У Гродне студэнт-гісторык стварае касцюм Бобы Фета, каб пайсці ў ім на прэм’еру “Зорных войнаў”

Да гучных прэм’ер, такіх, як чарговыя эпізоды “Зорных войнаў”, фанаты рыхтуюцца загадзя. У Гродне да выхаду ў кінатэатры “Абуджэння Моцы” студэнт Іван вырашыў стварыць касцюм аднаго з герояў.


Касцюм штурмавіка падарыў сябру

 

Іван Яцэвіч, 22-гадовы студэнт гістфака, ужо 15 год захапляецца сусветам “Зорных войнаў”. У вольны час ён стварае з дапамогай паперы і клею шлемы і касцюмы персанажаў. Але касмічнай сагай Джорджа Лукаса яго захапленне не заканчваецца – зусім нядаўна ён пачаў рабіць шалом касмадэсантніка з сусвету Warhammer 40k.

 

Зараз Іван рыхтуе касцюм персанажа Бобы Фета. Раней планаваў, што наведае кінатэатр у дзень прэм’еры менавіта ў выглядзе гэтага героя, але недахоп часу і фінансавыя цяжкасці не дазволілі завяршыць працу своечасова.

 

Больш за год таму Іван ужо ствараў частку касцюма штурмавіка з “Зорных войнаў”, але да яго прыехаў стары сябар з Піцера, якому ён вырашыў падарыць свае напрацоўкі.

Іван распавёў, як ствараецца макет: “Спачатку я шукаю 3D-мадэлі ў інтэрнэце. Далей раздрукоўваю іх на тоўстай паперы і раблю макет. На гэты макет накладаюцца ўмацоўваючы матэрыялы, якія заліваюцца эпаксідным клеем. Далей гэта апрацоўваецца шпатлёўкай, шліфуецца і так шмат разоў. У канцы ўсё пакрываецца грунтам і фарбуецца”.

 

Другараднага персанажа Бобу Фета хлопец выбраў менавіта таму, што той не вельмі мэйнстрымны. “Дарт Вэйдэр занадта раскручаны, а Боба застаўся на задворках. Тым больш, ён працягвае справу свайго айца. Таму я абраў яго”.

 

“Касмічныя караблі заселі ў галаве”

 

Цікавасць да “Зорных войнаў” у хлопца ўзнікла з дзяцінства, калі Іван цікавіўся космасам: “У вольны час выразаў выявы з часопісаў або чытаў кнігі ці энцыклапедыі пра космас”.

 

У 2000 годзе сямігадовы Іван пазнаёміўся з чацвёртым эпізодам. “Спачатку не надта разумеў сэнс фільма, але ж гэтыя касмічныя караблі заселі ў маёй галаве”, – кажа хлопец.

Па меркаванню Івана, эпізод “Прыхаваная пагроза”, першы ў “новай трылогіі”, якую пачалі здымаць у канцы 90-х, быў самым жудасным з усіх. Але, на яго думку, гэта своеасаблівая ахвяра, якая павінна была быць, каб даць старт перадгісторыі, якая ў выніку даволі гарманічна ўпісалася ў створаны раней сусвет. Іван лічыць, што сучасныя фільмы серыі сталі своеасаблівым адказам на шэраг пытанняў, якія цікавілі фанатаў пачынаючы з 1977 году.

 

Disney сагу не сапсуе

 

У тым, што знакаміты касмічны блокбастар выкупіла кампанія Disney, гарадзенскі аматар “Зорных войнаў” не бачыць нічога кепскага. Ён прыводзіць у прыклад словы самога Джорджа Лукаса: “Зорныя войны” перажывуць мяне і важна арганізаваць гэтую перадачу, пакуль я жывы”.

 

На сёмы эпізод Іван ужо набыў квіток. Канкрэтнай думкі пра яго ён яшчэ не мае: “З аднаго боку, у шасці эпізод лагічна завяршылася ўся сага. З іншага боку, цікава паглядзець на сусвет “Зорных войнаў” праз пэўны час, ды і трэйлер з новымі героямі таксама зацікавіў”.

 

Нагадваем, што прэм’ера фільму “Зорныя войны: Абуджэнне сілы” у Беларусі адбудзецца 17 снежня. У Гродне фільм пакажуць ва ўсіх кінатэатрах.