TEDxYouth снова в Гродно: шесть вдохновляющих идей, способных изменить видение мира

1. Успрымайце музыку як тэлепорт: яна можа перанесці нас у любімы дзіцячы летнік ці нават у салон маршруткі

 

Музыка – крыніца нашага натхнення і індыкатар настрою. Спікер Надзея Аўхукова распавяла пра каштоўнасць музычнага акампанементу ў жыцці: наш плэйліст змяняе наш настрой, таму стаўленне да сітуацыі можна змяніць ўсяго толькі змяніўшы спіс песень у плэеры. Надзя адзначыла, што новыя, не ўласцівыя яе густу песні, натхняюць і падбадзёрвае яе.

 

2. Вядзіце дыялог са сваім горадам

 

Гарадское асяроддзе не павінна быць справай толькі архітэктараў. Дар’я Мандзік падзялілася ідэяй пра тое, што чалавек мае права змяняць свой горад. Аналізуйце, назірайце як жыве месца, у якім вы жывяце. Самі гараджане могуць паляпшаць горад, нават проста акультурваючы тэрыторыі каля дома. Архітэктары і будаўнікі будуюць для таго, каб людзі потым з будынкаў рабілі сваё ўтульнае жыллё.

 

3. Ніколі не пераставайце вучыцца, таму што жыццё ніколі не перастане вучыць

 

Пакаленне Х часта сутыкаецца з неразуменнем з боку пакалення Y. Будаваць адносіны паміж людзьмі розных узростаў можа быць складанай задачай. Марыя Бакацюк распавяла, як яна дапамагла бацькам убачыць свет з яе пункту гледжання: “Бацькі пагадзіліся паехаць са мной у Парыж і рабіць там усё, што я рабіла б адна. І гэта падарожжа натхніла іх, яны ўжо плануюць самастойную паездку”.

 

4. Заўважайце межы, але ведайце, што гэта адно цэлае

 

Лізавета Еліневіч кажа, што сучасны музей гэта ўжо не тое месца, дзе можна проста палюбавацца творамі мастацтва. Сёння кожны можа стаць часткай музея. Напрыклад, арганізаваўшы флэш-моб або TEDx-канферэнцыю. Паміж гэтымі падзеямі і экспанатамі ёсць мяжа, але гэта часткі цэлага – сучаснага музея. Музей перастае быць сумным месцам, дзе трэба хадзіць з разумным выглядам, разглядаючы карціны. Ён становіцца пляцоўкай для крэатыўных людзей.

 

5. Паглядзіце на знаёмыя рэчы быццам упершыню

 

“Слухайце ўважліва дзяцей. У іх словах вы зможаце знайсці для сябе незвычайнае ў даўно звыклых рэчах”, – заклікае Валянціна Азука. Смела задавайце сур’ёзныя пытанні дзецям і яны змогуць здзівіць вас. На пытанне “як можна зрабіць свет лепшым” дзеці адказалі: “трэба куды-небудзь пераехаць”, “трэба ўсё абясплаціць, каб ва ўсіх усё было”. А як бы вы зрабілі свет лепшым?

 

6. Пачуццё страху замяніце пачуццём жарсці

 

“Калі мы рыхтуем прамову ці проста робім нешта іншае, пра што мы думаем?” – задала пытанне Валерыя Аўсеева. Хутчэй за ўсё, наш адказ будзе: “трэба ўсё зрабіць ідэальна, каб нельга было прычапіцца”. Мы баімся зрабіць штосьці кепска. Гэта наша хвароба ХХІ стагоддзя – перфекцыянізм. Але калі пранікнуцца справай, а не жадаць зрабіць усё ідэальна – можа атрымацца лепш, чым мы чакалі. Навошта быць перфекцыяністам, калі наш свет не ідэальны?

 

Як прайшоў першы TEDx у Гродне

 

 

Што такое ТЭДх?

 

TED – гэта глабальная недзяржаўная арганізацыя, заснаваная ў 1984 годзе, галоўнай тэмай якой з’яўляецца распаўсюджанне вартых ідэй. За літарамі TED скрываецца тэхналогія, забава, дызайн (technology, entertainment and design). Падзеі ў стылі TED праходзяць у фармаце канферэнцыі, аўдыторыя якой, як правіла, не перавышае 100 чалавек. Існуюць два фарматы мерапрыемства: глабальны TED-event і TEDx-event – апошняе мае сваёй мэтай ахапіць больш вузкую аўдыторыю і робіць акцэнт на мясцовых спікерах.

 

Папулярнасць TED закранае ўсё большыя колы. Гэта не толькі спосаб падвучыць замежную мову, але перадусім – пачуць людзей з розных куткоў свету, з іх ідэямі і бачаннем свету. Гэта вера ў тое, што кожная маленькая ідэя стварае нас і свет навокал і можа змяніць свет. Свет, змены ў якім пачынаюцца з нас.

 

TED – гэта найперш жыццёвы досвед кожнага выступоўцы. Сустрэць тут можна ўсялякія тэмы – ад навукі, бізнесу, аховы здароўя і да бясконцасці. Прамовы размяшчаюцца па тэмах на сайце, дзе можна іх глядзець на розных, больш за 100, мовах свету.

 

TED – гэта магчымасць выказацца кожнаму, у каго з’явілася цікавая ідэя, якой ён хоча падзяліцца з больш шырокімі коламі грамадства.

 

TED – гэта 14540 лакальных канферэнцый і тысячы запланаваных. Гарадзенскі TEDхYouth@Hrodna – адна з іх.

 

Гісторыя беларускага TEDа сягае ў 2009 год і пачынаецца ў Мінску. Усё пачыналася з супольнага прагляду TED-прамоваў, потым жывых праглядаў глабальнай TED-канферэнцыі, каб у 2013 годзе сабраць жывых выступоўцаў і выліцца ў мінскую жывую TEDх канферэнцыю.

 

Яскравыя ўражанні глядачкі адной з першых беларускіх TEDx-канферэнцый: “У такія моманты разумееш, што Беларусь – цікавая краіна. І не ўсе яшчэ таленавітыя людзі з’ехалі адсюль ў замежжа. Трымаюцца. І гэта здорава! Ты ж таксама застаешся тут”.

 

 

Фота Ірыны Новік