ехалі з такой жа мэтай, толькі з Расіі. Вось тады мы аб’ядналіся, прыехалі на месца і перадалі “гуманітарку”. Затрымлівацца я не стаў, бо было вельмі страшна, і хутка рушыў назад.
Вярнуўся дадому ізноў тым жа шляхам, страшна было, па прыезду жонка ў мяне заўважыла некалькі сівых валос. Спаў цэлыя суткі, потым пайшоў у царкву да споведзі. Не ведаў, ці правільна раблю. Праз некаторы час, звязаўшыся з аднадумцамі, вырашыў ужо завезці гуманітарную дапамогу на супрацьлеглы бок, але там спачатку казус атрымаўся: праўкраінскія хлопцы прынялі мяне за кагосьці іншага і я нават атрымаў пад вока, але потым папрасілі прабачэння, калі ўбачылі ў багажніку тушонку, печыва, лекі і адзенне, нават абедам накармілі. Не хацелася мне тады канешне есці абед пасля такога “цёплага” прыёму, але баяўся адмаўляцца”, – працягнуў своё расповяд наш суразмоўца.
З таго моманту і пачалася яго актыўная дзейнасць па дапамозе ўкраінскім бежанцам. “Калі разгрузіў машыну і сабраўся ехаць назад, мяне папрасілі ўзяць у Беларусь мясцовую жанчыну з маленькай дзяўчынкай. Я не адмовіўся, прыехалі мы ў РБ, як і што было – не магу расказаць, ёсць свае сакрэты. Пайшлі ў “Чырвоны крыж”, зарэгістравалі іх, звярнуліся таксама ў консульства Украіны. Зараз жанчына мае працу, а дзяўчынка наведвае дзіцячы садок. Потым усё ж такі “Чырвоны крыж” мне выдаў пасведчанне, і я перастаў баяцца нейкіх наступстваў ад сваёй дзейнасці. Некалькі разоў я знаходзіўся там з місіяй ад “Чырвонага крыжа”, праўда, ізноў жа – на сваім старым аўто. Дапамагаў перабірацца бежанцам, тут пастаянна тэлефаную ім, наведваю, дапамагаю чым магу. Некаторых стараюся ўладкаваць на працу, хоць і нізкааплочваемую”, – расказвае Віктар.
Бежанец з Украіны: П’яны беларус спрабаваў пабіць мяне, пачуўшы ўкраінскую мову
Апошнім часам у Гродне ўсё часцей здараюцца выпадкі, калі папрашайкі на вуліцах прадстаўляюцца бежанцамі з Украіны і просяць грошы. “Сапраўды, былі і ў нашай практыцы такія выпадкі, калі чалавек сюды прыехаў, а замест таго, каб пайсці хаця б у калгас на працу альбо проста на знакаміты “парапет”, ён ходзіць з пасведчаннем бежанца і выпрошвае грошы, а потым іх прапівае. Але самае страшнае, калі чалавек стварае нейкі сайт для дапамогі пацярпелым ад вайны, а потым грошы, якія пералічылі туды неабыякавыя людзі, пачынае спускаць на сябе. Калі з’яўляюцца падобныя махінатары, якія самі ж прыехалі з мэтай схавацца ад вайны – гэта ганебна”, – упэўнены наш суразмоўца.
Зараз ён не можа сказаць дакладна, ці будзе і далей працягваць дапамагаць бежанцам. “Калі я пачынаў, то ў мяне пайшло вельмі шмат сваіх уласных сродкаў, якія з жонкай адкладвалі на чорны дзень. Зараз, калі дапамагае “Чырвоны крыж”, уласных затрат стала значна менш. Мне так падаецца, што я ўжо выканаў сваю місію перад Богам і сваім сумленнем, буду хутчэй за ўсё дапамагаць тым бежанцам, якія перабраліся ў Гродна. Ды трэба прысвяціць час сваёй сям’і, бо за апошнія 6 месяцаў вельмі моцна сапсаваліся стасункі з жонкай і дзецьмі”, – рэзюміраваў Віктар.