Ведай сваіх: гісторыя хакея ў Гродне

|

Гарадзенцы пра гісторыю хакея ў сваім горадзе практычна нічога не ведаюць. На афіцыйным сайце “Нёмана” пра даваенныя гады напісана: “Першая згадка пра хакей у Гродне прыпадае на 1930-я гады. Аснову каманд складалі рабочыя прамысловых арганізацый, якія лакальна спаборнічалі на лёдзе адзін супраць аднаго”.

 

Дзякуючы гарадзенскім гісторыкам і краязнаўцам, а таксама людзям, якія памятаюць даваенны спорт, мы можам прадставіць сабе шырэйшую карціну хакея ў Гродне да 1939 года.


Каманда з Вільні прыехала на першы матч 

 

У пачатку 1932 года гарадзенскія газеты паведамілі некалькі незвычайную навіну аб тым, што ў нядзелю, 24 студзеня, на пляцоўцы “КС Крэсовiя” адбудзецца першы ў гісторыі Гродна хакейны матч.

 

Гэта значыць, што хакей у Гродне з’явіўся ў пачатку 1930-х гадоў, і да 1932 году сфармавалася першая хакейная каманда. У тым паядынку гарадзенцы прымалі чэмпіёна Вільні каманду “АЗС”. Паколькі ў Гродна прыехала сур’ёзная каманда, у якой выступалі члены зборнай Польшчы, паглядзець на супрацьстаянне прыйшло шмат чалавек.

 

“Gazeta Grodzienska” пісала, што ў камандзе гаспадароў гулялі ў асноўным маладыя хакеісты на чале з дасведчаным варатаром Малярчыкам. Але гульня з удзелам гарадзенцаў не адбылася. Ёсць верагоднасць таго, што гаспадары не здолелі сабраць усю каманду. Каб не расчараваць гледачоў, якія прыйшлі паглядзець на хакей, дасведчаная каманда “АЗС” згуляла матч двума сваімі складамі. Той паядынак скончыўся перамогай першай каманды.

Каманда “АЗС” 1930-я гады



Матч адбыўся 

 

Праз пару месяцаў першая гульня гарадзенцаў ўсё ж адбылася. Матч прайшоў 13 сакавіка 1932 года на пляцоўцы клуба па вуліцы Нарутовіча. Супернікам гарадзенцаў з’яўляліся таксама госці з Вільні, а менавіта каманда гандлёвай школы. На жаль, газеты не паведамілі пра лiк першага афіцыйнага матчу гарадзенскай каманды.

 

З часам хакей у Гродне працягваў развівацца. І ў 1934 мясцовая каманда пад назвая “Крэсовiя” правяла два матчы з камандай “АЗС”. Першая гульня скончылася перамогай гасцей з лікам 6:2. А вось у другім матчы толькі ў канцоўцы госці з Вільні здолелі абыграць гарадзенскую каманду. Выніковы лiк 2:1 на карысць гасцей.

Каманда “АЗС” 1930-я гады

 

 

Гарадзенец Казімір Сальвесюк добра памятае першыя матчы хакея ў Гродне. Ён распавядае, што ў дзяцінстве яму ўдалося наведаць некалькі матчаў:


– Гулялi ў хакей на вуліцы Нарутовіча. Тэнісныя корты спартыўнага клуба “Крэсовiя” заліваліся вадой і там праходзілі матчы. Цяпер на месцы клуба стаiць 10-я гімназія, а на месцы спартыўных пляцовак будынак Гроднаграмадзянпраекта. Людзі на хакей менш хадзілі, чым на футбол. Натуральна і квіток каштаваў танней, каля 20 грошай. Матчы праходзілі на выходных. Памятаю, што да 1939 года ў Гродне былі дзве каманды: “Крэсовiя” і “ВКС Гродна”. Дзіўна, але габрэйскае насельніцтва горада не палюбіла гэты від спорту, я нават не ведаю з чым гэта можа быць звязана.

 

На дадзены момант у Гродне вядомыя толькі некалькі прозвішчаў гарадзенскі хакеістаў, якiя прастаўлялi Гродна: Юткоўскi, Мразоўскi і Юроўскі. А таксама два здымкі гарадзенскіх каманд, якія прадстаўлены ў кнізе Віктара Саяпіна “Гарадзенскі спорт, гісторыя і дасягненні”.

Гэта ўсё, што мы маем на дадзены момант. Зыходзячы з гэтага можам рабіць высновы, што хакей на гарадзенскай зямлі з’явіўся ў пачатку 1930-х гадоў, на некалькі гадоў раней, чым у іншых гарадах цэнтральнай і ўсходняй Беларусі. Развіццю спорту на гарадзенскай зямлі спрыяла знаходжанне Гродна ў складзе Польшчы. З прыходам савецкай улады хакей у Гродне быў забыты на доўгія гады.

 

Больш шырокае развіццё гэтага спорту ў Беларусі пачынаецца ў канцы 50-х гадоў. З таго часу лік хакеістаў у краіне значна павялічваецца. Так, калі ў 1950-м годзе іх было 300 чалавек, а ў 1955-м годзе – 400, то ўжо праз дзесяць гадоў, у 1965-м годзе, у хакей гуляла 8000 спартсменаў.

 

І толькі ў 1980 годзе, праз 40 гадоў пасля “Крэсовii”, у Гродне была створана прафесійная каманда пад назвай “КСМ Гродна”, якая дэбютавала ў другім беларускім дывізіёне.