Разгуляцца на 487 долараў альбо як жывуць і на што выдаткоўваюць грошы гарадзенскія “домагаспадаркі”

Выбарачнае даследаванне хатніх гаспадарак па ўзроўні жыцця паказала, што ў першыя дзевяць месяцаў 2015 г. штомесяц кожная гаспадарка мела ў сваім распараджэнні 8,5 млн. рублёў на свае бягучыя патрэбы (ежа, аплата паслугаў, набыццё тавараў і г.д.). Гэта на 1,2 міліёна рублёў больш, чым было ў такі ж самы перыяд 2014 г. Гэта і ёсць тыя 17% росту, пра якія справаздачыцца ўпраўленне статыстыкі.

 

Але давайце паглядзім на гэтыя лічбы з іншага пункту гледжання.

 

Па стане на 1 верасня 2014 г. курс долара да беларускага рубля складаў 10 430. Пераводзім 7,3 млн. рублёў, якія былі тады штомесяц у распараджэнні сярэднестатыстычнай хатняй гаспадаркі і атрымліваем суму ў 700 долараў. Дзелім цяпер 8,5 міліёнаў у месяц на гаспадарку ў 2015 г. і атрымліваем … 487 долараў. А гэта ўжо мінус 30% да ўзроўню 2014 г.! 

 

Як сведчыць сухая статыстыка, большасць гарадзенцаў зарабляе ў сярэднім каля 3 млн. рублёў.

 

Але калі ў верасні 2014 г. гэтая сума была раўназначная 288 доларам, то ў верасні 2015 г. – усяго толькі 172 доларам. Як кажуць, адчуйце розніцу…