Прыпыненне санкцый: пацяпленне адносінаў ці палітычная гульня?

|

Навошта ЕС часова спыняе персанальныя санкцыі?


Такое рашэнне з’яўляецца адказам на вызваленне большай часткі палітычных зняволеных у Беларусі, а таксама на адсутнасць масавых арыштаў пасля прэзідэнцкіх выбараў, як гэта было ў 2010-ым. Такога меркавання прытрымліваецца частка беларускіх экспертаў.

 

Іншая частка схільная лічыць, што Еўразвяз засцерагаецца ад дзеянняў суседняй Расіі і імкнецца папярэдзіць магчымае ўзнікненне новай гарачай кропкі, на гэты раз не ўкраінскай, а беларускай. Маўляў, захаванне санкцыяў у цяперашняй сітуацыі толькі б падштурхнула Беларусь у “абдымкі” ваяўнічай суседкі.

 

Тыя, хто пазітыўна ставіцца да прыпынення санкцый, лічаць стратэгію Еўразвязу станоўчай для Беларусі, бо гэта будзе спрыяць развіццю грамадзянскай супольнасці, узнікненню новых платформаў для двухбаковага дыялогу і, магчыма, нават персанальнага “дэмакратычнага ціску” на палітычныя погляды Лукашэнкі. 

 

Скептыкі і праціўнікі замарожвання санкцый прытрымліваюцца думкі аб тым, што беларуская ўлада паспрыяла проста разыграла “карту палітзняволеных” для здабыцця дадатковых сродкаў з боку Еўропы. Таму ад прыпынення санкцый найперш выйграе Лукашэнка і КО, а не беларускае грамадства.

 

Магчымыя наступствы


Па-першае, прыпыненне персанальных санкцый можа паўплываць на атрыманне дадатковай падтрымкі з боку Еўразвязу на выпадак патэнцыяльнага пагаршэння эканамічнай сітуацыі ў Расіі, эканамічных адносінаў з Расіяй, альбо агрэсіі з яе боку.

 

Пазітыўным для беларускага грамадства таксама можа стаць паскарэнне і выніковасць дыялогу па спрашчэнні візавага рэжыму.

 

Па-другое, замарожванне менавіта персанальных санкцый сапраўды можа паўплываць на невялікі паварот уладаў Беларусі ў бок дэмакратычнасці. Аднак спадзявацца на нешта большае за касметычныя псеўдадэмакратычныя рэформы не варта. Якраз таму, што ў выпадку, калі за дзеяннямі Еўропы стаіць мэта замены “злога Лукашэнкі на Добрага” (і калі часовае зняццё санкцыяў з’яўляецца паслядоўным адказам на вызваленне палітзняволеных), то гэтыя падзеі ператвараюцца ў палітычную гульню. А, як паказвае гісторыя, Лукашэнка гуляцца любіць, але не любіць, калі гуляюцца з ім.

 

Магчыма, лепшай альтэрнатывай прыпыненню санкцый для 170 беларускіх чыноўнікаў магла б быць стратэгія, якую абралі ЗША. А менавіта: зняццё санкцый з часткі беларускіх прадпрыемстваў, але не прыпыненне забароны на ўезд у Еўразвяз для беларускіх чыноўнікаў, да моманту, калі ў краіне не пачнуць ажыццяўляцца сапраўдныя дэмакратычныя рэформы, ва ўсялякім выпадку, не для Лукашэнкі. 

 

Пра аўтара:

 

align=”left” alt=”Леся Руднik” width=”249″ height=”249″ >Леся Руднік, бакалаўр паліталогіі (ЕГУ), магістрантка Стакгольмскага ўніверсітэта.