Ходзяць з раёнкай, шукаюць свіней — чумныя камісіі вярнуліся на Гарадзеншчыну
Ужо больш як год у вобласці не чуваць пра выпадкі захворвання хатніх свіней на афрыканскую чуму, практычна ніякай інфармацыі на гэтую тэму не з’яўляецца і ў мясцовых СМІ.
Тым часам працягвае дзейнічаць пастанова Саўміна № 1057 ад 10 лістапада 2014 году, паводле якой вызначаны першапачаткова 5-кіламетровы радыюс буфернай зоны вакол свінакомплексаў скараціўся. Буферная зона цяпер лічыцца ў радыюсе двух кіламетраў вакол свінагадоўчых фермаў і комплексаў з праектнай магутнасцю больш як 12 тысяч галоў у год, а калі праектная магутнасць менш за 12 тысяч галоў у год, то буферная зона ўсяго паўкіламетра. У такой зоне нельга трымаць свіней у прыватных гаспадарках.
У вёсцы Абухава Гродзенскга раёна буйны свінакомплекс — прыкладна за два з паловай кіламетры ад галоўнай сядзібы гаспадаркі. Шмат хто ў Абухаве зноў пазаводзіў у сваіх прыватных гаспадарках свіней.
Аднак апошнім часам да вяскоўцаў пачалі зноў прыходзіць камісіі з праверкай. Жыхарка Абухава спадарыня Галіна апавядае, што да яе прыходзілі старшыня сельсавету, міліцыянт і яшчэ нейкі чалавек, які не прадстаўляўся.
Менавіта незнаёмы яе папярэдзіў, што калі яна не пазбудзецца свіней, то на першы раз ёй пагражае штраф — 3 мільёны 600 тысяч. Спадарыню абурыла, што сябры камісіі спасылаліся на нейкія забароны, але ніякіх афіцыйных папераў не паказалі.
— Ён мне дастаў нейкі ксеракс з раённай газеты. Я яе не выпісваю і чытаць не чытала. Я, у сваю чаргу, запытала — што гэта за афіцыйная папера, на падставе якой вы патрабуеце, каб я свіней не трымала? Дзе пячатка, дзе подпіс, прычым сінім чарнілам? Калі б я да вас прыйшла з такой паперай, то вы б мяне адаслалі куды далей. Таму і я такіх папераў не прызнаю, бо гэта не дакумент.
Далейшай размовы, паводле спадарыні Галіны, не атрымалася. Папросту паабяцалі выпісаць штраф.
Камісія наведалася і ў суседнія вёскі. У Саволеўцы спадарыня Алена распавяла, што ім таксама загадалі пазбавіцца свіней, іначай будзе штраф.
Спадарыня кажа, што вяскоўцы здзіўленыя з’яўленьнем камісіі, бо ні ў іхняй вёсцы, ні ў навакольных, нават у суседніх раёнах не было чуваць ні пра якія выпадкі афрыканскай чумы. Дарэчы, вяскоўцы не даюць веры, што і пару гадоў таму выпадкі афрыканскай чумы на Гарадзеншчыне сапраўды здараліся.
Паводле іх, улады спецыяльна такім чынам пазбаўляюць іх прыватных гаспадарак, каб людзі нават па вёсках усё куплялі ў крамах. Спадарыня ж Алена кажа, што без сваёй гаспадаркі сям’ю ўтрымаць на вёсцы вельмі праблематычна і свіней яны трымаюць толькі дзеля сваёй патрэбы, а не на продаж.
— Напэўна, у іх са сваім збытам свініны дрэнна, калі яны не даюць жыцця калгаснікам. У нас практычна большая частка вёскі трымае, бо як інакш пражыць? Ну вось я ездзіла ў горад і купіла 2 кг фаршу, сырой шынкі і косці нейкія — аддала 600 тысяч, і гэтага хапіла толькі на тыдзень. А во за садок за адну дачку трэба аддаць 278 тысяч, за хлопца 328 тысяч, дадайце мільён камуналкі, святло, газ, хатні тэлефон…
Спадар Васіль кажа, што пасьля візыту камісіі і пагрозаў ад яе не ведае, што і думаць, бо заробкі малыя і толькі прыватная гаспадарка дае магчымасць пракарміцца самім і дапамагчы дзецям. Распавядае, што свіней у гаспадарцы трымаў заўсёды, так рабілі ягоныя бацькі і дзяды. Кажа, што праз месяц камісія абяцала вярнуцца, але калоць малых яшчэ свіней у яго не падымаецца рука.
— Я і сам не ведаю, што буду рабіць, бо тры мільёны — гэта вялікі штраф для мяне. Я столькі нават не зарабляю, у мяне ў месяц два мільёны, і жонка недзе каля чатырох атрымлівае. Але свіней трэба трымаць, бо як інакш пражыць у вёсцы? Беларус не пражыве без бульбы і сала…
Спадарыня Галіна распавяла, што пасля прыходу камісіі вельмі расхвалявалася, падняўся ціск. І тады вырашыла напісаць ліст у адміністрацыю прэзідэнта. Яна коратка пераказвае змест ліста.
— Я напісала ўсё як было. Што прыходзяць людзі нейкія, не прадстаўляюцца, бо я ведала толькі старшыню сельсавету. Прыходзяць з нейкай выразкай з раённай газеты, тыцкаюць у нос і кажуць, што вось папера і мусіш рэзаць свіней, і пагражаюць штрафам. То я ж пенсіянэрка — і мне яшчэ штраф за тое, што я не іду не краду, а сама на сябе раблю? Запыталася — што тут робіцца, падкажыце, у які бок падацца…
Фота earthtimes.org