Легенды восені: Горад на Вужы
Зранку а сёмай, калі цягнік са Львова толькі прыбывае на знакаміты вужгарадскі вакзал з вострай вежай, горад яшчэ падобны на прывід. Пустыя вуліцы, там-сям вецер грае з лахманамі будаўнічай сеткі, якой зацягнутыя дамы пад рэканструкцыю, на даляглядзе Швабскай вуліцы бачныя сілуэты гораў.
Горад міфаў
Сталіца Закарпацця – гэта найперш інтрыга, горад шматлікіх міфаў. Міф пра цыганскую сталіцу Украіны, пра расійска-вугорскі сепаратызм, пра курортную субтрапічную ментальнасць тутэйшых жыхароў. Зрэшты, усё па-парадку.
Вужгарад або Унгвар, як называюць яго вугорцы, мае складаную ды няроўную, як мясцовыя брукаваныя вуліцы, гісторыю ў тысячу год. Заснаванае плямёнамі белых зарватаў паселішча з часам ператварылася ў замак, які граў ролю ўсходняга фарпосту імперыі Габсбургаў.
У міжваенны перыяд тут была Чэхаславаччына, у 1939-м абвешчаная “аднадзённая рэспубліка” Закарпацкая Украіна, пасля – вугорская акупацыя (калі тэрмін акупацыя тут наогул дарэчны), савецкае “вызваленне” і далучэнне да УССР ды статус галоўнага гораду Закарпацкай вобласці незалежнай Украіны ў 1991-м.
Вугорская пагроза? Перастаньце…
Вугорскі фактар у горадзе, якім часта пужаюць ва Украіне, адразу ж падаецца перабольшаным. Вугоршчына тут – гэта некалькі помнікаў гістарычным асобам, дзвухмоўныя перадвыбарчыя білборды ды вугорскія турысты, якія пакідаюць тут свае грошы. На вуліцы чутно толькі ўкраінскую мову, кнігі па-вугорску займаюць не больш як сціплую палічку ў кнігарнях – на такіх жа правах побач ляжаць кнігі па-чэску.
Тым не менш адметна, як менавіта тут украінцы спрабуюць адстойваць сваю ідэнтычнасць: амаль на кожнай вуліцы можна заўважыць мемарыяльныя дошкі ўкраінскім дзеячам рознай ступені значнасці, найчасцей культурным. Так падкрэсліваецца прысутнасць нацыі ў гістарычнай рэтраспектыве. Адначасна разумееш, што калі вугорцы ўзяліся б за справу, іхных мармуровых ды бронзавых дошак назбіралася б столькі ж, калі не болей.
Цыганская сталіца
Сапраўдная праблема гораду дакладна не ў вугорцах, а хутчэй у цыганах. Фраза: “Ми з Закарпуття, нас затопило, дайте їсти…” – вядомая ледзве не кожнаму ўкраінцу, незалежна ад рэгіёну пражывання. Менавіта адсюль “рамалы” раз’язджаюцца ў цёплы сезон па ўсім краі.
Удзень тут складаецца ўражанне, што цыгане-мужчыны недзе пахаваліся, бо на вуліцах поўна менавіта цяжарных жанчын ды дзяцей. Каля ўваходу ў касцёл дзяўчына-цыганка год 12 спрабуе выціраць мінаку туфлі, той не звяртае ўвагу і толькі паскарае крок, праз пару секунд яна плюе ўслед на касцельны ганак. Цяжарныя смуглявыя цётачкі незразумелага ўзросту ходзяць сярод столікаў каля кавярняў, просячы грошы. Калі не дасі грошы – спытаюць кавалак піццы, абы не пайсці з пустымі рукамі…
Адыйшоўшы ад цэнтру можна заўважыць прыватны дом, які нагадвае вулей – там ужо ёсць і цыгане-мужчыны, і старыя, і зусім карапузы – жыццё кіпіць. Побач – зграя сабак, якія паводзяцца нібы шалёныя – брэшуць на кожную машыну ды раварыста, адстойваюць тэрыторыю. Зграя агрэсіўных сабак і цыганскі табар… міжвольныя паралелі прыходзяць самі сабой.
Замак, як у Баторыя
Галоўная турыстычная атракцыя горада – вужгарадскі замак. Да яго вядзе брукаваная дарога, якой мусіш падымацца ўгару, мінаючы рэзідэнцыю грэка-каталіцкага мітрапаліта ды помнік закатаваным падчас сталінскіх рэпрэсій святарам. Сам замак з аднаго боку мае штучны роў з бастыённымі шыпамі, з іншага – ахоўваецца натуральным крутым ярам.
Калі прыйдзеш раней за 10-ю, а якой адчыняецца музей, усмешлівы ахоўнік дазволіць хіба пахадзіць па тэрыторыі… за 10 грывень. Пасля 10-й стане відавочным, што праход па тэрыторыі бясплатны, а плаціць трэба толькі за ўваход у замак. Хвароба карупцыі, нават у такой “лёгкай” форме нікуды не знікла – нягледзячы на Майдан ды вайну на ўсходзе…
Замак аддалена, але ўсё ж такі нагадвае цвярдыню Стэфана Баторыя ў Гродне. Аказваецца, што аналогія не выпадковая: у браме на ўваходзе ляжыць пліта з выявай жанчыны ў барочнай сукні з далонямі на таліі. Паводле легенды, тыражаванай мясцовымі гідамі, гэта выява замураванй у сцяне дзяўчыны, якая стала ахвярай, каб зрабіць замак непрыступным… сюжэт банальны. Цікава, што побач з яе тварам – выява шчыта з воўчымі зубамі на ім – герб Баторыя! Міжволі ўсміхаюся, нібы ўбачыў нешта роднае, сваё.
Экспазіцыя ў самым замку тыповая для Заходняй Украіны: масіўныя драўляныя разныя ложкі ды шафы, збройны пакой, партрэты епіскапаў ды ўладароў. Праз замкавыя вокны бачныя скрыначкі дамоў ды сілуэты зарослых лесам гораў. Унізе пакойчык адведзены пад экспазіцыю пра “Рэвалюцыю Годнасці” ды герояў вайны на Усходзе. Пракопчаныя дымам спартовыя накаленнікі з Грушэўскага тут суседнічаюць з выкручанымі ад выбухаў паяснымі спражкамі з выявай трызубу з-пад Ілавайску… Найноўшая гісторыя.
Вінаград, субтропікі ды “закарпацкі час”
Праходзячы побач з рыма-каталіцкім касцёлам на зваротным шляху ад замку, спыняюся каля дошкі з абвесткамі. Палова абвестак па-вугорску, бо мясцовыя вугорцы тут пераважна рыма-каталікі, але цікавостка ў іншым – побач з часам набажэнстваў пазнака: “па кіеўскім часе”. Аказваецца, разам з агульнаўкраінскім тут існуе і свой час. Асаблівасць метафарычная, улічваючы, што вужгародцы, нават ідучы па горадзе, нікуды не спяшаюцца. Наўпрост жывуць у сваім часе.
Сапраўды горад ажывае толькі ўвечары. Мост праз абмялеўшы за лета Вуж ды ўзбярэжжа падсвечваюцца ліхтарамі, столікі нарэшце шчыльна занятыя, а вуліцы напаўняюцца музыкай ды смехам. Цёпла, нягледзячы на каляндар, які паказвае першыя дні кастрычніка. Пахне вінаградам, каля аўтобуснага прыпынку – лімоннае дрэва. Субтропікі, адным словам.
Цікава, калі нейкую краіну можна назваць імперыяй? Мабыць, усё ж не тады, калі ў яе сталіцы з’явяцца ампірныя будынкі з трыюмфальнымі аркамі, а калі ў межах адной дзяржавы, напрыклад, з восені ты можаш трапіць у лета! Не перацінаючы мяжы. Сеў ды паехаў. У восеньскім Вужгарадзе адчуванні падобныя.
Цемра ды халодная вада
Вяртаемся ў гатэль, дзе, як ужо папярэдзіла супрацоўніца, з дванаццатай да шостай не будзе гарачай вады. Як і ва ўсім горадзе. Таму крок варта прыспешыць. Кошты на жытло, дарэчы, зусім не кусаюцца: за ноч у двухмясцовым нумары вы заплаціце ад 300 да 500 грывень, то бок у сярэнім 15 даляраў.
Калі адыходзіш крыху ад цэнтру, здараецца нечаканае – знікаюць ліхтары. Усё святло – гэта фары машынаў ды электрычнасць ў вокнах. Вось па цёмнай вуліцы блукае самотны ліхтар – нехта сунецца амаль навобмацак, баючыся навярнуцца з ходніку. У дварах таксама цёмна, бачныя толькі сілуэты пірамідальных таполяў на тле дагараючага за даляглядам сонца.
Фота Кацярыны Окунь