«Хворыя» фантазіі французскіх казачнікаў

|

Акурат тады, калі вечны жандарм Луі пачаў спаглядаць на газон знізу, свае творчыя эксперыменты распачаў культавы дуэт Жан П’ера Жэнэ і Марка Каро. Супольныя іх працы ў нас не надта вядомыя. Значна лепш з уласнай творчасцю Жан П’ера – пасля распаду дуэта ён зняў «Чужы: Ўваскрашэнне», «Амэлі» і «Вельмі доўгія заручыны» (два апошнія прынеслі вядомасць Одры Тоту). Жэнэ таксама прэтэндаваў на Хэлбоя, пакуль Дэль Торо не пераняў гэты праект.

 

Пра Марка Каро ў сваю чаргу некаторыя ўжо былі падумалі, што памёр, але нечакана ў 2008 годзе ён вярнуўся з таго свету з няўцямным малабюджэтным фільмам «Дантэ 01». Гэта фантастычная стужка стылістычна набліжаная да «Хронік Рыдыка», а па сюжэце – недзе побач з «Зялёнай міляй». Агульнае ўражанне як і ад «Фантана» Дарэна Араноўскага: высокаэстэтычная карцінка з вялікай колькасцю сімвалаў, пачынаючы ад імён герояў, заканчваючы фінальнай, месіянскай сцэнай. У абодвух выпадках – цяжка сказаць аб чым і для каго фільм.

 

Але хопіць пра ўласныя стужкі Жэнэ і Каро – пра іх я калісці напішу асобна. Сёння варта прыгледзецца да трох сумесных прац рэжысёраў, у якіх яны практыкаваліся ў кінамайстэрстве і стваралі свой непаўторны стыль.

 

Першы храналагічна – караткаметражны сюрэалістычны трылер «Бункер апошняга стрэлу». У абшарпаным бункеры пасярод камяністай пустэчы сядзяць дзіўнаватыя вайскоўцы, выглядам падобныя да нацыстаў. Незразумела, з кім і навошта яны ваююць і ці ваююць наогул. Нейкі механізм пачынае адлічваць час – сярод і без таго не зусім нармальных жаўнераў пачынаецца паніка, у цёмных кутах бункера адбываюцца забойствы, арганізуецца вылазка наверх.

 

Паранаідальны фільм Жэнэ і Каро – хіба што стылістычны маніфест, практыкаванне формы. Тут нараджаліся знаходкі, выкарыстаныя потым у двух наступных фільмах, якія небезпадстаўна сталіся культавымі.

 

Першы з іх – злёгку постапакаліптычная, прыпраўленая канібалізмам, аповесць пра каханне. У зруйнаваным вайной свеце кукуруза замяніла грошы, а каб выжыць, жыхары камяніцы павінны аддаваць гаспадару-мясніку кагосці на з’ядзенне. Нават у такіх умовах нараджаецца каханне, а Жэнэ і Каро знаходзяць месцы для жартаў.

 

Перадусім, «Дэлікатэсы» – банкет стылю і візуальнае баляванне. Цудоўныя кадры, колеры, сцэнаграфія. Плюс – якасны саўндтрэк ад Карласа Далезіё. І, канечне, арыгінальны сюжэт. Усё гэта гарантавала фільму верных фанаў, якія палюбілі спецыфічны стыль французаў. І тыя іх не расчаравалі – праз тры гады яны вярнуліся з незвычайнай казкай «Горад згубленых дзяцей».

 

Дзеянне «Гораду…» адбываецца ў зацягнутым імглой, вільготным, змрочным партовым горадзе. Навуковец Кранк не можа спаць, таму выкрадае дзяцей, каб скрасці іх сны. Гэтым разам у гісторыі няма крыві і яна значна багацейшая візуальна. Хіба што акурат тут Жэнэ і Каро дасягнулі вяршыняў супольнай творчасці. Аднаго прагляду цалкам хапае, каб закахацца ў стужку назаўсёды. Дзіўныя машыны, апараты, іржавыя трубы, мозг у слоіку, які размаўляе і скардзіцца на мігрэнь – элементы стымпанку дадаюць фільму рэтра-шарму. Як і мінулым разам, варта адзначыць удалае музычнае афармленне – Ажэла Бадаламэнці, якому давяраў нават Дэвід Лінч, стварыў саўнтрэк, які хочацца слухаць пасля прагляду фільму.

 

Пасля «Гораду… » дуэт распаўся. Марк Каро вярнуўся ў малабюджэтнае кіно, а Жанам П’ерам зацікавіўся Галівуд. Але творцы не забываліся пра актораў, якія прыклаліся да поспеху іх фільмаў. Дамінік Пін’ён працаваў у большасці праектаў Жэнэ і Каро, пачынаючы з «Дэлікатэсаў». Вось і цяпер, у найноўшым фільме Жэнэ «Micmacs à tire-larigot», мы ўбачым Дамініка Пін’ёна і Дэні Буна.

 

А значыць, у нашых планах на восень будзе яшчэ адна якасная прэм’ера. І пляваць, што для многіх творчасць Жэнэ і Каро – вынікі хворага светаўспрымання. Мы ж з вамі ведаем, што тыгры любяць больш за ўсё на свеце!

Фільм: Бункер апошняга стрэлу / Le bunker de la dernière rafale, 1981 г., Францыя, 26 хв.

Жанр: сюрэалізм

Асабістая ацэнка: не паддаецца ацэнцы

 

Фільм: Дэлікатэсы / Delicatessen, 1991 г., Францыя, 95 хв.

Жанр: чорная камедыя

Асабістая ацэнка: 8/10

 

Фільм: Горад згубленых дзяцей / La cité des enfants perdus, 1995 г., Францыя-Германія-Гішпанія, 112 хв.

Жанр: рэтрафутурыстычная казка

Асабістая ацэнка: 9/10