Нераўназначныя змены

|

Дыплом, які адпавядае…

 

Перамога над трыма кітамі савецкай мадэлі дзяржаўнага кіравання – палітычнай манаполіяй адной партыі, унітарнасцю дзяржаўнай улады і адзінствам дзяржаўнай уласнасці патрабавала карэннай перабудовы, як трэцяга – грамадскага сектара, так і першага – дзяржаўнага; што ж да сферы прадпрымальніцтва, тую і зусім прыйшлося адбудоўваць з нуля. Усё гэта патрабавала новых кадраў: так або інакш, яны па-ранейшаму «вырашалі ўсё». Менавіта таму адной з найважнейшых, на мой погляд, рэформаў стала адукацыйная.

 

Сёння па сканчэнні польскай ВНУ студэнт атрымлівае дыплом, які адпавядае Міжнародным нормам класіфікацыі адукацыі (ISCED). Сама ж адукацыя – ізноў жа, еўрапейскага ўзроўню, абыходзіцца значна танней, чым навучанне па аналагічных праграмах, але ў іншых еўрапейскіх краінах. Некаторыя інстытуцыі, дзе навучанне вядзецца на ангельскай мове, выдаюць нават два дыпломы: польскі і брытанскі. Польскія ўніверсітэты папулярныя і сярод замежнікаў: зараз Польшча займае сёмае месца ў сусветным рэйтынгу па колькасці замежных турыстаў. На мой погляд, таксама шмат у чым дзякуючы рэформам, распачатым у 1989-м.

 

З таго часу ў Польшчы з’явіліся шматлікія прыватныя пачатковыя і сярэднія школы – прыходскія, а таксама «публічныя», дзейнасць якіх часткова аплачваецца з ахвяраванняў; з’явілася нават некалькі новых прыватных ВНУ.

 

Гэты працэс набыў адмысловы размах з 1991 г. Прыватныя ВНУ тады зрабіліся сур’ёзнымі канкурэнтамі ВНУ дзяржаўных, у чым, фактычна, і была галоўная прычына развіцця адукацыі і падвышэння яе якасці. Акрамя таго, гэта падштрухнула муніцыпальныя ўніверсітэты да новай рэформы – па прывядзенні адукацыйных устаноў да стандарту амерыканскага «ўніверсітэту-прадпрыемства».

 

У рэалізацыі структуральных зменаў вышэйшай адукацыі ў Польшчы былі выкарыстаныя праграмы, якія ўжо тады ўжываліся ў Еўрапейскім Звязе. Першым чынам, гэта Jean Monett, Tempus, Socrates, Erasmus і Leonardo.

 

Усе гэтыя крокі на шляху да адукацыі міжнароднага ўзроўню ва ўмовах сучаснай Польшчы дазволілі краіне далучыцца да Балонскага працэсу і стаць часткай адзінай еўрапейскай адукацыйнай прасторы, пасля таго як у 1999 г. міністры адукацыі 29-ці еўрапейскіх дзяржаў падпісалі так званую Балонскую дэкларацыю.

 

46 краінаў, акрамя Беларусі

 

Нельга сказаць, што для Польшчы працэс далучэння мінуў бязбольна: як і шматлікія іншыя краіны-ўдзельніцы Балонскага працэсу, Польшча сутыкнулася з шэрагам праблем: неабходнасць упарадкавання кірункаў навучання, утварэнне другой ступені адукацыі, пытанні суадносін паміж першай і другой ступенямі (бакалаўрыятам і магістратурай)… Аднак у выніку польскія ВНУ атрымалі новыя магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва з іншымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі, магчымасць адпраўляць сваіх студэнтаў і выкладчыкаў за мяжу на некаторы тэрмін у межах так званых праграм мабільнасці, але галоўнае – выдаваць дыпломы еўрапейскага ўзору.

 

Двума гадамі пазней у Празе да Балонскага працэсу далучыліся чатыры новыя краіны. У 2003 г. на трэцяй канферэнцыі ў Берліне супольнасць удзельніц Працэсу папоўнілі яшчэ сем краінаў, у тым ліку Расія, Азербайджан, Арменія, Грузія, Малдова. Украіна далучылася ў 2005 г. Усяго на сённяшні дзень да Балонскага працэсу далучыліся 46 краінаў – гэта ўсе еўрапейскія дзяржавы, акрамя Беларусі.

 

За цывілізаваным светам не пайшлі

 

align=”left” >На самай справе, дыскусія аб уключэнні беларусаў у еўрапейскія адукацыйныя працэсы пачыналася яшчэ ў 90-я. Напрыклад, у Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце яшчэ за некалькі гадоў да Балонскай канферэнцыі ў вучэбную практыку былі ўведзеныя некаторыя з прынцыпаў, якіх і ў цяперашнім часе прытрымваюцца ўніверсітэты Еўропы. Тым не менш, практычна ўсе распрацоўкі вядучых беларускіх філосафаў і метадолагаў адукацыі і прапановы па своеасаблівай мадэрнізацыі беларускай адукацыйнай сістэмы, якія б дазволілі ёй «сустыкавацца» з сістэмай еўрапейскай, былі адхіленыя ўрадам і Міністэрствам адукацыі ўжо пры запуску рэформы адукацыі ў пачатку 90-х.

 

Лёс ЕГУ таксама добра вядомы. Выступаючы перад студэнтамі ў Брэсцкім дзяржаўным універсітэце 23 верасня 2004 г., прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ЕГУ рыхтаваў новую нацыянальную эліту, якая павінна была б павесці краіну на Захад, а еўрапейская будучыня Беларусі знаходзіцца, такім чынам, у супярэчнасці з планамі прэзідэнта.

 

У ліпені 2004 г. ЕГУ быў пазбаўлены ліцэнзіі, выдадзенай яшчэ ў траўні таго ж года. Пасля змушанага спынення дзейнасці былыя супрацоўнікі, выкладчыкі і студэнты ЕГУ зазналі шмат нападкаў з боку беларускіх уладаў і супрацоўнікаў спецслужбаў. З палітычнай, арганізацыйнай і фінансавай дапамогай Літоўскага Ўраду, Еўрапейскай Камісіі, Рады міністраў Паўночных краін, Фонду Макартураў, Карпарацыі Карнэгі (Нью-Ёрк), Інстытуту «Адкрытае грамадства», Амерыканскіх рад па міжнароднай адукацыі, Фонду «Еўразія», а таксама ўрадаў Бельгіі, Нямеччыны, Фінляндыі, Ірландыі, Люксембургу, Нарвегіі, Швецыі і ЗША  Універсітэт змог аднавіць сваю дзейнасць у Вільне. Ён і зараз працягвае сваю дзейнасць, рыхтуе бакалаўраў і магістраў, бярэ ўдзел у навуковым жыцці рэгіёну – але ўжо на тэрыторыі Літвы і ад імя прыватнага літоўскага ўніверсітэту.


Заходнія навінкі

 

Магчымасць далучэння Беларусі да Балонскага працэсу абмяркоўвалася ўжо не аднаразова, але ніякага пэўнага афіцыйнага рашэння на дзяржаўным узроўні прынята так і не было. У розныя часы ў беларускіх універсітэтах былі ўкаранёныя розныя еўрапейскія элементы – дзесяцібальная сістэма адзнакі, крэдытныя сістэмы і мадэль «дзвюхступенчатай» адукацыі «бакалаўр – магістр», рэйтынгі, цэнтралізаванае тэставанне як форма адзінага ўступнага іспыту ў беларускія ВНУ і нават дванаццацігадовая сістэма школьнага навучання як неабходны элемент забеспячэння якаснай падрыхтоўкі будучых студэнтаў.

 

Аднак, як ні дзіўна, усе гэтыя «заходнія навінкі» прымаліся толькі таму, што гэта яны могуць існаваць ва ўмовах савецкай школы: «Мы прымаем усё добрае, што было ў савецкай сістэме адукацыі, а таксама вельмі разважна – некаторыя элементы еўрапейскай» – неяк заўважыў Уладзімір Здановіч, дэпутат Палаты прадстаўнікоў – а таму аблічча беларускай вышэйшай адукацыі ў перыяд з 1991 г. і да цяперашняга моманту практычна не змянілася. Увесці сістэму крэдытаў і 10- або 100-бальную сістэму адзнакі не дастаткова для таго, каб стаць еўрапейскай установай: адной з галоўных умоў Балонскага працэсу з’яўляецца дэмакратызацыя адукацыі, якая ўсё яшчэ застаецца немагчымай у беларускіх універсітэтах.

 

Супольнасць «еўрапейцаў»

 

Яшчэ некалькі гадоў назад далучэнне да Балонскага працэсу магло разглядацца беларускім урадам як палітычны інструмент, спосаб пачаць дыялог з Еўропай. Аднак цяпер гэта ўжо неактуальна. Але не гледзячы на ўсё вышэйсказанае, Беларусь не можа, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, так і існаваць ад яе ў ізаляцыі. Доказ таму хаця б у тым, што сярод выпускнікоў беларускіх школ усё папулярней еўрапейскія ўніверсітэты, у прыватнасці – польскія. А гэта значыць, што праз некалькі гадоў у краіне будзе існаваць самавітая супольнасць выпускнікоў еўрапейскіх ВНУ з паняццем аб еўрапейскай адукацыі, аб яе слабых і моцных баках і з разуменнем механізмаў яе дзеяння – а гэтага ўжо дастаткова, каб ўкараніць гэтыя механізмы і ў Беларусі. Канечне, калі Беларусі гэта спатрэбіцца.

 

Фота аўтара