Назад у трыццатыя з Джоні Д.
Імідж казачнага героя Дэп атрымаў у асноўным дзякуючы Тыму Бёртану, з якім яны ўжо амаль 20 год ствараюць надзвычай паспяховы творчы дуэт. Вось і зараз, свет толькі і чакае каб пабачыць Дэпа ў сумбурным грыме Звар’яцелася Капялюшніка ў новай экранізацыі «Алісы ў краіне цудаў». У астатніх зорных рэжысёраў ролі Дэпа таксама часта нейкім чынам выходзілі па-за межы рэальнасці: і ў Кустурыцы, і ў Гільяма. Пра ўдзел у дыснэеўскіх «Піратах карыбскага мора» можна і не ўзгадваць.
Джоні тут, Джоні там, усюды таго Джоні напхана, добра хоць ён не прыняў прапанову здымацца ў гільямаўскім «Дон Кіхоце». Але ў найноўшай прэм’еры ён у незвычайным для сябе, а таму значна больш цікавым амплуа. У «Ворагах грамадства» Майкла Мана ён грае свайго цёзку, знакамітага налётчыка Джоні Дылінджэра – гэткага амерыканскага Беню Крыка. Супраць яго – наадварот, у звыклай сваёй ролі ахоўніка парадку і справядлівасці – Крыстыян Бэйл. Што яшчэ трэба для добрага фільму? Хіба што, канцэпцыя. І яе Ман знайшоў.
Ён узяў тое, з чаго абавязкова складаецца класічны бандыцкі фільм: доўгі час дзеяння (узгадайце, ці змаглі вы праглядзець «Аднойчы ў Амерыцы» за адзін раз), вядомая ад самага пачатку развязка (мы ж усе ведалі, чым скончыцца «Боні і Клайд»), пагоні на старых чорных фордах і пальба з томі-ганаў ва ўсе бакі. Але для афармлення ўсяго гэтага ён выбраў зусім не рэтра стылістыку, у працы камеры трыццатымі і не пахне. Камера вельмі дынамічная, перасоўваецца рванымі рухамі, пераважаюць крупныя планы, а даволі часта стужка скатваецца да эфекту ледзь не дакументальных ці аматарскіх здымкаў (падобны прыём мы бачылі ў занудных фільмах пра Чэ Гевару).
Варта адзначыць гарматныя перастрэлкі, сярод якіх цэнтральнае месца займае асада ляснога бару ў сярэдзіне фільма – усё знята проста і ашчадна, быццам для тэлевізійнага серыяла пра піцерскіх бандзюкоў або праграмы пра спецназ для Discovery. Праўда, у частых вібрацый камеры акрамя плюсу рэалістычнасці ёсць і адзін істотны мінус – пасля амаль двухгадзіннага фільму можа разбалецца галава. Як пасля «Кловэрфільда».
Фільм, як і раіў некалі Хічкок, «пачынаецца з землятрусу» – кемлівых ўцёкаў з турмы, але далей запавет майстра саспіенсу не выконваюцца. Ман дазваляе напружанню ўпасці, зза чаго здаецца, што фільм зацягнуты. Добра, што сітуацыя хутка выпраўляецца – Джоні бярэ банк за банкам, але і паліцыя не стаіць спусціўшы рукі. Гэтак мы назіраем за паўставаннем ФБР такога, якое мы ведаем сёння – моцнай, федэральнай і сапраўды пагрозлівай арганізацыяй. Бачым мы і паўстанне легенды гангстэрскага Чыкага, якая заахвоціла многіх кінатворцаў ствараць шэдэўры.
«Ворагі грамадства» (у расійскім пракаце чамусці пад назвай «Джоні Д.») – не шэдэўр, не новы «Хросны бацька». Але паглядзець яго безумоўна варта.
Фільм: Ворагі грамадства / Джонни Д. / Public Enemies, 2009, ЗША, 140 хв.
Рэжысёр: Майкл Ман У галоўных ролях: Джоні Дэп, Крыстыян Бэйл
Жанр: гангстэрскі фільм
Асабістая ацэнка: 7/10 (было б 8, але -1 за тое, што месцамі фільм «прастойвае»)