Чацвертаваны ксёндз, рытуальнае забойства і чыноўнікі-злодзеі: самыя гучныя крымінальныя справы ў гісторыі Гродна
З дакументаў расійскай адміністрацыі мы ведаем пра мноства крымінальных гісторый. Праўда, звесткі аднабокія. Самі злачынцы пасля сябе нічога не пакінулі, бо звычайна не ўмелі пісаць.
У 1880-х самымі небяспечнымі вуліцамі былі сучасныя Ажэшкі, Савецкая, Падольная, чыгуначны вакзал, занемаскі фарштат і сянная плошча, дзе адбываліся кірмашы. Там вельмі актыўна працавалі кішэннікі.
Месцы канцэнтрацыі злачыннасці пазначаныя на мапе колерамі
Справу пра забойства ксяндза-ліхвяра так і не закрылі
Самая гучная справа аб забойстве ў ХІХ стагоддзі – справа аб забойстве ксяндза Любавіцкага ад 19 лютага 1843 году.
20 лютага афіцэр пажарнай службы, яўна п’яны, зайшоў у грамадскую прыбіральню, дзе заўважыў тушу. Думаючы, што гэта свіння, схапіў яе і прынёс дадому жонцы. Жонка заўважыла, што гэта чалавечае цела з адсечанымі рукамі, нагамі і галавой, і прымусіла мужа вярнуць цела назад.
У гэтай гучнай справе было сем абвінавачаных. Варта адзначыць, што святар быў ліхвяром і ў яго было шмат даўжнікоў. Па сведчаннях гарадзенцаў, ксёндз вёў разгульны лад жыцця, часта наведваў “непатрэбных” дзевак у публічных дамах, дзе яго аднойчы і абрабавалі. Але справа засталася нераскрытай і была перададзена “волі Божай”, бо вінаватага так і не знайшлі.
Памяць пра наступнае буйное забойства захоўвалася сярод жыхароў Гродна больш за 100 год. У красавіку 1816 году была забіта дзяўчынка Мар’яна. Спахапіўшыяся бацькі знайшлі цела праз кіламетр ад дому. Следства вырашыла, што дзяўчынка стала ахвярай рытуальнага забойства, бо была забіта тупым прадметам, адна рука – адрэзана. Падазрэнні палі на жыдоў – Нібыта такім чынам яны здабывалі кроў для мацы. Менавіта пасля гэтай справы ў Расійскай Імперыі пастанавілі больш не абвінавачваць жыдоў у рытуальных забойствах.
Судовая экспертыза – не такое ўжо і сучаснае вынаходніцтва. Яна дзейнічала ў Гродне на працягу ХІХ стагоддзя. Ускрыццё цел праводзілася вельмі часта, нават калі здавалася, што чалавек паміраў звычайнай смерцю. Бывала, доктар ускрые цела, а са страўніка ідзе выразны водар алкаголю. Відавочна – атручанне алкагольнымі напоямі.
У часы Расійскай імперыі самагубства лічылася злачынствам, няўдалага самагубцу маглі саслаць у Сібір. Дарэчы, гарадзенскія самагубцы хутка аблюбавалі чыгуначны мост.
Хітры прадпрымальнік не даваў замерзнуць Нёману
У Гродна расійскія чыноўнікі займаліся свавольствамі. Напрыклад віцэ-губернатар Максімовіч пабудаваў свой дом (зараз там рэстаран “Королевская охота”) з дапамогай фінансавых махінацый. У час яго знаходжання на пасадзе ў бюджэт не паступіла каля 15 тыс. рублёў срэбрам і яшчэ больш значная сума асігнацыямі. Тады Гродна нават хацелі абвесціць банкрутам, але абыйшлося.
Чынавенства падобныя праблемы не спынялі і ўжо ў 1835 годзе казначэй Ян Астраміцкі скраў каля 19 тыс. рублёў.
Чынавенства крала таксама ў турме і ў навучальных установах. Дырэктар гарадзенскай гімназіі скраў у вучняў каля 2,5 тыс. рублёў з дапамогай махінацый бухгалтара.
Найцікавейшы выпадак хабарніцтва ў гісторыі горада – сітуацыя з незамярзаннем Нёмана. Раней пастаяннага мосту не было, і гарадскія ўлады кожны год здавалі ў арэнду прадпрымальнікам, праз аўкцыён, права на перавозку гараджан на пароме. Зімой жа Нёман звычайна замярзаў, і людзі маглі хадзіць праз раку пешшу. Аднак, дзве зімы запар рака ніяк не магла замерзнуць. Гараджанам прыходзілася плаціць за пераправу на пароме па 10 капеек. Аказалася, што прадпрымальнік, які арандаваў права на пераправу, быў у змове з гарадзенскім паліцмейстарам і заплаціў сялянам з вёскі Салы, што крыху вышэй па рацэ, каб яны нацягнулі ў рэчцы вяроўку і такім чынам стрымлівалі лёд.
Гісторык Алесь Радзюк
“Шаноўны грамадзянін” з Вільні зрабіў падкоп у казначэйства
Рабавалі храмы – былі абкрадзеныя Барыса-Глебскі і Іезуіцкі кляштары. Абрабоўвалі сінагогі. Злачынцы выносілі свечы, абразы, вокладкі і срэбныя кубкі. За рабаванне храмаў судзілі як за святатацтва, а не як за звычайнае рабаўніцтва.
Злодзеі, што абрабавалі сінагогу, сцягнулі 20 рэлігійных світкаў. Кожны світак важыў каля 16 кг, таму злачынцы не змаглі ўнесці сваю здабычу далёка. Прыйшлося закапаць недалёка ад храма.
Злачынцаў не стрымлівалі нават самыя знакавыя пасады. У 1821 годзе салдат Байкоў залез у дом губернатара, там скраў посуд, фіранкі і іншыя рэчы. Яго спрабавалі злавіць, але злачынца адбіваўся дубінай. У рэшце рэшт яго затрымалі караўльныя.
Самым буйным злачынствам лічыцца абрабаванне казначэйства з дапамогай падкопу. Шаноўны грамадзянін Вільні Вінаградаў скраў такім чынам каля 18 тыс. рублёў.
Гарадзенскія “аўтарытэты” з “белай гарачкай”
Пасля адмены прыгоннага права сяляне рванулі ў гарады, а разам з імі з вёскі перанесліся і некаторыя традыцыі – у Гродна з’яўляюцца першыя аўтарытэты.
Элія Хан меў сваю шайку, якая займалася рабаўніцтвам, падпалам хат, збіццем гараджан. На яго шмат разоў заводзілі справы, але ніхто са сведкаў не даў паказанні. Цікава, што нават калі сведка не даваў паказанні, то крымінальнік яго ўсё роўна абавязкова збіваў пасля суда.
Больш важным аўтарытэтам быў нехта Брушневіч. Ён часта нападаў на гараджан, дактары ж ставілі яму дыягназ “белая гарачка”.
Вайскоўцы часта “траплялі ў гісторыі”
Высокім фактарам злачыннасці былі прыезджыя ваенныя з расійскай глыбінкі, якія пастаянна чынілі п’яны дэбош у публічных ці пітных дамах, збівалі мясцовых жыхароў.
Сярод ваенных быў вельмі пашыраны антысемітызм, габрэі пастаянна знаходзіліся пад ціскам вайскоўцаў, якія маглі проста так пабіць, або разнесці рамесніцкую ці пітны дом. Гэта выклікала вялікую незадаволенасць сярод жыхароў Гродна ў ХІХ стагоддзі. Часам гараджане розных канфесій і нацыянальнасцей аб’ядноўваліся, каб бараніцца супраць сваволля расійскіх вайскоўцаў.
Часта збівалі толькі прыехаўшых расійскіх афіцэраў, наўпрост на чыгуначным вакзале. Тыя звычайна першыя выказвалі непавагу да гарадзенцаў.
Адкрыць публічны дом прасілі ў губернатара
У Гродне дзейнічалі як прастытуткі-адзіночкі, так і цэлыя публічныя дамы, былі яшчэ і дамы сустрэч, тыпу сучасных здымных кватэр. Цікава, што шараговыя гарадзенцы нават пісалі скаргу губернатару, каб той адкрыў публічны дом для простага люду, бо бяднейшыя не маглі сабе дазволіць даму з дваранскага публічнага дому за 1 рубль. Яны прасілі адкрыць публічны дом, дзе паслугі каштавалі б не больш 50 капеек, у іншым выпадку пагражалі пачаць чапляцца да гарадзенак.
У 1894 годзе выпіўшыя чыноўнікі завіталі ў адзін з публічных дамоў. Яны пачалі абражаць “мамку”, у выніку чаго адзін з іх атрымаў “у вуха”. Пасля гэтага інцыдэнту дом падпалілі, загінулі тры чалавекі.
Было шмат спосабаў стаць прастытуткай: растленне, дзеці-сіраты, спакушэнні і іншыя. Але і была прафесія вярбоўкі прастытутак. Жоўты білет, які так прагнула атрымаць Сонечка Мармеладава са “Злачынства і пакарання” Дастаеўскага, дазваляў займацца прастытуцяй. Адзіная ўмова – жанчына павінна была наведваць доктара два разы на тыдзень.
Гарадзенскі жоўты білет
Хадзілі за гарэлкай у Польшчу
У Гродна, як і ва ўсёй імперыі, былі забароненыя картачныя азартныя гульні. Але гэта не супыняла гарадзенцаў. Гродна быў памежным горадам з Каралеўствам Польскім (яно пачыналася ўжо ў Ласосне), таму ў горадзе хадзіла розная валюта: злотыя, рублі, талеры і шмат іншых.
На 1848 год у Гродне было ад 250 да 500 шынкоў. Шынок – звычайны дом дзе гандлявалі гарэлкай. Лічбы спажывання гарэлкі ў ХІХ стагоддзі шакуюць – 28 тысяч вёдзер на год у горадзе, і гэта яшчэ афіцыйная інфармацыя!
Папулярнай забавай быў “п’яны шопінг” – хаджэнні гарадзенцаў у Ласосна, якое ў той час належала Кароне Польскай. Гарэлка там была танней.
Добры кат забіваў за 10 удараў бізуном
У часы Расійскай імперыі выкрываць злачынствы дапамагалі даносы. Але і на паліцыю пісалі тысячы скаргаў.
Адмыслова для пакаранняў у Гродне ў 1847 годзе быў пастаўлены спланаваны эшафот, дзе быў слуп ганьбы, куды прывязвалі злачынцу. Таксама былі і “казлы” з калодкамі. Цялесныя пакаранні былі неад’емнай справай у здзяйсненні правасуддзя: білі бізуном і плёткай. Ёсць звесткі, што добры кат мог за 10 удараў бізуна забіць чалавека, таму кату плацілі добры заробак, хоць і вымушаны ён быў жыць у турме. Прафесія ката была найменш прэстыжнай у горадзе, мала хто хацеў тут працаваць. У асноўным туды ішлі на працу з прысудам да высылкі, напрыклад у Сібір. Але на пасадзе людзі трымаліся нядоўга, часта пакідалі службу альбо адмаўляліся выконваць абавязкі. Аднойчы кат учыніў байкот – адмовіўся вынонваць катаванні. Тады, на некаторы час, у Гродне катаванні спыніліся, катаў прысылалі з Вільні альбо Мінску.
А вось адным з самых жорсткіх пакаранняў было клеймаванне з дапамогай штэмпеля (забаронены ў 1869 годзе). З дапамогаю штэмпеля на твары ў злачынца заставалася слова “кат”, што азначала катаржнік, альбо слова “вор”.
Фота Яна Лялевіча