Тыповая Горадня. Перадгісторыя
Горадня, напэўна, адзін з нешматлікіх гарадоў Беларусі, у якім захавалася багатая разнастайнасць архітэктурнай спадчыны, пакінутая нам продкамі цягам амаль тысячагадовай гісторыі. Да нашых дзён захаваліся аб’екты:
ХІІ ст. – Барысаглебская царква, руіны “Ніжняй” царквы і княскага церама,
мяжы XIII-XIV ст. – рэшткі “Верхняй” царквы,
мяжы XIV-XV ст. сцены замка Вітаўта,
XVI ст.- палац Баторыя, сінагога, кляштар Св. Духа, касцёл бэрнардынцаў,
XVII ст. – кляштар Брыгітак, кляштар Езуітаў, палацы Масальскіх, Сапегаў (бровар, “Батораўка”).
Рэшткі замкавай драўлянай забудовы XII-XIV ст.
Дастаткова шырока рэпрэзентаваная эпоха развітага барока і класіцызму XVIII ст: сеймавы палац, кляштары францішканаў, дамініканаў, кармелітаў, бызыльянаў, палацы магнатэрыі на вуліцах Замкавай, Савецкай, Ажэшкі, комплекс Гарадніцы Тызенгаўза. Вядома, і ў тыя часы пералічаныя будынкі з’яўляліся ня звыклымі – усе яны былі ўзведзеныя для эліты: палітычнай, эканамічнай, духоўнай.
Дамы нямецкіх рамесьнікаў XVIII ст. на вуліцы Раскоша (Ажэшкі)
Тыповае будаўніцтва тыповых гарадзенцаў, паколькі было драўляным, папросту не захавалася да нашых дзён: амартызацыя, стыхійныя бедствы. Што тычыцца лямуса на падворку Брыгідскага кляштара, наўрад ці такі мог быць у валоданні тыповага гарадзенца XVII ст.
Хоць нейкае ўяўленне аб тыповым жыллі тых эпохаў мы можам мець дзякуючы археалогіі. Падчас ракопак на гарадзенскім замку было выяўлена больш за 20 будаўнічых напляставанняў з рэшткамі драўляных пабудоў XII-XIV ст., хатак памерам з кухню ў хрушчоўцы. Фахвэркавая Горадня XVI ст. прадстае нам на малюнку Адэльгаўзэра, праўда, няма пэўнасці, ці былі гэтыя будынкі жыллём тыповых гарадзенцаў. Нават “басняцкія” дамкі на вуліцы Ажэшкі няслушна лічыць стандатным гарадзенскім жыльлём.
Фахвэркавая забудова XVI ст. пазамкавага Падолу
Тыповая Горадня XVIII-XIX ст, якая істотна знікла праз пажар 1885 г., знаная нам з малюнкаў Н. Орды, зблытае тыя домікі ад шматлікіх хатак, раскіданых і цяпер па гарадзенскім “Шанхаі”. Узведзеныя пасля Вялікага пажара камяніцы прадстаўляюць сабой пераважны аб’ём цаглянага будаўніцтва ў гістарычным цэнтры.
Уладальнікі надзелаў у Горадні былі асобамі рознага дастатку, таму будаваліся такія дамы ў розных мастацкіх асаблівасцях, розных габарытаў. І ўсё ж асноўная маса – гэта якраз адна-двухпавярховыя камянічкі, пазбаўленыя нейкіх істотных дэкораў. Найпрасцейшыя дамкі належалі найшматлікаму насельніцтву тагачаснай Горадні – жыдам. “Wasze ulice – nasze kamienice” – выраз, які быў штодзённасцю і тычыўся таксама такіх звыклых камяніцаў. Значная частка жыдоўскіх кварталаў была знішчаная апошняй вайной, пазней савецкімі перапланаваннямі. І ў нашыя часы жыдоўскія камянічкі спазнаюць экскаватарнага каўша… “Яны не паддаюцца рэстаўрацыі, паколькі будаваліся наспех на незаглыбленых фундаментах і з цэглы, сабранай з руінаў спаленай у 1885 годзе Горадні”, сцвяджаюць сучасныя рэканструктары. Усё часцей на месцы гэтых дамкоў паўстаюць навабуды з буйнапамерных сілікатных блокаў, якія ня столькі паўтараюць, колькі сурагатна імітуюць сваіх папярэднікаў. Такім чынам і аўтэнтыка губляецца, і цікавых прыкладаў сучаснай архітэктуры не з’яўляецца…
1-2-павярховыя папажаравыя жыдоўскія камяніцы мяжы ХІХ-ХХ ст.
У міжваенны час горад пашыраўся дзякуючы раёнам прыватнай забудовы: Залатая Горка, раён ураднікаў на вул. Лермантава, Палестына, Агароды, Пагулянка. Па праўдзе, збольшага жылыя драўляныя хаты цяжка адрозніць ад такіх жа ў далучаных да горада вёсак. А менавіта такія хаты і ёсць тыповым будаўніцтвам міжваеннага часу.
Драўляныя хаты Залатой Горкі
Адразу пасля вайны горад мала пашыраўся. Нягледзячы на тое, што значная частка цэнтру Горадні (раён між Маставой і Сацыялістычнай) была знішчаная, заставалася шмат непашкоджаных, але пакінутых дамоў – асноўныя дамаўласнікі, жыды, былі фізічна вынішчаныя, апроч таго каталіцкае насельніцтва імкліва выязджае рэпатрыянтамі з “Савецкага Раю” ў ПНР. Жылы фонд тагачаснага горада актыўна засяляецца прыбылай з усходу новай савецкай палітычнай, вайсковай, культурнай і інтэлектуальнай элітай, якая між іншым істотна спрычынілася да татальнай русіфікацыі Горадні. Такім чынам, можна сцвердзіць, што і па сённяшні дзень гістарычны цэнтр у значнай ступені заселены нашчадкамі некарэннага насельніцтва.
Насельніцтвам з Панёмання Горадня пачала засяляцца значна пазней, у эпоху шырокамаштабнай індустрыялізацыі заходнебеларускіх гарадоў, з пачатку 1960-х гадоў. Будаваліся новыя прамысловыя гіганты, горад патрабаваў новых рабочых рук.
Горад пачаў напаўняцца свежым насельніцтвам, якое масава прыбывала са шматлікіх вёсак заходняй часткі Гарадзенскай вобласці. Нашчадкі менавіта гэтых вяскоўцаў складаюць асноўную частку насельніцтва Горадні, раскіданыя па мікрараёнах Фарты, Пярэселкі, Дзевятоўкі, Шчорса, Вішняўца, Купалы, Суворава, Сав. Памежнікаў, Фолюша і інш. Многія з іх і па сённяшні дзень падсвядома не ўрбанізаваліся, з’яўляючыся носбітамі вясковай, нават сялянскай культуры – чаго вартае адное атаясамленне цэнтра горада з уласна горадам: “Еду ў горад” (напрыклад, з Дзевятоўкі).
Асабліва трагічным для будаўніцтва нацыянальнай ідэнтычнасьці гарадзенцаў зрабілася сляпое капіяванне новапрыбылымі вяскоўцамі (правінцыяламі) культуры, а асабліва мовы гараджанаў (цывілізаванай эліты). І сёння сярод жыхароў цэнтра можна сустрэць рускамоўную бабулю, а трасянкамоўных маладзёнаў – сярод жыхароў ускраінных мікрараёнаў.
Сучасная імітацыя адбудовы стогадовых камяніц
Жывуць гэтыя прадстаўнікі карэннага насельніцтва Панёмання ў паваенных дамах, якія як правіла не маюць нейкіх мастацкіх адметнасцяў. Гэтыя шматпавярхоўкі не істотна адрозніваюць Горадню ад іншых як беларускіх, так і навогул постсавецкіх гарадоў. Усе гэтыя дамы збудаваныя паводле тыпавых праектаў, распрацаваных у Маскве, Мінску, радзей у Горадні. Завітваючы ў кватэры гэтых дамоў, часта мы загадзя ведаем унутраную планіроўку, можам прадбачыць нават расстаноўку мэблі.
І ўсё ж, нягледзячы на відавочную прэснасць архітэктурных рашэнняў гэтых дамоў, кварталы за паўстагоддзя паспелі абрасці цікавымі архітэктурнымі і планіровачнымі дэталяміі і нават сваёй унікальнай гісторыяй. Мы вырашылі распачаць цыкл матэрыялаў, прысвечаных мінуламу і сучаснаму гэтых мікрараёнаў, у якіх пражывае пераважная частка гараджанаў, тыповых гарадзенцаў. Чытайце у бліжэйшы час.