Дзятлава рыхтуецца да “Дажынак”: райвыканкам адбудоўваюць, палац Радзівілаў прадаюць

Нават старэйшыя жыхары Дзятлава не памятаюць такой маштабнай рэканструкцыі горада. Кажуць, што ў раёне на такую будоўлю ніколі не было грошай. Аб’ектаў рэканструкцыі і праўда шмат, у горадзе поўна будаўнічай тэхнікі, рабочых.

Рэканструкцыя ў цэнтры Дзятлава

 

Асабліва ўсіх гараджан уражвае рэканструкцыя райвыканкаму, будынак якога пабольшае ці не ў два разы. Але ў той самы час зменяць выгляд і раённы Дом культуры, і гатэль “Ліпічанка”. Рамантуюцца мост на вуліцы Міцкевіча, інтэрнат і некалькі дамоў па вуліцах Савецкай і Фрунзэ, аб’екты гандлю, дарогі і іншае.

 

​Толькі былы палац Радзівілаў сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя, што побач з раённым шпіталем, сіратліва стаіць некрануты, абшарпаны, з абсыпанай ад часу сцяной з зачыненымі дзвярыма, і ў акне аб’ява: прадаецца. Усе, з кім давялося пагутарыць у Дзятлаве, не прамінулі згадаць пра гэта.

Палац Радзівілаў, выгляд з тыльнага боку

 

Разгаварыўся з маладой жанчынай у цэнтры гарадка. Яна даволі крытычна глядзіць на тое, што рэканструкцыя адбываецца ў кароткія тэрміны: гэта, паводле яе, не зможа не адбіцца на якасці.

 

— Цэнтр горада ў нас зроблены больш-менш нармальна, але калі паглядзець далей, то там усё страшна. Але самае страшнае ў нас — гэта дарогі. Іх робяць толькі для знешнасці, а праз гады 2–3 яны разваляцца, бо іх робяць на хуткую руку. Лепш бы яны зрабілі добрыя дарогі, а дамы дзе-нідзе проста падфарбавалі.

 

Асобна спадарыня кажа пра райвыканкам. Яна наагул не разумее, навошта іхняму маленькаму гораду такія гмахі для ўлады.

Пасля рэканструкцыі будынак райвыканкама ў Дзятлаве пашыраецца ці не ў два разы

 

— Не ведаю, навошта гэта. Я была адзін раз у старым будынку, і лічу, што таго было дастаткова. Лепей бы зрабілі за гэтыя грошы дзіцячы садок, школу ці адрэстаўравалі палац Радзівілаў. Ён вельмі прыгожы. І калі замежныя госьці наведваюцца ў Дзятлава, то ім ён чамусці найбольш цікавы. І калі ў інтэрнэце ў пошук уводзяць — Дзятлава, то найперш з’яўляецца палац Радзівілаў і “Радон”. Гэта самыя два такія месцы, дзе можна нешта паказаць і распавесці пра тое, што ўяўляе сабой наш горад. Вядома, добра, што горад становіцца прыгажэйшым і не сорамна сюды будзе гасцей запрасіць. Толькі як гэта ўсё доўга пратрымаецца…”

Цэнтр горада ў Дзятлаве

 

Разгаварыўся з мужчынам пенсійнага веку, які пражыў тут большую частку жыцця. Кажа, што яму прыемна, што ягонае Дзятлава становіцца прыгажэйшым, але, паводле яго, не ўсё ў жыцці мераецца знешняй прыгажосцю:

 

— Але справа ў тым, што першачаргова трэба было зрабіць. Для жыхароў Дзятлава сёння вялікая праблема — ачышчальныя збудаванні масласырзавода. Яны ўжо ператэрмінаваныя, іх даўно ніхто не чысціў, і ў гэта спякотнае лета з-за іх немагчыма было дыхаць, людзі задыхаліся, скардзіліся. Райвыканкам нічога не зрабіў, каб палепшыць экалагічную сітуацыю. А замест гэтага будуецца цудоўны, прыгожы будынак райвыканкама. Будынак добры, ён застанецца, і архітэктура прыгожая, але хто ім будзе карыстацца…

Цэнтр горада ў Дзятлаве

 

Яшчэ спадар звяртае ўвагу на тое, што жыхары Дзятлава наагул не інфармаваныя, адкуль узяліся грошы на рэканструкцыю, колькі і хто іх выдзеліў. Па горадзе ходзяць толькі чуткі. І раённая газета нічога пра гэта не напісала.

 

Не забыўся суразмоўца ўзгадаць і пра найбольш каштоўны помнік архітэктуры ў горадзе — палац Радзівілаў, які не трапіў пад рэканструкцыю і на які ніхто не выдзеліў ні капейкі грошай.

Палац Радзівілаў, выгляд з тыльнага боку

 

Іншы мужчына пенсійнага веку таксама кажа, што горад зменіцца ў лепшы бок, але, маўляў, павінна быць усё ж першачарговасць, калі трацяцца бюджэтныя грошы. Паводле яго, службы райвыканкама можна было размясціць у іншых пустых будынках — да прыкладу, той жа школы-інтэрната, а грошы пусціць на іншае.

 

— Трэба, каб хоць нейкая прамысловасць у нас развівалася. У нас жа няма нічога, і моладзь тут не затрымліваецца. Усе з’яжджаюць. Вядома ж, у калгасе шмат не заробіш.

 

Пры нагодзе пацікавіўся ў спадароў — ці адчуваюць у Дзятлаве выбарчую кампанію, ці прыязджалі кандыдаты на прэзідэнта? Мне ў адказ толькі пасмяяліся.

 

— Нічога наогул не чуваць, ніхто не прыязджаў, не збіраўся, ніякіх сходаў не было, нічога не чуваць абсалютна…

Цэнтр горада ў Дзятлаве

 

Наступны мой суразмоўца аказаўся музейным работнікам. У яго свой погляд на рэканструкцыю ў Дзятлаве.

 

— З аднаго боку, Дзятлава будзе прыгажэйшым, і ў гэтым няма сумненняў. Але, з другога боку, я як работнік культуры падтрымліваю артыкул спадара Трусава, у якім ён напісаў, што без культуры ў нас не зрушыцца з месца і эканоміка, і ўсё астатняе. І бачу, што ў музеі ў нас таксама нічога не робіцца, хоць праблем ёсць шмат і наш палац Радзівілаў самотна стаіць. Разумею, што з ім цяжэй, бо гэта помнік архітэктуры і не адразу ўсё зробіш. Але ўзгадваецца былы начальнік санэпідэмстанцыі, які правёў рэканструкцыю адной сценкі з усімі пілястрамі і іншымі дэталямі — яна стаіць ужо 10 гадоў, і ўсё акуратна.

Шыльда і абвестка на палацы Радзівілаў

 

Палац Радзівілаў у Дзятлаве цяпер належыць раённаму шпіталю. Палац двухпавярховы, агульная плошча больш за 1.5 тыс. квадратных метраў, мае ўсе інжынерныя камунікацыі. Помнік архітэктуры аднесены да другой катэгорыі, а таму інвестару прапануюць набыць яго на ўмовах падпісаньня ахоўных абавязкаў. Пачатковы кошт на таргах складаў блізу двух мільярдаў беларускіх рублёў, але пакупнікоў пакуль няма.