Гарадзенец у Партугаліі пачатку 2000-х або Наш сцяг на краю Старога свету
19 верасня 2015 году споўнілася 24 гады з моманту падпісання законаў аб беларускім бел-чырвона-белым сцягу і гістарычным гербе “Пагоня”, назве краіны і яе транслітэрацыі на замежныя мовы. Гэта – як дзень народзін. Межы краіны, яе сімвалы і назву Беларусь пачалі законна маляваць на картах усе краіны свету.
13 гадоў назад дзясяткі знаёмых і суседзяў па вуліцы з’язджалі за мяжу. Хто назаўсёды, хто часова на заробкі. Была нейкая пустэча пасля няспраўджаных электаральных мараў 2001года.
Гэта павялічыла і маю матывацыю паехаць і паглядзець, а магчыма і папрацаваць у больш далёкіх краінах. Была прафесійная цікаўнасць і як былога настаўніка-географа. Сабраўшы ў Гародні з Янкам (былым настаўнікам гісторыі) адрасы гарадзенцаў за мяжой вырашылі адправіцца ў адносна цёплую краіну на краю нашага кантынента – Партугалію. На той час там былі знаёмыя, якія нелегальна доўгі тэрмін працавалі. Галоўнае там было – не парушай законы краіны і тады не будзе прычыны цябе дэпартаваць дадому.
Янку па тэлефоне далі гарантыю, што будзе адразу жытло, гэта пацвердзіў ягоны швагер, які таксама некалькі год працаваў у Лісабоне (ці, па-мясцоваму, Ліжбоа). Там у адным з невялікіх пакояў у іх было адно вольнае месца, якое вызначыў гаспадар-галоўны наймальнік жытла ў мясцовага партугальца. Мне, абяцаўшы дапамагчы, гарантыі на ложак-месца не далі, але як турыст я быў гатовы ночыць нават пад плотам – быў пачатак ліпеня 2002 года.
У той час у Партугалію ехалі працаваць у асноўным з былых партугальскіх і рускіх калоній – ангольцы, мазамбікцы, малдаване, украінцы, беларусы, астатнія – радзей. Палякі і прыбалтыйцы (тут сустрэў толькі некалькі разоў) ездзілі ў больш заможныя краіны на заробкі – Францыю, Брытанію, Канаду, ЗША. Да сёння не разумею, чым гэтая, адна з бяднейшых краін Еўразвязу, дзе пару дзясяткаў гадоў у буйных гарадах ездзілі на аслах, так прываблівала тады гарадзенцаў: людзьмі, прыгажосцю сваіх краявідаў з выхадам да акіяна, прасцейшымі ўмовамі працаўладкавання, хуткім ПМЖ, нескладанай мовай і ліберальнасцю да нелегалаў, геаграфічным становішчам…
Верагодна, выбар самай заходняй краіны Еўразіі быў звязаны найперш з людзьмі з Беларусі-Гародні, якія там ужо аселі і былі на той час працаўладкаваны. Знайсці нармальную працу для новых нелегалаў станавілася ўсё складаней, асабліва пасля вялікай міграцыі ўкраінцаў, якія сталі трэцімі з нацыянальных меншасцяў у Партугаліі. І хоць там плацілі значна менш за гадзіну працы, чым у Францыі, знайсці хоць нейкую працу на 400-700 еўра ў месяц можна было лягчэй.
Мігрантаў з Украіны ў Ліжбоа прыязджалі падтрымаць культурна розныя гурты, напрыклад “Воплі Відаплясава” і іншыя. У іх была ўжо ўласная культурная палітыка. Беларуская – была ў фарватэры расейскай. У рускамоўных газетках (2-3 аркушы) адчуваўся савецка-імперскі дух. Артыкулы туды пісалі і беларусы. Украінцы спрабавалі ў адной з газет рабіць дадатак па-ўкраінску.
Беларусы ў масе сваёй працавалі больш у сферы будаўніцтва. У культурных асяродках не вызначаліся адметнасцю, хоць па-руску часам падкрэслівалі свае беларускае грамадзянства. Пазней даведаўся, што ў Гародні, у маім пяціпавярховіку амаль у кожным пад’ездзе можна знайсці чалавека, хто у той ці іншы час пабываў у гэтай невялікай краіне на краі паўвыспы, ці на выспе Мадэйра. Праўда, ніхто са знаёмых так і не стаў заможным, акрамя хіба аднаго-двух, якія, атрымаўшы партугальскае грамадзянства і ўдасканаліўшы працоўныя навыкі, сёння там працуюць. Сусед па пад’ездзе Ігар там нават ажаніўся, мае будаўнічую фірму, але не забывае наведваць амаль штогод радзіму і свайго сябра-аднакласніка шматразовага чэмпіёну свету і срэбранага прызёра алімпійскіх гульняў па стральбе з пісталета гарадзенца Ігара Басінскага.
Расліннасць паблізу Сінтры на Атлантычным узбярэжжы каля мыса Рока
Замак Пэна ў Сінтры. Спадчына Юнэска
Дарога Менск-Ліжбоа
На Усходнім вакзале ў Менску, знайшоўшы вольныя месцы ў аўтобусе, (ногі давялося трымаць у праходзе з-за кароткай адлегласці паміж сядушкамі) мы з геаграфічнага цэнтру Еўропы з дзвюмя перасадкамі (Мілан і Каны) ўсяго за 107 еўра (тады курс даляра быў роўны еўра) праз усю Еўропу – Польшчу, Нямеччыну, Італію, Францыю, Іспанію і Партугалію даехалі да Lisboa.
Тры дні паездкі не былі абцяжарваючым фактарам, калі толькі не браць да ўвагі цяжкую дарогу з Менску да Мілана на непрыстасаваным тураўтобусе з непадрыхтаваным абслугоўваючым персаналам з РФ (аўтобус ішоў з Масквы). Здзівілі кіламетровыя тунэлі ў гарах Італіі, прыгажосць французкага Кана і абшарпанасць калявакзальнага Марсэля, начны холад Іспаніі, фантастычны рэльеф на памежжы з Партугаліяй, шматкіламетровыя і высокія масты ў Ліжбоа, сістэма паліўнога арашэння травяных газонаў на беразе Тэжу.
На вакзале Ліжбоа нас сустрэлі гарадзенцы і прывезлі да “сваёй” хаты. У іх “гарэлі вочы”, калі мы выклалі беларускія пачастункі – “Белавежскую”, б-ч-б сала, паляндвіцу, гарадзенскі хлеб. Дазвол пераночыць даваў галоўны наймальнік жытла, пра якога тут хадзілі легенды і казалі, што ў Гародні ён жыў на маёй вуліцы. Я ведаў на сваёй вуліцы ў твар амаль кожнага свайго роўнагодка, гэты быў крыху маладзейшы, таму я гадаў, што за Алег гэта мог быць, хацелася каб аказаўся хоць крыху знаёмым. Яго давялося доўга чакаць з працы за ўжо “накрытым” сталом. Хлопцы дарэмна часу не гублялі. Тасты даваліся лёгка.
Гаспадар “хаты” і кватаранты
Нарэшце, на парозе ў адчыненых дзвярах паказалася высокая постаць гаспадара. О майн Год! Майму і ягонаму здзіўленню не было проста ніякіх межаў. Мы паціскалі адзін адному рукі, абдымаліся і не верылі сваім вачам: больш пяць гадоў не бачыцца ў Гародні, а сустрэцца за тысячы кіламетраў у самай заходняй краіне Еўразіі… У Гародні жылі праз пад’езд у адным шматкватэрным доме, з яго старэйшым братам Анатолем мы, пятнаццацігадовыя падшпаркі, пасадзілі больш дзясятка бярозак, якія даўно сталі вышэй за наш пяціпавярховы дом.
“Фодас” – і чаго ты пасунуўся ў гэтую “мэрду”, – адразу выпаліў Алег галоўныя лінгвістычныя “перлы” новай краіны. – Трэба было БДУ заканчваць каб да гэтых піратаў прыехаць? О, “мэрда!”
Сядзелі за сталом амаль да раніцы, хлопцы па некалькі год не былі ў Гародні, а тут натуральныя беларускія прадукты, агульныя ўспаміны пра родны горад пад музыку N.R.M. і “Краму”, час ад часу вясёлыя і сумныя мужчынскія настальгічныя слёзы.
Дзякуючы Алегу ўсе ўшчыльніліся і пошукам жытла мне не трэба будзе займацца – гэта было галоўнае! У месяц трэба было плаціць кожнаму па 70-75 еўра. З нармальнай працай было значна горш. Нават званок сябру ў Вільню, які тут таксама ведаў шмат мігрантаў, не дапамог замацавацца ў Ліжбоа без адпаведнай будаўнічай падрыхтоўкі і ведання партугальскай мовы. Для сувязі з Беларуссю ў мяне з’явіўся і першы мабільнік-труба Siemens, які я набыў на кірмашы ў кубінца за 30 еўра. Ніякіх паспартоў пры падключэнні тэлефона не спатрэбілася. Першы званок з пясчанага ўзбярэжжа Атлантыкі да матулі памятаю і сёння, як нейкі цуд, быццам яна стаяла побач – сувязь была выдатная.
Сімку для сувязі купіў Алег у сяброў-індусаў на чорным рынку Ліжбоа (ён ведаў амаль кожнага на гэтым кірмашы) – танней, чым у шапіках. Увогуле, тут ён паводзіў сябе як і ў Гародні – упэўнена і па-гаспадарску, без асаблівых пантоў. Шмат каму дапамагаў з жытлом. Адначасова з намі да яго прыехаў яшчэ адзін гарадзенец В. з нашай вуліцы, але, не знайшоўшы працы, зарабляў на стаянках аўто леваком –дапамагаў паркавацца ўладальнікам аўто за некалькі дзясяткаў цэнтаў. У дзень выходзіла неблагая сума. З “працы” ён ледзь прыходзіў, амаль ўсё прапіваў, грошай у “хату” не даваў, а карміўся з агульнай лядоўні і даваў шмат розных абяцанняў выправіцца. Аднойчы пасля вялікіх разборак з канкурэнтамі – паркоўшчыкамі Алег яго знайшоў амаль у непрытомным стане ў закінутым раёне. Праз нейкі час В. дэпартавалі бясплатна ў Беларусь па ягонай просьбе, ледзь паспеўшы працвярэзіць у халоднай вадзе ванны і даставіць у аэрапорт.
“Пагоня”, Вашку-Да Гама, сцяг
На кухні мы павесілі “Пагоню”, купленую ў Вільні ў канцы 80-х гадоў. Прывезеныя невялікія грошы эканомілі на розных “гуманітарках”. Вялізная чарга з эмігрантаў, хто не знайшоў працу (былі і працуючыя з былога СССР, хто дапамагаў сем’ям, асабліва з Украіны) ўвечары была ў крышнаітаў, якія гатавалі харчаванне без мяса, але з вялікім густам і смакам, давалі і дабаўку. Хатняе харчаванне было таксама вельмі таннае. Крылы птушак з немалой колькасцю мяса каштавалі 0,37 еўра за кілаграм. Садавіну і гародніну куплялі на кірмашы. Перазрэлы вінаград і памідоры перад закрыццём кірмашу можна было набыць значна танней. Вольны час прысвячалі ўласным экскурсіям па Ліжбоа і ваколіцам.
Вышэйшая кропка Ліжбоа ў замку Святога Георгія
Два месяцы прашлі імгненна, я быў у захапленні ад гэтай краіны, якая дала сусвету Магелана, Вашку Да Гаму, Барталамеў Дыяша і іншых вядомых першаадкрывальнікаў розных зямель і акіянаў, цікавіўся раманскай архітэктурай, культурай, людзьмі.
Lisboa, кляштар Жаранімуш, 2002г. Каля саркафагу, дзе знаходзяцца астанкі падарожніка і адмірала Індыйскага акіяна Вашку(Васка) да Гама
На выходныя “хатай” звычайна выязжалі купацца ў адносна халодны Атлантычны акіян, ці ў вусце Тэжу (Тахо) – самай вялікай ракі Пірэнейскай паўвыспы. Наступіў верасень. Адзенне на штодзень (шорты, цішотка) так і засталіся. Увечары, калі паветраныя хвалі Атлантыкі (вечаровы брыз) неслі халодны і непаўторны водар акіяну, даводзілася адзяваць нешта цяплейшае.
За некалькі дзён да свята 8 верасня зайшоў у “гуманітарку”, дзе выдавалі бясплатна рознае адзенне. Набраўшы некалькі белых і чырвоных цішотак, вырашыў сшыць беларускі сцяг. У “хаце” былі старыя нажніцы, іголка і чорныя ніткі. Спачатку выразаў палоскі з матэрыялу, але зацверджаныя ў Беларусі 19 верасня 1991 году прапорцыі сцяга захаваць не ўдалося. Палоскі атрымаліся крыху карацейшымі. Сшываў і перашываў уручную амаль два вечары, каб было больш акуратна. Потым за вячэрай мы з Янкам усіх запрасілі паехаць у Сінтру на мыс Рока (недалёка былая рэзідэнцыя партугальскіх каралёў) адсвяткаваць 8 верасня. Алег з Ігарам увечары перад паездкай былі пад “бахусам” і за тры гады працы там ужо бывалі. Таму вырашылі далучыць іх да свята ўвечары, па вяртанні з мыса Рока.
Утрох, цягніком метрапалітэна і аўтобусамдабраліся да самай заходняй мацерыковай кропкі Еўропы, адкаркавалі бутэльку добрага чырвонага партугальскага віна і пад моцным дажджом узнялі родны беларускі сцяг каля слупа з надпісам на мармуровай пліце “KABO DА ROСA”, надпісам каардынат, гербам Сінтры. Турыст з Нямеччыны, да якога мы звярнуліся пагаварыць, нас сфатаграфаваў. З-за моцнага дажджу не ўсе здымкі ўдаліся. Перад гэтым атрымалі платны сертыфікат нашай прысутнасці 8 верасня 2002 года на самай заходняй кропцы Еўразіі.
Сертыфікат нашай прысутнасці на мысе Рока 8 верасня 2002 года
У некалькіх сотнях метраў ад ўзбярэжжа Атлантычнага акіяна хадзілі патрульныя лодкі НАТА. А калі мы злёгку “пад шафэ” вырашылі сфатаграфавацца на прыбрэжных скалах, то памежнікі з бінокля ўважліва сачылі за далейшымі нашымі рухамі.
Янка на прыбрэжных скалах быў у аб’ектыве бінокля памежнай службы НАТА
Далёка за гарызонтам Новы Свет
Увечары за сталом успомнілі легендарнага Скарыну, які 6 жніўня 1517 выдаў першую друкаваную беларускую кнігу і Дзень беларускай вайсковай славы 8 верасня 1514 году. Праз чатыры месяцы гэты сцяг выкарысталі ў Парыжы ў час святкавання Калядаў і Новага года. Сшыты сваімі рукамі, ён праехаўшы тысячы кіламетраў і мае сваю гісторыю і прыватную каштоўнасць.