Што чакае фарты Гродзенскай крэпасці?

У 2008 годзе дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі папоўніўся дзясяткамі новых аб’ектаў – шматлікімі фартамі і ўмацаваннямі Гродзенскай крэпасці 1912–1915 гг., а таксама ДАКамі гродзенскага ўмацаванага раёна №68.

 

Уключэнне такой колькасці аб’ектаў у спіс дадало работы інстытуцыям, адказным за ахову спадчыны. Спачату гэта праявілася ў тым, што пры будаўніцтве фабрыкі “ЗОВ” у раёне Дзевятоўка былі цалкам знішчаны рэшткі ўключанага ў спіс землянога форта №6, пабудаванага ў 1887-1892 гг. Форт прыйшлося са спісу спадчыны выключаць.

 

У тым самым 2008 годзе горад значна пашырыў свае межы і дзясяткі фартавых аб’ектаў трапілі пад гарадскую юрысдыкцыю, дзясяткі ж засталіся пад “апекай” райвыканкама. Фартавыя ўмацаванні аказаліся ў самых дзіўных месцах вялікага горада – на могілках, сярод новабудаў, на прамысловых тэрыторых, проста на шляху дарогабудаўнікоў.

 

Сёння, калі спіс умацаванняў хоць і існуе, аднак ён далёка не поўны і афіцыйна не аформлены, фартам прыходзіцца не соладка. Адно з умацаванняў на могілках у Аўльсе бясследна знікла. Хутчэй за ўсё, яго проста зруйнавалі, каб выраўняць чарговую пляцоўку для магіл. На гродзенскім форуме бурна абмяркоўваецца сітуацыя з забудовай прыватнага сектара паміж мясакамбінатам і былымі Грандзічамі. Там па былых умацаваннях будуюць дарогу, а адзін з найбольш сімпатычных назіральных пунктаў аказаўся аточаны будынкамі.

 

Найбольш жа паказальная сітуацыя з фартавым назіральным пунктам каля Путрышак. Ён быў прысыпаны зямлёю так, што толькі тырчала амбразура. Некалькі гадоў таму проста з-пад яго пачалі браць пясок на будаўнічыя патрэбы і цяпер ён пераўтварыўся проста ў слуп, які стаіць на тонкім слоі пяску. Яшчэ год-два і пад уздзеяннем дажджоў гісторыка-культурная каштоўнасць проста перакуліцца.

 

Незразумелым таксама з’яўляецца лёс рэштак былога землянога форта №2 каля школы №12 у Гродне. Унутры былога форта знаходзіцца стадыён “Абутнік”, які вясной-летам 2016 года збіраюцца грунтоўна рэканструяваць. Вельмі шкада, калі рэшткі валоў форта, якія грунтоўна падразбурылі яшчэ ў 1960-х, будуць рэканструкцыяй гэтага забытага Богам стадыёна канчаткова разбураны.

1944

 

1967

 

2010

 

Таксама бясконца далёкімі да рэалізацыі застаюцца планы па музеефікацыі хаця б аднаго з фартоў Гродзенскай крэпасці, хаця пра яе неабходнасць гаварылася ўжо вельмі даўно. Затое ў раёне Кургана Славы паўстаюць нейкія акопы і кулямётныя гнёзды, якія ўжо атрымалі ганаровую назву “Лінія Карбышава”.