Супраць каго збіраюцца ваяваць “воіны Хрыста”: як на Гродзеншчыне рыхтуюць салдатаў “рускага свету”
На фота вышэй – інструктары “Казацкага спасу” злева направа: Пятро Зубацкі, Пятро Шапко, Сяргей Зубацкі. Праваруч — лейтэнант міліцыі Дзяніс Мішкель. За спінаю Сяргея Зубацкага — маёр міліцыі Павал Найда.
Вось, з аўтаматамі, Сяргей і Пятро Зубацкія — магчыма, браты.
Абодва яны не хаваюць сваіх поглядаў — іх старонкі Укантакце заваленыя імперскімі і расійскімі сцягамі, тэкстамі ў падтрымку баевікоў Данбаса. І картамі, дзе Беларусь пазначаная часткаю Расіі.
Скрыншот фота на старонцы Пятра Зубацкага.
Яны падпісаныя на суполку “Белоруссія Северо-Западный край Россіі“, якая ўжо сваёй назваю цягне на крымінальны артыкул за заклікі да ліквідацыі Беларусі як дзяржавы.
Кантэнт гэтай суполкі складаюць беларусаненавісніцкія тэксты.
“Пазняк, Шушкевіч і Лукашэнка для мяне ў адным шэрагу — усе яны незалежнікі недаробленыя”, — піша адзін з сяброў гэтай суполкі.
Іншы разважае пра беларускую мову: “Як часта вы карыстаецеся гэтым га.ном”?
Пятро Зубацкі адказвае, што “сапсаванай палякамі рускай мовай? Ніколі!”.
Сяргей Зубацкі ж расказвае сваім сябрам пра тое, што дарма Лукашэнка “захапляецца ліцвінізмам” і што нібыта беларусы Гомельшчыны і Магілёўшчыны “воўкам вылі“, калі іх “гвалтоўна” далучалі да БССР у 1926 годзе.
Словам, Зубацкія — патэнцыйныя сепаратысты, якія таго і не хаваюць.
Злева направа за кадэтамі: маёр міліцыі Павел Найда, «казакі» Пятро Зубацкі, Сяргей Зубацкі.
Фестываль славянскіх адзінаборстваў на адзін дзень прынес у Гродна “Русский мир”
Інструктары
А вось мы бачым Зубацкіх на фота сярод падлеткаў.
На некаторых дзецях — чорны берэт.
Гэта фота з палявых вучэнняў выхаванцаў клубаў “Славяне” і “Дружына” — гэтак званых “праваслаўных вайсковапатрыятычных” клубаў Гродзенскай епархіі.
Зубацкія тут — інструктары, якія прадстаўляюць структуру “Казацкі спас”.
Мы сталі разбірацца, хто яшчэ з дарослых на гэтых фотах. І былі шакаваныя, калі выявілі прынамсі двух афіцэраў міліцыі.
Чаму ў Гродне?
Гродзеншчына — самы каталіцкі рэгіён Беларусі. Доля праваслаўных вернікаў тут меншая, чым у іншых абласцях. Але менавіта Гродзенская епархія лідзіруе ў іншым — актыўнасцю ў стварэнні гэтак званых “вайскова-патрыятычных” клубаў.
Лейтэнант міліцыі Мішкель (злева) і протаіерэй Яўген Павяльчук (справа), стваральнікі клубаў “Славяне” і “Дружына”.
У вобласці іх дзейнічае аж пяць.
Гэта “Дружына” пры храме Богаяўлення ў Шчучыне, “Славяне” пры Свята-Пакроўскім кафедральным саборы Гродна, “Віцязі” пры Свята-Уладзімірскай царкве ў Гродне, “Белая Русь” пры храме Святога дабраславёнага князя Аляксандра Неўскага ў вёсцы Верцялішкі і клуб “Братэрства” пры храме ў гонар Сабора Усіх Беларускіх Святых горада Гродна.
Акрамя Гродна, праваслаўныя вайскова-патрыятычныя клубы зафіксаваныя ў Віцебску, Слоніме, Брэсце, Тураве, Беразіне, Магілёве, Гомелі, Полацку, Бабруйску. Усяго іх 14.
Мы мірная, спакойная краіна. Ніякіх пагроз праваслаўю няма, у краіне ўжо сотні гадоў не было ніякай міжрэлігійнай варожасці. Нашто праваслаўным ваенізаваная падрыхтоўка?
Яўген Павяльчук прычашчае малалетняга ўдзельніка збораў
“Наша Ніва” датэлефанавалася да протаіерэя Яўгена Павельчука, які ў Гродзенскай епархіі адказны за супрацу з вайсковымі структурамі і з’яўляецца заснавальнікам “Славян” і “Дружыны”. Першы раз, пачуўшы, адкуль яму тэлефануюць, Яўген сказаў “до свіданія”, але пасля таго, як яму пазванілі з прэс-службы епархіі, усё ж пагадзіўся пагаварыць.
“Мы вучым дзяцей патрыятызму, патрыятызму беларускаму, — сказаў Павяльчук, — і калі вы ацэньваеце гэтую працу толькі па карцінках у інтэрнэце, то гэта не правільна. Трэба ведаць працу клубаў знутры. Нам крыўдна, што вы вінаваціце нас у тым, у чым мы не вінаватыя. Мы рыхтуем веруючых грамадзян Беларусі”.
На пытанне, ці не бачыць ён пагрозы беларускаму патрыятызму ў тым, што з дзецьмі займаюцца адкрытыя расійскія шавіністы, Павяльчук сказаў, што такога няма, і абвінаваціў нас у хлусні. Аднак змяніў тон, калі мы прыгадалі яму фотасправаздачы, змешчаныя на сайце арганізацыі “Казацкі спас”.
“Ну было, так, яны [інструктары Шапко] адзін раз бралі ўдзел у палявым выхадзе, і што? Не бачу абсалютна нічога адмоўнага”, — сказаў Павяльчук.
“Вырасцеце воінамі Хрыста”
У мілітарызаваныя суполкі набіраюць збольшага “цяжкіх”, агрэсіўных падлеткаў. Дзеці 4 разы на тыдзень наведваюць заняткі, дзе з імі праводзяць духоўныя гутаркі, але таксама вучаць рукапашнаму бою, стральбе з аўтаматаў і пісталетаў, навыкам выжывання, асновам медычнай дапамогі.
Проста 13-гадовыя пацанчыкі з аўтаматамі.
Непаўналетніх сяброў гэтых “клубаў” больш за 100 чалавек.
Адзін-два разы на месяц дзеці разам з інструктарамі выпраўляюцца ў лес, каб праверыць тэорыю на практыцы — пад выбухі штучных гранат яны гуляюць у страйкбол і адпрацоўваюць паводзіны ў баявых сітуацыях.
“Мы чакаем плёну, спадзяёмся, што ўсе вы вырасцеце годнымі воінамі Хрыста”, — такія словы благачыннага Шчучынскай акругі іерэя Аляксандра Пастарняка на адрас кадэтаў прыводзіць сайт Church.by. (на момант публікацыі спасылка не працавала і старонка захавалася толькі ў кэшы гугла. Таму вось яшчэ і скрыншот)
Чорныя берэты
У “клубах” епархіі ёсць і свае званні, аналагічныя вайсковым, а таксама найвышэйшая форма прызнання здольнасцяў — права насіць “чорны берэт”.
Каб атрымаць “чорны берэт”, выхаванец г.зв. “вайсковапатрыятычнага” клуба мусіць прайсці выпрабаванні накшталт спрошчанай здачы на “крапавы”: прабегчы 10 кіламетраў у поўнай выкладцы, прайсці паласу перашкодаў і адстаяць тры раўнды ў рукапашным баі з інструктарам.
Апроч таго, “чорныя берэты” бясплатна скачуць з парашутамі на базе Гродзенскага аэраклуба. “Яны непаўналетнія, таму мы з іх грошай не бяром, мы ж бюджэтная арганізацыя”, — сказалі “Нашай Ніве” ў аэраклубе.
Форма, харчаванне, пнеўматычная зброя — на ўтрыманне гэтых клубаў cыходзіць велізарная сума. Да прыкладу, кошт найтаннейшага патрыманага страйкбольнага аўтамата Калашнікава пачынаецца ад 120 даляраў.
Падчас прысягі дзеці клянуцца быць “вернымі чадамі Святой Рускай Праваслаўнай Царквы”.
Кадр з “прысягі”. Хлопцу з аўтаматам на выгляд гадоў дзесяць.
“Хто твае куміры?” — “Мікалай ІІ і Дзёмушкін”
Хто кіруе “Славянамі” і “Дружынай” — узгаданымі клубамі, на трэніроўкі якіх запрашаюць братоў Зубацкіх і іншых падобных “інструктараў”?
Клуб “Дружына” заснавалі святар Яўген Павяльчук і супрацоўнік Шчучынскага дэпартамента аховы Дзяніс Мішкель.
Потым протаіерэя Яўгена перавялі ў Гродна, дзе ён заснаваў яшчэ адзін клуб, “Славяне”. Неўзабаве ў Гродна перабраўся і Дзяніс Мішкель, стаўшы адначасова і інструктарам новага клуба, і старшым інспектарам аддзялення ідэалагічнай работы Гродзенскага абласнога ўпраўлення дэпартамента аховы МУС.
Яшчэ адзін інструктар клуба “Дружына” — начальнік аператыўна-дзяжурнай службы Шчучынскага РАУС маёр міліцыі Павел Найда.
Мішкель і Найда ў міліцэйскай форме разам з кадэтамі
Хтосьці можа не адшукаць у гэтых клубах нічога кепскага. Усё ж фізічная нагрузка для падлеткаў. Але для чаго тыя расійскія сцягі? Чаму няма папулярызацыі поспехаў нашай краіны — Беларусі, праслаўлення нашых герояў — беларускіх, ушанавання нашай сімволікі — нацыянальнай ці дзяржаўнай, каму як падабаецца?
Вось, да прыкладу, скрыншоты са старонак выхаванцаў Дзяніса Мішкеля Укантакце.
“Хто твае куміры?” — пытаюцца ў аднаго з выхаванцаў Мішкеля на старонцы ў сацсетках. “Мікалай ІІ і Дзёмушкін”, — адказвае хлопец. (Зміцер Дзёмушкін — расійскі скінхэд, ідэолаг рускага нацыяналізму.)
Іншы хлопец змяшчае расійскі імперскі сцяг на сваёй старонцы побач з уласнымі фотаздымкамі.
Хто заклаў такія ідэі ў галовы падлеткаў, якія яшчэ не скончылі і школы?
І рэклама РНЕ
Адміністратары суполкі “Праваслаўных вайскова-патрыятычных клубаў Гродзенскай епархіі” Укантакце не саромеюцца выкладаць на сценцы суполкі расійскія сцягі.
А на інтэрнэт-старонцы клубаў “Славянін” і “Дружына”, якімі кіруе лейтэнант-ідэолаг гродзенскай міліцыі Дзяніс Мішкель і маёр Найда, увогуле змешчаная рэклама… баевікоў РНЕ! У ёй добраахвотнікаў запрашаюць на вайну “ў абарону рускіх на тэрыторыі былой (!) Украіны”.
Афіцыйнай беларускай сімволікі ў суполках няма ўвогуле.
Ад каго “спасаць” збіраюцца?
Зубацкія належаць да дарослай арганізацыі “Казацкі спас”.
З кантэнту ў суполцы “Казацкага спасу” ў сацсетках вынікае, што гэтыя людзі проста прагнуць далучыцца да Расіі. Хоць арганізацыя падае сябе як “беларускіх казакоў”, у іх суполцы толькі расійскія і імперскія сцягі, да якіх далучаныя запісы накшталт “Мы — рускія, з намі Бог”.
На іх сайце з’яўляюцца і справаздачы аб удзеле сяброў “Казацкага спасу” ў маскоўскіх семінарах.
Карэспандэнты “Нашай Нівы” яшчэ дзесяць гадоў назад, робячы журналісцкія расследаванні, назіралі, як на аналагічныя сустрэчы масава вазілі і будучых кіраўнікоў баевікоў Данбаса.
Дарэчы, кіраўнік “Казацкага спасу” Пятро Шапко — часты госць на ток-шоу Гігіна. Праўда, у Вадзіма Францавіча яго прэзентуюць не як “казака”, а як кіраўніка ініцыятывы “Горад без наркотыкаў”.
Адзіныя казакі ў беларускай гісторыі
У старадаўняй Беларусі казакоў ніколі не было, у даўнія часы яны былі ва Украіне, а нашы продкі лічылі іх бандзюгамі, якія сеюць хаос.
Адзіным мясцовым выключэннем сталі казакі палкоўніка Паклонскага на Магілёўшчыне, што ўзніклі пад уплывам казацтва Багдана Хмяльніцкага ў часе вялікай вайны Рэчы Паспалітай, Масковіі, Швецыі і Запарожскай Сечы у 1648—1654 гадах. Спачатку яны дапамаглі маскоўскаму цару захапіць Магілёў, а калі раскусілі характар саюзнікаў, уначы перарэзалі расійскі гарнізон да апошняга чалавека.
Хто такія сённяшнія “казакі”?
Сучасныя “казацкія” арганізацыі Беларусі — гэта сумнеўнага паходжання мілітарызаваныя суполкі. Іх некалькі: “Усебеларускае казацтва”, “Нёманскае казацтва”, “Казацкі спас” ды іншыя.
Нядаўні хросны ход сучасных “казакоў” у Сапоцкіне.
Ні адна з іх не мае дачынення да сапраўднага, гістарычнага казацтва. Але мэты найбольш радыкальных з іх мала розняцца ад мэт колішніх баевікоў РНЕ — радыкальнай арганізацыі, дзейнасць якой беларускія спецслужбы спынілі ў сярэдзіне 2000-х.
Небяспечныя сувязі
Бачылі кадры з Данбаса, у што там ператварылі багаты край? Тое самае зробяць і з Беларуссю, калі мы будзем дурнямі.
Ці звязаныя нечым між сабой, акрамя ідэйнай блізкасці, кіраўнік “Казацкага спасу” Шапко і афіцэры беларускай міліцыі Мішкель і Найда? Ці гэта проста выпадковасць і магчымасць такім чынам “асвойваць” сродкі, што паступаюць ад няясных расійскіх структур па каналах РПЦ? Мы не маем адказу на гэтае пытанне.
Дзяніс Мішкель падчас размовы з журналістам “НН” сказаў толькі, што “не разумее, пра што ідзе гаворка”, і кінуў трубку.
Калі беларускіх дзяцей у 10 гадоў аддаюць на “выхаванне” інструктарам, якія не прызнаюць беларусаў за нацыю, якія былі б рады ліквідацыі Беларусі як дзяржавы, то што гэта калі не бомба запаволенага дзеяння? Прыкра, што гэтаму свядома ці несвядома спрыяюць і асобныя праваслаўныя святары, і дзейсныя супрацоўнікі беларускай міліцыі.
Крыніца: nn.by