Першы пайшоў: бясплатны бус у Беласток выехаў з Гродна і не ведае, калі вернецца (ВІДЭА)
Жадаючыя паехаць у шоп-тур пачалі збірацца на вакзале пад платформай 24 за паўгадзіны да ад’езду. Аўтобуса яшчэ не было. Жанчына ў сталым узросце, якая прадставілася Аленай, распавяла, што пра магчымасць бясплатна патрапіць у Беласток даведалася праз інтэрнэт. “Ідэя такіх паездак мне вельмі падабаецца, бо можна набыць патрэбныя рэчы і яшчэ зэканоміць на білетах”, – тлумачыла яна.
Жанчына аргументавала, што ў Польшчы ўсё набываць нашмат танней чым у Беларусі. Таксама пахваліла арганізатараў за зручнасць у рэгістрацыі: “Калі хтосьці адмаўляецца ад забраніраванага месца, то супрацоўнікі фірмы звоняць тым, хто ў рэзервовым спісе”.
Віктар, мужчына сталага ўзросту, адзначыў, што вырашыў скарыстацца з магчымасці бясплатна з’ездзіць у Польшчу, бо надакучыла сядзець у Беларусі: “Вельмі даўно не бачыў Еўропы. Галоўная задача для мяне – з’ездзіць як на экскурсію, а не нешта набываць”. Ён таксама прачытаў пра акцыю ў інтэрнэце і адразу зарэгістраваўся: “Усё проста, трэба падчас рэгістрацыі даць пашпартныя дадзеныя і нумар мабільнага тэлефону”.
У 6.50 пад’ехаў аўтобус, але запаркаваўся не на платформе 24, а каля крамы “Спортландыя”. Гэта аказаўся мікрааўтобус Mercedes на 19 чалавек, які належыць польскай фірме Gaja Express. Адразу можна было зразумець, хто з натоўпу людзей з аўтавакзала едзе на шоп-тур – людзі ледзь не бегам кінуліся туды.
Кіроўца мікрааўтобусу правярае дакументы па спісе, які яму перадала фірма-арганізатар паездкі.
Кіроўца, які прадставіўся Андрэем, як і ўсе едзе ў гэтым рэйсе ўпершыню, таму сказаць нічога не змог. Ён пацвердзіў ранейшую інфармацыю памежнікаў пра тое, што бус не можа разлічваць на праходжанне мяжы без чаргі. Нагадаем, прэс-сакратар Дзяржпагранкамітэта Аляксандр Цішчанка патлумачыў парталу TUT.BY, што без чаргі кантроль праходзяць толькі рэгулярныя пасажырскія міжнародныя маршруты. Паколькі гэты шоп-бус – прыватная ініцыятыва і яго маршрут нідзе не зарэгістраваны, ён будзе праходзіць кантроль у агульным парадку.
Сапраўды, на шыльдачцы няма назвы маршрута, а толькі надпіс “Turystyczny”. Такія аўтобусы заўсёды стаяць у чарзе, у адрозненні ад рэйсавых.
Кіроўца пацвердзіў інфармацыю памежнікаў і дадаў, што не можа назваць дакладны час вяртання ў Гродна: “Усё будзе залежыць ад чаргі на мяжы”.
Роўна ў 7.00 поўны мікрааўтобус развярнуўся на аўтавакзале і рушыў па сваім маршруце.