“Записки идеалиста” – выйшаў новы альбом гарадзенскага хіп-хопера Counter-Culture

Творца сур’ёзна займаецца музыкай з 2010-га года. За гэты час ён паспеў паўдзельнічаць у некалькіх праектах, запісаць 6 альбомаў, прыняць удзел у канцэртах і фестывалях Расіі, Украіны, Грузіі і Беларусі і стварыць сабе стабільную аўдыторыю слухачоў. Музыка займаецца творчасцю, прытрымліваючыся прынцыпаў DIY (Do It Yourself). Сам піша тэксты, музыку, запісвае песні дома, самастойна зводзіць і самастойна іх прасоўвае.

 

Альбом “Записки идеалиста” адпавядае характарысцы, што дае сам творца: “Гэта сапраўды сумны субкультурны рэп”, – і гэта адчуваецца на працягу праслухоўвання кожнай песні.

 

Развіццё музыкі відавочна. Якасць запісаў у параўнанні з мінулымі рэлізамі значна вышэйшая, тэксты эвалюцыянуюць, губляюць юнацкі запал. Трэкі ў новым альбоме насычаны крытыкай капіталістычнай сістэмы, субкультурнай тусоўкі і сучаснага грамадства ўвогуле. Самае цікавае, што адначасова з’яўляецца праблемай, гэта тое, што каб зразумець тэксты Counter-Culture, трэба падумаць. У выніку, пасыл не даходзіць, часам, нават да тых, каму адрасаваўся. Тым не менш, канструкцыя з пошуку свабоды, пратэсту, утапічнай мары і крытычнага стаўлення да свету раскрываецца добра.

 

Прапануем пачытаць інтэрв’ю з музыкам і паслухаць песні з новага альбома.

 

 

Напрацягу ўсяго альбома адчуваецца нейкая гісторыя і нейкі пасыл. Што ты хацеў данесці – бессэнсоўнасць барацьбы, маркетынг у сучасным пратэсце?


Ну так, пасыл ёсць. Данесці хацелася, што зусім не ўсе ў анархісцкім DIY-руху белыя і пухнатыя, як часта думаюць (ва ўсялякім выпадку тыя, хто спачувае). Звонку можа скласціся ўражанне, што гэтая альтэрнатыва рэальна працуе. Штосьці там пастаянна адбываецца, кіпіць жыццё, квітнее нізавая самаарганізацыя і ўнутрысупольная салідарнасць. Насамрэч, часта гэта аказваецца звычайнай субкультурай, дзе на цябе могуць крыва паглядзець, калі ты, напрыклад, не так апрануты, або не весялішся на канцэрце, або проста надта сумны – да за што заўгодна! Гэты рэліз –  лямант ў пустыні, як бы пафасна гэта не гучала.

 

Раскажы пра альбом, як ты сам яго бачыш?


Я не асаблівы мастак закручваць сюжэты, таму ўсё на далоні, як па мне. Прасочваецца выразная лінія крытыкі (у тым ліку самакрытыкі) сучаснай левацкай тусоўкі ад левака ж. Ідэя “свабоды” – цэнтральная. Пры чым раскрываецца яна, часцей, у негатыўным аспекце, акрамя трэка “Музыка”, тэкст якога адзін мой сябр ахарактарызаваў як “казачны”. Ратаванне быццам бачыцца ў гукавых вібрацыях, якія аб’ядноўваюць людзей і даюць ім магчымасць на імгненне забыць аб нормах і субкультурах, якія іх скоўваюць і проста весяліцца, быццам царства свабоды, да якога яны намінальна імкнуцца, ўжо надыйшло. Але гэта самападман.

Ёсць месца і для іроніі (“Последняя”), і для горычы (“Final Fantasy”, “Трещина”), і для экзістэнцыянальных матываў (d u a l i z m), і для сацыяльшчыны (“Не замечать”, кавер “Пяшчота”). Але цэнтральная ідэя, па-мойму, адна – паказаць унутраныя перажыванні чалавека, які ва ўсім гэтым варыцца і метафізічна паўстае, не прымаючы тое, што яму падкінулі замест абяцанай свабоды.

 


Па стылі альбом у асноўным хіп-хоп, але ў ім ёсць мінімум адна песня ў стылі панк-рок – “В наших руках”. Ці не было ў цябе калі-небудзь жадання стварыць панк-гурт?


Жаданне было і гурт быў. Называўся “Where is my dinner?” і гралі мы дзіўнаваты панк-рок з незвычайнымі для гэтага жанру песнямі. Але, з-за ўнутраных супярэчнасцяў, нам давялося разыйсціся. Альбом, праўда, запісалі на Ultra Pultra records у гэтым годзе. А песня – я б не сказаў што гэта чысты панк і –  яна добра атрымалася. Проста захацеў паэксперыментаваць. Увогуле, я хацеў бы граць штосьці такое, дзе панк і рэп арганічна спалучаліся б.

 

Чаму ты вырашыў заняцца менавіта хіп-хопам?


Усё пачалося ў далёкім 2010-м годзе ў маленькім горадзе Бярозаўка Лідскага раёна, калі я дарэмна намагаўся знайсці кампаньёнаў для сумеснага музіцыравання. Тады зразумеў, што на бліжэйшыя пару гадоў пра панк-рок варта забыць. Нават сябры, з якімі я праводзіў дзяцінства, слухаў альтэрнатыўную рок-музыку і марыў, як і яны, сабраць свой гурт, пачалі пераўтварацца ў хіпстэраў або пафігістаў, за некаторым выключэннем. А мяне тады распірала. Да таго ж, акрамя хардкор-панку, які я тады вельмі любіў, я пачаў слухаць Noize MC і Валгаградскага рэпера missis Garrison. У першага я запазычыў імкненне змешваць рок і панк, у выкананні другога я быў закаханы ў прастэчу мінусаў і арыгінальнасць тэкстаў. Яшчэ адна прычына – рабіць рэп заўсёды прасцей, бо з гуртом не заўсёды атрымліваецца абыйсціся без кампрамісаў, на якія я тады (ды і зараз) ішоў неахвотна.

 



Як ты запісваеш свае песні?


Вельмі проста пішу – звычайна, калі ёсць прэцэдэнт нейкі. Рэдка атрымліваецца пісаць штосьці без штуршка знутры. А мае DIY прынцыпы нічым не адрозніваюцца ад класічных у музыцы: тэксты пішу сам, музыку або сам, або пазычаю з незалежных крыніц, запісваю сам, апрацоўваю сам. Усё гэта пад чорна-чырвоным сцягам, некамерцыйна. Што атрымліваецца – бачыце самі. Я лічу, яшчэ расці і расці.

 

Твая аўдыторыя   – гэта хто?


Ну яўна не рэперы. Нават панкі слухаюць неахвотна. З красцераў многія слухаюць. А ўвогуле я не магу сказаць напэўна. У мяне не было сольных канцэртаў. Паўсюль, дзе я выступаў, акрамя мяне яшчэ было шмат гуртоў, дзеля якіх, напэўна, гэтая аўдыторыя і прыходзіла.

 

Чым ты натхняешся, калі ствараеш музыку?


Жыццёвыя сітуацыі пхаюць. Яно ж (жыццё) і натхняе. Сэнсуалізм чыстай вады. Што закранула за жывое – пра тое і пішу. Апошні час усё радзей хочацца гэта рабіць. Жыццё цячэ, а закранаюцца ўсё тыя ж рэчы. Паўтарацца не хочацца.

 

 

Раскажы пра свой музычны густ. Што ты сам слухаеш?


Мае любімыя музычныя жанры: панк-рок і хіп-хоп, а таксама амаль усе, што з іх выходзяць. Збольшага слухаю рускамоўную музыку, але абажаю ўвесь класічны амерыканскі хардкор 80-х. Калі канкрэтна па гуртах, то вось маё любімае па рэпу: Anacondaz, ранні Noize MC, Missis Garrison, макулатура, ночные грузчики, эхопрокуренныхподъездов, kommunikaция (творчасць апошняга вельмі блізкае мне па духу). А з панка вельмі люблю старую гарадзенскую сцэну (асабліва deVIAtion і КальЯн) і вельмі шмат выканаўцаў з краін былога саўка: Ricochet, Операция Пластилин, Оh, deer!, I Know… Абмяжуюся тым, што зараз у плэеры пастаянна, бо доўга ўсё пералічваць.

 

Дзе можна будзе цябе пачуць з новай праграмай? Ці будуць хутка твае канцэрты ў Гродне?


Ну, тут не да мяне пытанні. Я ніколі не адмаўляўся выступіць, калі мог. Калі арганізатары запросяць –  тады і можна будзе пачуць. У Гродне не так даўно быў канцэрт, у якім я ўдзельнічаў. Можа быць, да канца года што-небудзь арганізуецца, паглядзім. А так усё часцей клічуць ва Украіну… Там крыху сітуацыя іншая ў стаўленні да гэтага, мне здаецца. Не думаю, што пісаў бы такія песні, як на апошнім рэлізе, калі б жыў там.

 

Якія планы на будучыню?


Усё вельмі няпэўна. Хацелася б усё-ткі паспрабаваць яшчэ раз сабраць жывы гурт. Здаецца, з’явіліся зацікаўленыя людзі, якія хацелі б граць альтэрнатыўны рэп. Не ведаю праўда, наколькі гэта будзе падобна на контр-культуру, хутчэй за ўсё будзе адрознівацца значна. А новы альбом сольны не ведаю калі абяцаць. Я не навамодны абстрактны рэпер, які выдае ў месяц па тухламу аднастайнаму рэлізу (а то і па два). У мяне неяк гэта ўсё разцягваецца звычайна надоўга. З-за маёй гіперсамакрытычнасці, напэўна, таму што ўвесь час змяняю штосьці ў структуры. Нават на апошнім альбоме павінна было быць крыху больш песен, але з-за ваганняў яны былі адсеяны.