Рэалізм як незвычайная з’ява: Пяць прычын наведаць выставу Марыі Рэдзько

 

1. Сёлета арт-галерэя ”У майстра” даволі часта праводзіць цікавыя персанальныя выставы, таму раю скарыстацца магчымасцю наведаць гэтую маленькую ўтульную галерэю па вуліцы Кірава, 8.

 

2. Берасцейская мастачка Марыя Рэдзько ўпершыню выстаўляецца ў Гродна. Гэта яе дэбют. У сваю чаргу, гарадзенцы таксама яшчэ не знаёмыя з яе мастацтвам. Чаму б не пазнаёміцца?

 

3. Свае карціны да гарадзенскай выставы спадарыня Марыя падбірала адмыслова, каб не паўтарацца. Некаторыя творы прэзентуюцца ўпершыню. Адмыслова для гарадзенцаў.

 

4. На выставе прадстаўленыя рознабаковыя жанры мастацтва: пейзажы, нацюрмоты, партрэты. Усе ранейшыя выставы Марыі Рэдзько былі толькі партрэтныя. Упершыню мастачка вырашыла скамбінаваць свае творы такім чынам, каб гарадзенцы далі рады пазнаёміцца з рознымі накірункамі яе жывапіснага майстэрства.

 

5. Большасць карцін берасцейскай мастачкі – рэалістычныя партрэты. Ужо гэты факт асабіста мяне не пакінуў абыякавым. У часы, калі большасць мастакоў прапаведуе авангард, рэалізм сам па сабе становіцца ў нейкім сэнсе незвычайнай з’явай.

 

Выстава будзе працаваць да 3 кастрычніка.

 

Марыя Рэдзько нарадзілася ў Берасці. Вучылася ў Дзіцячай мастацкай школе (1998-2003), Берасцейскім Дзяржаўным універсітэце (2003-2008), на факультэце жывапісу Берлінскай Вышэйшай школе мастацтваў Вайсэнзее (2008-2009). Выстаўлялася ў Польшчы, Нямеччыне, Вугоршчыне, Харватыі, Швецыі, Беларусі. Працуе ў жанры рэалістычнага партрэту ў тэхніцы алейнага жывапісу.