Юрыя Лявонава вызвалілі

|

Вызваленне, якое адбылося 8 жніўня, стала для Юрыя Лявонава нечаканасцю.

Да дому ён дабіраўся аўтаспынам.

Бізнэсоўца вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе на той падставе, што следчыя дзеянні супраць яго скончыліся.

Юры Лявонаў, Мікалай Аўтуховіч і Уладзімір Асіпенка былі арыштаваныя паўгады таму, 8 лютага ў Ваўкавыску. Пазней прадпрымальнікам прад’явілі абвінавачванні паводле артыкула 218 крымінальнага кодэкса( наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці).

Захады праваахоўных органаў супраць сябе і сваіх сяброў Юры Лявонаў лічыць правакацыйнымі, а абвінавачванні надуманымі:

– Абсурднасць абвінавачванняў, на мой погляд, палягае на тым, што я асабіста не знаёмы ні з былым начальнікам РАУСа Кацубам, ні з тым чалавекам, які адбывае пакаранне за падпал ягонага дома. Прычым, судом яго віна цалкам даказана. А мне прад’яўляюць абвінавачванні ў тым, што гэта нібыта я загадаў падпаліць дом. Да таго ж, наколькі я ведаю, Кацуба супраць мяне нічога не мае.

Следчыя дзеянні па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў падоўжаныя.

Не выключана, што пасля гэтага тэрміну справу перададуць у суд, а яшчэ праз паўтара месяцы можа пачацца яе разгляд.

Юры Лявонаў спадзяецца, што да першага судовага паседжання ён застанецца на волі.

Паводле Радыё Рацыя

Фота з сайта http://www.svaboda.org