Шукаем добрыя рукі

| Без катэгорыі

Вясёлы клоўн надуваў доўгія балонікі і вытвараў з імі розныя шаласці, з-за чаго яны ператвараліся ў сабачак і ўсялякія іншыя рэчы. Чараўнік-жанглёр майстэрскі арудаваў сваімі незвычайнымі палачкамі, дзеўчынка з белым тварам старанна спрабавала знайсці сабе сябра, але ўсе яе высілкі ні да чога не прыводзілі – дзеткі яе пужаліся, убягалі і прыціскаліся да сваіх бацькоў.

На радасць мядзведзям, каля самых іх вальераў разгарнулася імправізаваная сцэна, на якой прайшоў міні-канцэрт вакаліста гурту «Воображаемые люди» Юрыя Дубовіка і гурту «Тихий час». Але ўвагу большасці наведвальнікаў гэта прыцягвала толькі на некалькі хвілін, яны ўсё ж такі прыйшлі паглазець на жывёлаў у якіх ёсць свой уласны дом – клетка з бетоннай падлогай.

 

 

 

 

 

Побач са сцэнай размясціліся валанцёры, якія жадаюць дапамагчы бяздомным жывёлам. Яны арганізавалі збор подпісаў у падтрымку будаўніцтва прытулка для жывёл. Абаронцы правоў жывёл плануюць пайсці разам з гэтымі подпісамі да гарадзенскіх уладаў з надзеяй, што іх падтрымаюць і акажуць дапамогу ў пошуку месца для размяшчэння прытулку ці, як наймней, не будуць перашкаджаць.

 

align=”left” >Большасць наведвальнікаў заапарку, што праходзілі побач, ставілася да такой ідэі даволі пазітыўна. Тэкст на абвестцы каля стала з падпіснымі лістамі быў такі: «Адзін подпіс можа выратаваць дзесяткі жыццяў». Некаторыя добрыя гарадзенцы, даведаўшыся пра такія магчымасці, хацелі пакінуць некалькі подпісаў. Былі і такія, што казалі: «Я свой подпіс ставіць не буду! Пагляньце, колькі бяздомных людзей – дапамагайце лепей ім!», і задаволеныя сваёй дабрынёй ішлі далей, веруючы у тое, што не паставіўшы свой подпіс ў падтрымку жывёл, яны дапамагаюць людзям. Некаторыя запавольвалі свае крокі, каб разглядзець, чаму тут «тоўпяцца» і, не адрываючыся ад жмені недагрызеных семак, ішлі далей разглядаць дзікабразаў і марскіх свінак.

 

Адна з маладых і прыгожых валанцёрак Эла трымае ў сябе ў хаце двух котак і яшчэ трох пад сваім пад’ездам. Яна кажа, што праблема бяздомных жывёл у Гродна вельмі актуальная і пастаянна павялічваецца, разам з павелічэннем колькасці жывёлаў. Калі яе коцікі накормленыя, дагледжаныя, стэрэлізаваныя і пастаянна наведваюць ветэрэнара, то пад большасцю гарадскіх пад’ездаў сітуацыя зусім іншая.

 

Не кажучы пра небяспечную агрэсіўнасць некаторых жывёл, яны могуць быць разносчыкамі блыхаў, скураных захворванняў, ці па-просту давіць на жаласць эмацыйным гарадзенцам сваім безабаронным выглядам. Хтосьці з задавальненнем дапамог бы ім, але ж не кожны раз пад рукой кавалак кілбаскі бывае, а дахаты забраць жылплошча не дазваляе ці надзвычайная раўнівасць шасці раней падабраных котак.

 

Барацьбой з бяздомнымі жывёламі займаецца Спецаўтагаспадарка, па словах Элы гэта адбываецца наступным чынам: «Па афіцыйнай версіі ў жывёл спачатку страляюць, але страляюць нейкімі ампуламі з усыпляльнымі сродкамі. Потым іх прывозяць для дагляду ветэрынару, які прымае рашэнне пакідаць гэтую жывёлу ці лепей забіць яе адразу. Пры ўсыпленні павінен выкарыстоўвацца спецыяльны прэпарат Т-61, але, на жаль, няма доказаў, што гэта так ці не, бо, наколькі я ведаю, яшчэ нікога не дапусцілі ў тыя вальеры, у якіх адбываецца забойства жывёл. Ніхто не праводзіў дагляду, каб даведацца як яны былі забітыя. Існуюць думкі, што для забойства жывёл выкарыстоўваецца пацучыны яд, напрыклад, супраць катоў, а гэта вельмі жорстка, гэта вельмі балючая смерць».

 

Пасля адлову жывёлам даецца пяць дзён на тое, каб іх маглі забраць гаспадары. Але, як кажа Эла, ёсць інфармацыя, што ў мінулым годзе ніхто не звярнуўся ў Спецаўтагаспадарку за жывёламі і гэта азначае, што ўсе яны былі забітыя, некалькі тысяч.

 

Занепакоеная лёсам бяздомных жывёл Эла бачыць прычыну ўзнікнення праблемы ў наступным:

 

– Галоўная прычына – гэта безадказнасць людзей. А потым гэта ўжо наступныя пакаленні кінутых кацянят і сабак. У нашым адміністратыўным кодэксе прадугледжана адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёламі, але няма адказнасці за тое, што гаспадар выкідвае жывёлу на вуліцу. Ніхто гэтага не кантралюе, таму што вельмі малая колькасць людзей рэгіструе сваіх жывёл у ЖЭС-е. Гэта факт так сама павінен кантралявацца і павінны прымацца адпаведныя меры. Атрымліваецца, што людзі проста выкідаюць сваіх жывёл з надзеяй на тое, што іх потым хтосці возьме дахаты. Гэта не нармальна.

 

У бліжэйшых планах валантэрскай групы – распачаць працу па стварэнні грамадскай арганізацыі, якая будзе займацца аховай правоў жывёл, стварэннем і ўтрыманнем прытулку для бяздомных котак і сабак. І Элла кажа, што людзі ўжо ёсць: «Зараз вядзецца праца па стварэнні Статуту, таму што, адкрыю сакрэт, мы бы хацелі зрабіць нешта накшталт гатэлю для тых жывёл, чые гаспадары з’яжджаюць і не маюць каму іх заставіць для дагляду. Гаспадары маглі б пакінуць гэтую жывёлу нам, канешне, з абавязкам пазней забраць яе».

 

Эла распавядае, якім чынам можна далучыцца зацікаўленым асобам і чым можна дапамагчы.

 

На гродзенскім форуме існуе тэма, туды можна пісаць. На дадзены момант дапамога патрэбна менавіта для рэгістрацыі грамадскага аб’яднання, чым больш будзе сябраў арганізацыі, тым лепей, тым гэта пераканальней для ўлады. А калі з’явіцца прытулак, арганізацыі будзе патрэбна фінансавая дапамога. Будуць патрэбныя і валанцёры, якія будуць прыходзіць і гуляць з сабакамі, карміць жывёлаў, тыя, хто будуць займацца рэкламай гэтых жывёлаў. Трэба будзе іх фатаграфаваць, складаць каталогі. Спатрэбіцца і асабісты сайт у інтэрнэце і яшчэ шмат чаго.

 

– Але грошы – не самае галоўнае, –кажа Эла. – Некаторыя думаюць, што ў іх маленькія заробкі, таму яны нічым не могуць дапамагчы, але самае галоўнае – гэта падтрымка і ўдзел у нашай справе.