Назва гурта – гэта абрэвіятура амерыканскага ідыёму “Idiots Out Wandering Around ці па-расійску “праўду не схаваеш”.
Традыцыйна для такіх мерапрыемстваў, канцэрт пачаўся толькі праз 30 хвілін ад анансаванага часу. Затое ўсе жадаючыя патрапіць змаглі гэта зрабіць, нікуды не спяшаючыся.
Канцэрт IOWA павінен быў адбыцца ў Гродне яшчэ паўгода таму. Але тады салістка захварэла і выступ перанеслі.
Спачатку здавалася, што ў клубе вельмі мала людзей, але з кожнай хвілінай гледачоў станавілася ўсё больш. У нейкі момант ужо быў заняты ўвесь танцпол.
Нарэшце на сцэне з’явіліся музыкі і салістка Кацярына Іванчыкава ў індзейскіх галаўных ўборах з пер’я. Да такога экзатычнага выгляду дзяўчыны і гітарыста гледачы вельмі хутка прызвычаіліся і здавалася, што ўжо не зважаюць на іх увагі. Хаця ў першыя хвіліны гледачы, акрамя самых вялікіх фанатаў, былі трохі збянтэжаныя.
Масіўныя галаўныя ўборы не заміналі гурту скакаць па невялікай сцэне клуба і па-сапраўднаму заводзіць зал. Усяго музыкі выканалі 11 песень. Пры гэтым кампазіцыю “Улыбайся” праспявалі два разы.
Усе прысутныя адзначалі проста неверагодную энергетыку, якая з самага пачатку выступу пульсавала ў зале. А яшчэ было бачна, што музыкі атрымліваюць сапраўдную асалоду ад таго, што робяць. Яны ўсміхаліся, размаўлялі з гледачамі, распавядалі шчырыя і кранальныя гісторыі, вучылі, як рухацца ўсім разам, стралялі з вадзяных пісталетаў адзін у аднаго, і ў гледачоў.
Потым аднекуль зверху на галовы гарадзенцаў пасыпаліся блёсткі. Прысутныя, канешне, былі задаволены такім эфектам. Ды і што казаць – збоку выглядала гэта вельмі прыгожа. А вось фатографы, якія працавалі ў зале, такой нечаканасці былі не вельмі радыя – прыйшлося хутка чысціць тэхніку.
– Кампазіцыі, канешне, на аматара, але шоў вельмі файнае, – зазначыў хлопец, які стаяў каля мяне, назіраючы, як на запоўненым танцполе гарадзенцы танцуюць і падпяваюць гурту.