Прыбытковы бізнес па чужым “рэцэпце”: Гродна гатовы да франчайзінгу

Вядомыя франшызы моцна абаснаваліся ў Мінску і зараз з зацікаўленасцю глядзяць у рэгіёны. Гродна ёсць у сферы зацікаўленасці буйных гульцоў, а мясцовыя прадпрымальнікі гатовыя з імі супрацоўнічаць. Больш за тое, асобныя франшызы ўжо паспяхова працуюць у нас.


Франшызны бізнес сёння – адзін з самых даступных і даходных. Тут не трэба вынаходзіць ровар, можна купіць франшызу, прадаваць тавары ці паслугі і атрымліваць за гэта грошы. У Беларусі рынак франчайзінгу знаходзіцца на стадыі ранняга развіцця, але ў той жа час разглядаецца як вельмі перспектыўны.

 

Што такое “франшыза”. Тлумачым на пальцах

 

Напрыклад, існуе сетка крам “Х”. Вы хочаце адкрыць кропку крам з іх таварамі ці паслугамі ў сваім рэгіёне. Для гэтага вы купляеце франшызу (г.зн. права гандляваць таварам гэтай фірмы і выкарыстоўваць брэнд для продажаў). Калі вы купляеце франшызу, то “галава” (сетка крам) дае вам пад пэўныя ўмовы абсталяванне (праект дызайну памяшкання, спецыялізаванае абсталяванне і г.д.) і сам тавар. Вы ад сваіх продажаў плаціце галаўному цэнтру нейкі працэнт за выкарыстанне яго франшызы. Чым больш буйная і вядомая фірма ці марка, тым даражэй франшыза.

 

Гродзенская вобласць – у лідарах пасля Мінску

 

Калі прайсціся па вялікім горадзе, тым жа Мінску, то можна пабачыць шмат франшыз – McDonalnds, KFC, Burger King, сеткі модных буцікоў і гэтак далей. А як справы з падобным бізнесам у Гродне?

 

“Калі казаць пра міжнародныя кампаніі, то вядома, спачатку разглядаецца Мінск – насельніцтва больш, пакупніцкая здольнасць вышэй. Другі момант – актыўнасць мясцовых прадпрымальнікаў, гатовых набыць франшызу. З аднаго боку, кампаніі хочуць адкрыць пілотную, флагманскую кропку ў Мінску, а потым ужо перайсці на рэгіёны, з другога боку – заявак з рэгіёнаў можа і не быць”, – распавяла “Тваму стылю” Вольга Лявонцьева, старшыня Асацыяцыі франчайзэраў і франчайзі “Белфранчайзінг” (на фота ніжэй).

 

Як аказалася, Гродзенская вобласць па актыўнасці ідзе практычна нароўні з Мінскам і лідар па колькасці запытаў сярод іншых абласцей.

 

Асноўныя рызыкі – як і ў любым бізнесе. Вельмі важна пралічыць попыт на паслугу. Гэта абавязак таго, хто купляе франшызу. Ён павінен па сваім рэгіёне пралічыць, якая канкурэнцыя, ці дастаткова спажыўцоў, ці дастатковы попыт на дадзеную паслугу або тавар. Другі момант – унутраныя пажаданні і асабістыя перакананні.

Форум “Франчайзінг. Беларусь-2015” прайшоў у пачатку лістапада ў Мінску, Гомелі і Гродне

 

“Да нас аднойчы прыйшла дзяўчына з гродзенскага рэгіёну, хацела набыць франшызу, звязаную з фітнесам. Мы ёй прапанавалі варыянт вядомай фірмы, якая займаецца фітнесам для лянівых. Там выкарыстоўваюцца інфрачырвоныя выпраменьванні, якія спрыяюць страце вагі. Дзяўчына сказала, што не хоча такога, таму што такія выпраменьванні парушаюць аўру. Калі яна купіла б тую франшызу, ёй было б некамфортна гэтым займацца”, – прыводзіць прыклад Лявонцьева.

 

Тая дзяўчына, дарэчы, пазней набыла франшызу дзіцячага развіваючага цэнтра і вельмі паспяхова папрацавала. Тэрмін дамовы мінуў, яна вярнула інвестыцыі і працягвае працаваць.

 

Заявы ёсць, канкрэтных планаў няма

 

Сёння найбольш разглядаюцца франшызы, звязаныя з харчаваннем з нізкім чэкам – фаст-фуд і гарадскія кафэ. Ахвотна разглядаецца сфера гандлю – дэкаратыўная касметыка, паслугі для дзяцей і моладзі. Набіраюць папулярнасць франшызы па бізнесу ў інтэрнэце.

 

Але ці ўбачым мы калі-небудзь у Гродне той жа McDonalds?

 

Кампаніі, якія з’явіліся ў Мінску, заяўляюць пра жаданне выходзіць на рэгіёны. Напрыклад, Baskin-Robbins. Але прагназаваць нешта цяжка, бо канкрэтных планаў няма.

 

“Я ведаю, што вядуцца перамовы з сусветнымі маркамі, але паколькі мы не з’яўляемся пакупнікамі, я не магу расказаць, праз які перыяд заключаць гэтыя здзелкі. Перамовы праходзяць, прыцягненне брэндаў працягваецца”, – сказала Вольга.

 

У Гродне – актыўныя прадпрымальнікі і мясцовыя ўлады

 

Непасрэдныя гульцы на франшызным рынку не бачаць асаблівых перашкод, каб ісці ў рэгіёны, у тым ліку Гарадзеншчыну, і адзначаюць, што ўсё залежыць ад актыўнасці мясцовых прадпрымальнікаў.

Яўгенія Пракапенка (на фота вышэй), прадстаўніца групы кампаній “Комена”, якой належыць піцэрыя “Піца Смайл”, у размове адзначыла, што Гродна вельмі добра ідзе на кантакт – актыўныя прадпрымальнікі, адчуваецца падтрымка мясцовых уладаў.

 

“Нашы ўстановы ёсць ужо ўсюды, акрамя Гомеля. У Гродне, напрыклад, дзве, у Лідзе таксама ёсць. Можна па-максімуму знізіць рызыкі, калі адэкватна ацэньваць свае сілы”, – кажа Яўгенія. Меню ў “Смайле” разнастайнае і можа мяняцца ў залежнасці ад рэгіёну – недзе лепш ідзе азіяцкая кухня, недзе беларуская, а недзе бургеры.

“Людзі зацікаўлены ў нашай падтрымцы. Сетка ў больш выйгрышным становішчы, чым асобная ўстанова. Знаходзячыся ў іншым рэгіёне, чалавек убачыць знаёмую назву і будзе ведаць, што там знойдзе тое, што заўсёды. Плюс падтрымка, маркетынг, рэклама, сарафаннае радыё. Часта не вельмі паспяховае прадпрыемства ўліваецца ў сетку і становіцца на ногі. Адзіночкі паміраюць хутчэй. У сетак ёсць напрацоўкі, ужо ўсё выпрабавана, не трэба эксперыментаваць і вынаходзіць другі раз кола”, – упэўнена Яўгенія.

 

Добрыя арэндныя плошчы хутка разбіраюць

 

Мікіта Чакаў (на фота ніжэй), дырэктар і кіраўнік сеткі “Кава саўнд”, у першую чаргу раіць звяртаць увагу на плацежаздольнасць насельніцтва ў рэгіёнах і іншую ментальнасць. “У Мінску, напрыклад, кава з сабой – звычайная справа, а ў рэгіёнах, калі мы адкрываліся ў Ваўкавыску або Баранавічах, усё гэта новае. Таму нам даводзіцца рабіць некаторыя крокі, каб расказаць пра свой фармат і прыцягнуць людзей – за кошт акцый, цікавых актыўнасцей”, – распавядае Мікіта.

Па яго словах, у Гродне складана знайсці добрае месца для арэнды – вялікая канкурэнцыя: “Ёсць шмат людзей з амбіцыямі, якія яны хочуць рэалізаваць, таму калі з’яўляюцца арэндныя плошчы – іх хутка разбіраюць”. У дробных гарадах прасцей, бо добрае памяшканне ў цэнтры можа пуставаць паўгода. Але там жыве і менш людзей.

 

Каманда “Кава саўнд” адносіць сябе да тых, хто бярэ масавасцю і робіць брэнд. “У нас адкрыта сем кавярняў, плануем адкрыць яшчэ сем. Сетку развіваць больш выгадна. Ёсць адно “але”: калі шмат кропак у сетцы, можа прасядаць якасць. Таму на пачатковым этапе гэта той момант, які трэба старанна прадумаць. У нас ёсць сістэма кантролю якасці, людзі, якія кантралююць якасць на сваіх кропках і кропках партнёраў”, – кажа Мікіта. Ён упэўнены, што Гродна гатовы да франчайзінгу і да фармату “кава з сабой”. Больш за тое, ён думае, што гэта ніша ў нас запоўніцца цягам бліжэйшага года.

 

Ёсць і такія фірмы, якія пакуль толькі плануюць ісці ў рэгіёны. Што можа замінаць ім у гэтым?

 

“Яшчэ няма і года, як мы на беларускім рынку. Паўгода пайшло на адаптацыю франшызы. Цяпер, калі мы добра стаім на нагах ў Мінску, прыйшло разуменне, што трэба развівацца далей, развіваць рэгіёны. Тым больш, пайшлі запыты адтуль. Цяпер мы шукаем партнёраў”, – распавяла ў размове з “Тваім стылем” Кацярына Здановіч, прадстаўніца кампаніі “Шакаладная мара” (на фота ніжэй).

 

Дзяўчына таксама з аптымізмам разглядае Гродна ў якасці новага месца для развіцця бізнесу. “Усе залежыць ад саміх прадпрымальнікаў і іх актыўнасці”, – дадала яна.

 

Зараз мяч, вобразна кажучы, знаходзіцца на баку беларускага бізнесу. І тое, наколькі шырокае распаўсюджванне франчайзінг атрымае ў нас у бліжэйшыя гады, залежыць у першую чаргу ад актыўнасці мясцовых прадпрымальнікаў.