Польскі ўрад хоча даць больш правоў уладальнікам Карты паляка

Камісія Сейма па кантактах з палякамі за мяжой разглядае магчымасць даваць грамадзянства ўладальнікам Карт паляка пасля года пражывання ў Польшчы, паведамляе Радыё Польшча.


Кіраўнік парламенцкай камісіі па кантактах з палякамі за мяжой Міхал Дворчык заявіў пра намер унесці змены ў закон аб Карце паляка, згодна з якімі ўладальнікі гэтага дакумента будуць мець магчымасць атрымаць грамадзянства пасля года пражывання ў Польшчы.

 

Прадстаўляючы прапановы на пасяджэнні камісіі, Міхал Дворчык удакладніў, што гэта пакуль толькі рэкамендацыі на этапе падрыхтоўкі законапраекта.
Ён прапанаваў дадаць да новага праекту закона пункты, якія дадуць уладальнікам Карт паляка практычна тыя ж правы, якімі валодаюць польскія грамадзяне.

 

“Дзякуючы гэтаму мы ствараем юрыдычную аснову для таго, каб у такіх драматычных сітуацыях, якія адбываліся ў апошнія некалькі месяцаў, мы маглі працягнуць эвакуацыю з Данбаса, а затым прадастаўляць доўгатэрміновую дапамогу, як у выпадку з грамадзянамі Польшчы”, – растлумачыў ён.

 

Новаўвядзенні, сярод іншага, прадугледжваюць магчымасць для ўладальнікаў Карт паляка, якія хацелі б пасяліцца ў Польшчы, атрымаць грамадзянства.

 

“Такія асобы маглі б пасля года (пражывання ў Польшчы – рэд.) атрымаць польскае грамадзянства, а таксама, у залежнасці ад бюджэтных магчымасцяў дзяржавы, прасіць падтрымкі пры адаптацыі ў Польшчы, даплаты за кватэру ці за навучальныя курсы”, – сказаў старшыня камісіі.

 

Нагадаем, з 29 сакавіка 2008 у дзеянне ўступіў закон аб Карце паляка. Да 15 мая 2014 польскія консульскія ўстановы прынялі каля 140 тыс. просьбаў аб выдачы Карты паляка. Больш за ўсё такіх заяў было пададзена ў Беларусі (каля 63 тыс.) і ва Украіне (каля 60 тыс.).