У Гродне на жыхароў дома “раскінулі грошы” за камуналку, якія вінны ўладальнік крамы на першым паверсе

|

Шыльда ды інтэр’еры засталіся на месцы, а вось камунікацыі за неаплаты ў гандлёвай кропцы адключылі яшчэ сёлета ў лютым. Плаціць фірма перастала яшчэ ў верасні 2014 году.

Чаму за праблемы бізнесоўцаў мусяць адказваць жыхары дома. “З такім пытаннем найперш я звярнулася ў Адміністрацыю Ленінскага раёна, – распавядае старшыня таварыства ўласнікаў Іна Шкляр (на фота). – Мне адказалі, маўляў, дамова складалася з усім домам, таму няважна хто і што не плоціць. Дом адказвае за ўсё! Далей я звярнулася ў Дэпартамент фінансавых расследаванняў. Адтуль ліст вярнулі ў Адміністрацыю”.

 

“Падайце на свайго старшыню ў суд!”

 

Паводле Іны Шкляр, калі рэвізійная камісія з ліку жыхароў нарэшце ўзяла дакументы бухгалтэрыі на праверку, там было бачна што ўсе адлічэнні на капітальны рамонт і датацыйныя сродкі скіроўваліся на пагашэнне запазычанасцяў трэцяй асобы – уладальніка той самай крамы.

 

Такому стану рэчаў “паспрыяў” папярэдні старшыня таварыства – Сяргей Пралат. У адказе Адміністрацыі так і гаворыцца: самі, маўляў, разбірайцеся са сваім старшынём. Напрыклад, падайце на яго ў суд.

 

Сорак мільёнаў – замалая сума для крымінальнай справы?

 

“Калі я ўбачыла, што мяне проста ганяюць па замкнёным коле, – працягвае Іна Шкляр, – я звярнулася ў Аддзел барацьбы з эканамічнай злачыннасцю (АБЭЗ). Як вынік – з сакавіка гэтага году і дагэтуль вядзецца так званае “расследаванне”.

АБЭЗ запатрабаваў аўдыт. У выніку жыхары самі зладзілі фінансавую праверку – за справу ўзяліся старшыня таварыства разам з бухгалтарам. Адлічэнні на капрамонт за паўтара гады склалі каля 40 мільёнаў, якія насамрэч былі выдаткаваныя на краму “АликантоМаркет”. АБЭЗ папрасіў яшчэ больш дэтальную расшыфроўку акту.

 

“З АБЭЗу я дагэтуль не атрымала ніякага канкрэтнага адказу, – абураецца Іна. – Крымінальную справу надалей адмаўляюцца ўзбуджаць. Маўляў, сума недастаткова вялікая. Але гэта абсурд! Нават за мільён пасадзіць могуць, а тут – сорак!

 

Жыхары прызнаюцца, што адзіным, хто ва ўсёй гэтай сітуацыі пайшоў ім насустрач аказаўся намеснік гендырэктара ГроднаЭнэрга. Ён даў адтэрміноўку на пагашэнне запазычанасці.


Сетка памерла. Ажыла. Але жыхарам дом ад гэтага не лепей

 

Калі падагульняць, то на сённяшні дзень гандлёвая сетка “АликантоМаркет” вінаватая жыхарам 107 мільёнаў. У красавіку разглядалася справа аб банкруцтве. Пачалі працаваць антыкрызісныя менеджары, арыштаваную маёмасць уладальніка сеткі выставілі на продаж. Агулам дзяржаве і розным банкам сетка была вінаватая больш за 18 мільярдаў рублёў.

Але ўжо ўвосень гэтага году дырэктар паказаў, што яго сетка працуе (працуе насамрэч толькі адна крама з трох у горадзе), ідзе абарот. Арышты знялі, яго аднавілі на дырэктарскай пасадзе, вярнулі пячаткі. Калі ўсё добра, дык чаму б не разлічыцца з жыльцамі?

 

Кіраўнік “АликантоМаркет” Віталь Пляга цягам некалькіх дзён так і не знайшоў час на тое, каб сустрэцца з журналістам belsat.eu і пракаментаваць сітуацыю: падчас тэлефанаванняў ён кожны раз быў то “за стырном”, то “на паседжанні” і г.д. А пасля нагул перастаў здымаць слухаўку.

 

Крыніца: belsat.eu