Вуліца Калючынская – адна з самых старажытных у Гродне. Асабліва ў месцы патэнцыйнага будаўніцтва – каля скрыжвання з Кірава (былой Рэзніцкай). Увесь гэты раён як мінімум з XVI ст. быў вельмі шчыльна забудаваны. Гісторыкі маюць дастаткова матэрыялаў, карт, фотаздымкаў, каб цалкам аднавіць выгляд канчаткова зруйнаванага толькі два дзесяцігоддзі таму квартала. Дык чаму трэба прыдумваць кола і будаваць нейкі сучасны будынак на гэтым месцы? Патрэба рэнавацыі гістарычнага цэнтра патрабуе, каб проста быў адноўлены прыгожы квартал, што існаваў тут раней. Гэта закрые вялікую пустэчу каля самага старога Рынка.
Як прыгадвае былы супрацоўнік “Белспецпраектрэстаўрацыі”, а цяпер доктар габілітаваны Ягелонскага ўніверсітэта Юры Гардзееў, планы спраектаваць нешта на месцы дома па Калючынскай №21 былі прадпрыняты яшчэ пад канец 1980-х гг. Хто ведае, магчыма праекціроўшчыкі выцягнуць са сваіх паліц нейкую будыніну ў стылі позняга савецкага функцыяналізму і паспрабуюць прадаць новаму інвестару?
…
Аднак гродзенскі гісторык Мечыслаў Супрон перакананы, што гэтага не ў якім разе дапусціць нельга: “Ведаючы вопыт абыходжання з гicторыка-архітэктурнай каштоўнасцю ў нашай краіне, і горадзе ў прыватнасці, навіна пра магчымую пабудову гандлёва-гасцінічнага комплексу ля самай галоўнай плошчы не можа не засцярожваць. На гэтым месцы ў 1990-х быў знішчаны цэлы кварталік гістарычнай забудовы. Цяпер было б лагічна аднавіць гэты страчаны куточак старадаўняга гораду, а не будаваць на яго месцы новы аб’ект, які назаўсёды пахавае ідэю адраджэння і рэгенерацыі гістарычнага ансамблю Гародні”.
Мечыслаў дадае, што перад пачаткам якіх-небудзь работ на гэтым месцы неабходна правесці археалагічныя раскопкі, бо месца надзвычай цікавае для археолагаў і ніколі дагэтуль не вывучалася. Таму, калі і будаваць тут нешта, дык толькі аднаўляючы ранейшую забудову і прыстасоўваючы яе да сучасных патрэбаў, лічыць гісторык.
Гарадскія ўлады на гэтым месцы маглі б адпрацаваць такую схему: самім правесці археалагічныя раскопкі, зрабіць хаця б эскізны праект аднаўлення забудовы, а пасля прапанаваць інвестарам. Тыя, ведаючы, што ім ужо не прыйдзецца бясконца ўзгадняць раскопкі ды праект, пагадзіліся б на набыццё гэтага ўчастка з куды большай ахвотай, чым цяпер.