Гарадзенская “Мова Нанова” запрашае ў кавярню

|

Уладальнік легендарнай гарадзенскай кавярні “Батлейка” Мікола Таранда будзе госцем чарговых заняткаў папулярных курсаў беларускай мовы ў Гродне.


На працягу некалькіх год “Батлейка” была ўлюбёным месцам сустрэч для мясцовых літаратараў, музыкаў, людзей, якія цікавяцца беларускай культурай.

 

Гэта і не дзіўна, бо гаспадаром кавярні быў чалавек, які доўгі час узначальваў славутую “Паходню” – гісторыка-культурны клуб, які з сярэдзіны 80-х гг. быў цэнтрам беларускага грамадска-культурніцкага жыцця ў горадзе.

 

У час заняткаў з удзелам Міколы Таранды ўдзельнікі навучацца замаўляць па-беларуску розныя стравы, пісаць падзякі альбо скаргі на роднай мове.

 

Заняткі пачнуцца а 19-й гадзіне па адрасе вул. Будзёнага, 48а, пакой 63.

 

А на гадзіну раней там жа адбудуцца заняткі для дзетак.

 

Новы сезон “Мовы Нанова Гародня” распачаўся 14 верасня. Рэпартаж з першых заняткаў глядзі на нашым сайце.