Блізка 70-годдзе крывавай даты

|

Адзначаць гэтую дату збіраюцца пакуль толькі актывісты польскага руху.

Як паведаміў “Твайму стылю” прэс-сакратар Саюзу палякаў у Беларусі Ігар Банцар, 31 жніўня адчыніцца падрыхтаваная Консульствам Польшчы ў Гродне выстава, прысвечаная лёсу дзяцей у час вайны. На наступны дзень адбудзецца ўскладанне вянкоў да магілаў польскіх жаўнераў ды жалобная імша ў касцёле.

У сярэдзіне верасня ў памяшканні “Таварыства беларускай школы” можа адбыцца Круглы стол, прысвечаны падзеям Верасня 1939-га года ў Гродне.

Як паведаміў “Твайму стылю” ініцыятар гэтага мерапрыемства, прафесар Алесь Смалянчук, удзел у сустрэчы возьмуць гісторыкі, якія выкажуць свае меркаванні адносна трагічных падзеяў тых часоў.

Гэта асабліва актуальна на фоне таго “адката”, які назіраецца зараз у Расіі, дзе імкнуцца “адбяліць” імя Сталіна і віну СССР у развязванні вайны.

Нагадаем, што падпісаны 23 жніўня 1939-га г. міністрамі замежных справаў СССР (Молатаў) і Германіі (Рыбентроп) пакт прадугледжваў падзел сфераў уплыву ва Ўсходняй Еўропе паміж дзвума крывавымі таталітарнымі рэжымамі.

Да Германіі мела адыйсці Польшча, да СССР – Заходнія Беларусь і Заходняя Украіна (уваходзілі з 1921 г. у склад Польшчы), Літва, Латвія, Эстонія і Бесарабія (сённяшняя Малдова).

Карыстаючыся гэтай дамовай, Гітлер 1 верасня 1939 г. напаў на Польшчу. Праз два тыдні гэта ж зрабілі і Саветы. Сімвалам савецка-фашысцкага саюзу стаў сумесны парад савецкіх і нямецкіх войскаў у Брэсце.

Днямі больш за сто нямецкіх інтэлектуалаў падпісалі Адкрыты ліст, у якім за дату пачатку Другой Сусветнай вайны прызналі 23 жніўня 1939 г., калі быў падпісаны пакт Молатава-Рыбентропа.

Яшчэ раней Парламенцкая Асамблея АБСЕ прызнала, што савецкі камуністычны рэжым нясе такую самую адказнасць за злачынствы Другой Сусветнай вайны, як і фашысцкі рэжым тагачаснай Германіі. Гэтае рашэнне выклікала сапраўдную гістэрыю ў Расіі.

У спробах “перапісаць гісторыю” абвінавацілі АБСЕ і асобныя беларускія парламентарыі.

На здымку: могілкі жаўнераў Польскага войска ў Гродне

Фота Наталлі Чайкі, fotogrodno.net