Ад крымінальніка да прэзідэнта: у Гродне прэзентавалі кнігу пра постаці міжваеннага горада
Кнігу прэзентавалі ў дворыку побач з выдавецтвам “ЮрСаПрынт”, дзе яна і выйшла з друку. Поўная назва публікацыі – “Памяць пра Гродна. Матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацей міжваеннага горада 1919 – 1939 гг.”. У кнізе ёсць не толькі біяграфіі, але і ўзгадваюцца падзеі, у кантэкст якіх упісаныя тыя ці іншыя асобы. Хаця кніга ўнікальная, бо раней ніхто такога не рабіў, аўтар лічыць яе толькі часткай будучай гарадзенскай энцыклапедыі. Цікава, што ідэя кнігі ўзнікла пасля размовы з былым генеральным консулам Польшчы ў Гродне Анджэем Хадкевічам.
На пытанне, якія постаці самыя знакавыя ў кнізе, аўтар адказаў: “Для мяне знакавая кожная постаць: ад крымінальніка да прэзідэнта Гродна”.
Прэзентацыя праходзіла ў форме сустрэчы блізкіх сяброў і калег. Выступалі Аляксандар Рыжы з “ЮрСаПрынт”, рэцэнзент кнігі, гісторык Вячаслаў Швед, старшыня габрэйскай грамады Гродна Барыс Квяткоўскі, краязнаўцы Віктар Саяпін і Алесь Госцеў ды іншыя.
Аўтар падрыхтаваў для гасцей музычны падарунак. Песню на верш ксяндза Людвіка Саванеўскага “Oj Grodnienko, oj Grodnienko…” выканаў гарадзенскі музыка Алесь Дзянісаў. Урывак з гэтага верша з’яўляецца яшчэ і эпіграфам для кнігі.
Фота Яна Лялевіча