Да Дня беларускага пісьменства ў Гродне адбылася вечарына “Адвечнае слова” (ВІДЭА)

 На відэа выступаюць святар Георгій Рой і паэтка Вольга Агапонава

 

На вечарыне выступіў старшы выкладчык ГрДУ Пётр Навіцкі – ён прачытаў лекцыю пра ўсходнеславянскае пісьменства, дзейнасць Кірыла і Мяфодзія, а таксама два віды стараславянскай азбукі: кірыліцу і глаголіцу.

 

Далей выступіў дацэнт Купалаўскага ўніверсітэта Анатоль Брусевіч, які распавёў пра гісторыю беларускай літаратуры ад пачатку і да сённяшняга дня. Выступоўца даводзіў, што беларуская мова з канца XVIII стагоддзя амаль не змянілася, у адрозненні ад моў суседніх народаў.

 

Пасля калянавуковай часткі гасцям прэзентавалі выставу старадрукаў. Яе разынкай стала кніга пад назвай “Цвятнік”. Яе надрукавалі ў гарадзенскай тыпаграфіі ў 1795 годзе. Але самай старай кнігай была “Дыоптрыя” – як адзначыў айцец Георгій, кнігу выдалі ў сярэдзіне XVII стагоддзя.

На гэтым навуковая частка імпрэзы скончылася і пачалася частка літаратурна-паэтычная. Аспірантка ГрДУ і паэтка Вольга Агапонава коратка расказала пра знакамітых беларускіх і замежных пісьменнікаў, а пазней прачытала свае вершы. Пасля яе слова ўзяў паэт і іерэй Свята-Пакроўскага сабору Павел Каспяровіч.

 

Наведвальнікаў на імпрэзе было настолькі шмат, што арганізатарам прыходзілася некалькі разоў дадаваць шэрагі дадатковых крэслаў. Такім чынам у Гродне па-свойму адзначылі свята беларускага пісьменства.