Дзе, калі не на пошце: ці ёсць альтэрнатывы чэргам у аддзяленнях сувязі?
Лісты і пасылкі – толькі на пошце
У пераліку паслуг Белпошты мы вылучылі тыя, што не маюць альтэрнатывы.
Найперш, гэта адпраўка і атрыманне пасылак і бандэролей. Актыўнасць гарадзенцаў у карыстанні гэтай паслугай у значнай ступені падпітваюць інтэрнэт-крамы. Яны даюць магчымасць замовіць рэчы танней ці набыць нешта з таго, што у Беларусь не завозілі.
Эканомія грошай гэта добра, але калі пасылка прыдзе на пошту ў перыяд плацяжоў, даплаціць давядзецца часам, каторы, як вядома, таксама грошы.
Пенсію можна забраць і ў банку
Наступная безальтэрнатыўная функцыя пошты – грашовыя пералікі і выплаты пенсіі. Атрымаць “свае кроўныя”, дасланыя пераводам, можна толькі на пошце; а пенсію тут выплочваюць “па змоўчанню”. Па заяве пенсіянера можна атрымліваць гэтыя выплаты ў банку, ці ў банкамаце з пластыкавай карткі – фонд сацыяльнай абароны насельніцтва можа пералічваць грошы на банкаўскі рахунак пенсіянера. Для гэтага трэба напісаць заяву і падаўжаць яе дзеянне штогод. Калі ж заява не адновіцца, за пенсіяй ізноў прыдзецца ісці на пошту. Таксама па заяве можна атрымліваць пенсію на дом.
Для пачтовых пераводаў перавод на банкаўскую карту таксама свайго роду альтэрнатыва. Але, калі адпраўца выбраў паштовы перавод, то мусім ісці за грашыма ў роднае аддзяленне сувязі.
Рымэйк традыцыйнай пошты – паскораная ці EMS (Express Mail Service) – таксама патрабуе асабістай прысутнасці адпраўцы.
Не абмінуць пошты і філатэлістам, бо менавіта тут можна набыць маркі, канверты і каталогі, ці зрабіць адмысловыя гашэнні з пэўнай нагоды. Таксама сюды прыйдзе той, хто атрымлівае папяровую карэспадэнцыю “да запатрабавання” ці мае абаненцкую скрынку.
Большасць кліентаў прыходзіць не за паштовымі паслугамі
Супрацоўнікі пошты зазначаюць, што карыстальнікі менавіта безальтэрнатыўных паштовых паслуг складаюць невялікі адсотак кліентаў. Крытычную масу ў чэргах маюць тыя, што карыстаюцца з дадатковых паслуг: аплочваюць камуналку, інтэрнэт ці мабільную сувязь.
Калі вы прыйшлі на пошту з такой нагоды і засталі там чаргу, то альтэрнатывай аплаце ў акенцы можа стаць самаабслугоўванне ў плацёжным тэрмінале. Яны ўсталяваныя ва ўсіх аддзяленнях сувязі горада.
Калі да пошты не дайшлі, а прадчуванні падказваюць, што чарга непазбежная, можна аплаціць паслугі праз тэрміналы QIWI ці банкаматы.
Радыкальным рашэннем праблемы можа стаць аплата паслуг праз інтэрнэт-банкінг. Выканаць плацёж можна як з любімай канапы дома, так і з Канарскіх выспаў – быў бы інтэрнэт (і грошы).
За падпіскай не абавязкова ісці на пошту, а марку можна надрукаваць дома
Наступная магчымасць “нарвацца” на чаргу – падпісная кампанія.
Хоць зараз аматараў папяровых СМІ значна менш, чым раней, частка сталых чытачоў афармляе падпіску на пошце. Для больш прасунутых аматараў паху свежай тыпаграфскай фарбы на сайце Белпошты ёсць сервіс “Інтэрнэт падпіска”. Таксама можна скарыстацца плацёжнымі тэрміналамі ці зрабіць заяўку на афармленне падпіскі паштальёнам на даму.
Зберагчы час таксама дамапогуць паслугі кур’ера, каторы можа перадаць вашы дакументы на пошту і назад, і сервіс “электронная марка”. Яна ўяўляе сабою штрых-код, які трэба раздрукаваць і наклеіць на канверт пасля аплаты праз інтэрнэт.
Аднак, для аматараў “письма нежно на почту носить” і для тых, хто гатовы “хоць да пчолаў у вулей, абы толькі ў калектыў”, Белпошта яшчэ надоўга захавае магчымасць рэалізаваць жаданне пастаяць у чарзе.