Розныя вынікі гарадзенскіх «Нёманаў»

|

Хакейны “Нёман” на сваёй пляцоўцы святкаваў перамогу ў турніры, прысвечаным памяці былога старшыні гарадзенскага аблвыканкама Аляксандра Дубко, які шмат зрабіў для развіцця хакея ў прынёманскім краі. У нядзелю ў фінале гарадзенцы перамаглі салігорскі “Шахцёр” з лікам 4-2. Апроч гэтых каманд удзел у турніры бралі рыжскае “Дынама-Юніёрс” і расійскі “Белгарад”.

Футбольны “Нёман” у суботу меў цяжкае выпрабаванне ў сталіцы, дзе згуляў унічыю 0-0 з “Мінскам”. Страта ачкоў адкінула каманду з 2-га на 5-е месца ў турнірнай табліцы, бо асноўныя канкурэнты гарадзенцаў – наваполацкі “Нафтан”, сталічнае “Дынама” і магілёўскі “Днепр” свае сустрэчы выйгралі.

Падрыхтоўку да новага сезона распачалі валейбалісткі “Нёмана”, якія сёлета сталі бронзавымі прызёркамі чэмпіянату краіны.

На выходныя гарадзенкі завіталі ў Беласток, дзе двойчы прайгралі тамтэйшаму клубу Pronar Zeto Astwa AZS (2-3 і 1-3). У складзе “Нёмана” гулялі дзяўчаты 1993 і 1994 г.н., бо вядучыя гульцы, якія спрычыніліся да апошніх поспехаў каманды, ад’ехалі з Гродна ў пошуку лепшых заробкаў.

На здымку: горача за варот “Нёмана”.

Фота Яраслава Ванюкевіча