Гарадзенскія гісторыкі стварылі ў Варшаве Цэнтр беларускіх студыяў

Пры „Студыюм Усходняй Еўропы” Варшаўскага ўніверсітэта паўстаў Цэнтр беларускіх студыяў. Пра гэтую новую навуковую і дыдактычную адзінку расказвае прафесар Алесь Краўцэвіч, абраны яе кіраўніком.


– Галоўная мэта стварэння гэтага Цэнтру складаецца, можна сказаць, з дзвюх частак. Першае – гэта дапамагчы рэпрэсаваным гісторыкам у Беларусі, найперш гісторыкам гарадзенскім, сярод якіх – вельмі вядомыя ў навуковым свеце асобы. І другая задача – гэта стварэнне беларускай гістарыяграфіі, якая не прыводзіць нас да канфліктаў з суседзямі. І яшчэ адно – гэта праца дзеля польска-беларускае добрасуседства.

 

„Усе супрацоўнікі Цэнтру будуць чытаць лекцыі, звязаныя з гісторыяй гэтай часткі Еўропы, і мы будзем даносіць студэнтам веды пра гісторыю нашай краіны Беларусі, і таксама будзем даследаваць тэмы, якія мала або зусім не даследаваныя ў беларускай гістарыяграфіі”, – дадае Алесь Краўцэвіч.

 

РР: Ці ёсць патрэба ў такіх ведах? І хто гэтыя студэнты – беларусы, якіх цяпер даволі шмат вучыцца ў Варшаве, ці таксама і палякі?

 

– Ёсць зацікаўленасць, у тым ліку і з боку палякаў. Гэта можа быць звязана з тым, што Беларусь як краіна, як дзяржаўная палітычная сістэма – яна з’яўляецца пэўным феноменам. Гэта выспа аўтарытарызму, таталітарызму, і гэта прыцягвае. Маладых людзей прыцягвае незвычайнае, а даследаваць апошнюю дыктатуру – гэта цікава, таксама, як і механізмы, як гэтую дыктатуру пераўтварыць у нармальную сістэму.

 

РР: Ці ўдасца тут пазбегнуць „падзелу гісторыі”, калі і Польшча, і Літва, і Беларусь лічаць пэўныя падзеі і пэўных асобаў часткай сваёй нацыянальнай гісторыі?

 

– Вось якраз адной з задачаў мы бачым напісанне неканфрантацыйнай гісторыі польска-беларускіх адносінаў, якая не падзяляе, а аб’ядноўвае, не абмінаючы складаных праблемаў і момантаў у гісторыі. Але мы гэтыя канфлікты плануем разглядаць не для падсычэння, не для павелічэння варожасці, а для разлічэння з мінулым і наладжвання добрасуседскіх адносінаў. Гэта тое, што не могуць зрабіць палітыкі „лукашысцкія”.

 

РР: І так разумею, што ўжо вядомыя і тыя выкладчыкі, гісторыкі, якія будуць працаваць вось у гэтым новым Цэнтры беларускіх студыяў?

 

– Так, гэта вядомыя гісторыкі, найперш гарадзенскія, якія аказаліся „непатрэбнымі”, якіх проста выгналі з дзяржаўных установаў. Гэта і прафесар Вячаслаў Швед, і прафесар Святлана Куль-Сяльверстава, і кандыдат навук Андрэй Чарнякевіч, і яшчэ ў суме 11 асобаў.

 

Беларускія гісторыкі стварылі ўласную “Гільдыю”

 

РР: Шкада, што ўсё ж нашыя гісторыкі будуць працаваць у Варшаве, а не могуць гэта зрабіць у Гародні. Ці Гародня не губляе сябе як адзін з цэнтраў гістарычнай навукі?

 

– Наадварот. Тое, што людзі афіцыйна працуюць у Варшаўскім універсітэце, не азначае, што яны будуць працаваць для Польшчы. Не, яны будуць працаваць для Беларусі больш, чым для Польшчы. Гісторыкі будуць прыязджаць у Варшаву, але жыць пераважна ў Беларусі, займаецца ў той жа Гародні навуковай дзейнасцю, і працаваць для Беларусі.

 

РР: І асноўная мова будзе польская?

 

– Не. Мы будзем выдаваць орган – Гадавік Цэнтру, і асноўнай мовай будзе беларуская. Канешне, будзе і польская, напрыклад, нехта з польскіх студэнтаў, магістрантаў, напіша цікавую працу пра Беларусь. Гэта будзе выдавацца ў Варшаве.

 

„Так што будзе дзве мовы, але асноўная – беларуская”, – падкрэсліў Алесь Краўцэвіч.

 

Крыніца: Беларускае Радыё Рацыя

Фота Яна Лялевіча з архіву “Твайго стылю”