Фінскі гурт выступіў у гродзенскай кірсе. Амбасадар Фінляндыі: “Мне вельмі ўтульна ў Гродне”

Піяніст Рыста Кюрё, скрыпачка Эліна Эйрола і віяланчэліст Тімо Тёрмя –сусветнавядомыя выканаўцы камернай музыкі. У такім складзе яны граюць ужо восем год. Упершыню яны зайгралі ў Беларусі два гады таму ў Мінску, а зараз дабраліся і да Гродна. Музыкі выконвалі кампазіцыі класікаў: Людвіга Бетховенв, Сяргея Рахманінава і Яна Сібеліуса.

Піяніст Рыста Кюрё падзяліўся сваімі ўражаннямі пра Гродна, гарадзенцаў і сам канцэрт:

 

“У Вас вельмі ветлівыя людзі і прыгожы горад. Пакуль мы ехалі на аўтамабілі да кірхі, то паспелі заўважыць цікавыя гістарычныя будынкі. Пасля канцэрту ўсім гуртом разам з амбасадарам абавязкова прагуляемся некалькі гадзінак.

 

А калі казаць пра гэты канцэрт, то для нашага гурта ён вельмі важны, бо мы выконваем творы нашага фінскага кампазітара Сібеліуса ў дзень яго юбілею. Асоба гэтага чалавека важная яшчэ па адной прычыне – я раней вучыўся ў Акадэміі Сібеліуса, а зараз там выкладаю”.

Упаўнаважаны амбасадар Фінляндыі ў Беларусі і Літве Харры Мякі-Рэйнікка быў уражаны працай кірхі і расказаў, як нарадзілася ідэя правесці ў Гродне канцэрт:

 

“Я ў гэтым горадзе ўжо другі раз і мне вельмі ўтульна і прыемна тут знаходзіцца. Першы раз, калі я завітаў у Гродна на сустрэчу з мэрам, дзе мы абмяркоўвалі ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, менавіта тады і ўзнікла агульная ідэя правесці такі канцэрт. У Фінляндыі Лютэранская царква мае вялікае значэнне. Мы лічым, што галоўная ідэя канцэрту – падтрымаць кірху і пазнаёміць гарадзенцаў з фінскай музыкай’”.

 

Таксама амбасадар адзначыў, што не заўважае вялікіх адрозненняў паміж беларусамі і фінамі. У беларусах яму падабаецца ветлівасць і добразычлівасць.

 


 

Канцэрт быў падрыхтаваны і адбыўся дзякуючы падтрымцы Амбасады Фінляндыі.

 

Фота Яна Лялевіча