Рэвалюцыя на продаж

|

Новы альбом Ляпіса Трубяцкога – «Культпрасвет» – працягвае лінію «новых» Ляпісаў: стылёвых панкаў з наколкамі, якія ставяць на гітарныя запілы, постмадэрністычныя спевы і выдатныя анімацыйныя кліпы. Як і папярэднія, ён хутка знойдзе свайго слухача.

 

Здаецца, працуючы над «Культпрасветам», Міхалок звар’яцеў канчаткова. Быць можа, тэксты цяпер і не настолькі складаныя з пункту гледжання спасылак і цытавання, а наадварот, даволі прасталінейныя. Але адчуваецца перабор у іншым. На гэтым альбоме ёсць антыкамунізм, антылукашызм, антыглабалізм, антыкансумпцыянізм ды наогул якія толькі захочаш актуальныя і не вельмі пратэсты. Змест дыску даволі разнастайны і наўрадці мае нейкае агульнае пасланне.

 

Афармленне дыску таксама не дазваляе зрабіць канкрэтных абагульненняў, бо выглядае даволі выпадковым і па сэнсу адносіцца толькі да некалькіх маршава-пралетарскіх песен. Пабудова альбому ўжо традыцыйная для Ляпіса: адзінаццаць-дванаццаць песен, адна з іх самаіранічная і рэфлексійная, адна на беларускай мове.

 

Цікавасць да кружэлкі выклікае спосаб яе распаўсюду: музыку можна сцягнуць з інтэрнэту, выбраўшы лепшую або горшую якасць, па адной песні ці ўсё адразу. І, калі яна вам спадабаецца, вы можаце заплаціць, колькі палічыце патрэбным. Або проста набудзеце ліцэнзійны дыск у краме.

 

Праз гэта Ляпісы нахабна называюць сябе першапраходцамі, забываючыся на досвед Радыёхэд у галіне альтэрнатыўнага распаўсюду музыкі. Праўда, яны маюць на гэта поўнае права. На сваім мэтавым рынку – постсавецкай прасторы – іх падыход сапраўды наватарскі.

 

А што пра музыку? Пра яе хочацца казаць найменш. У гэтым плане гурт не стаіць на месцы, але і не збочвае з абранага прыбытковага шляху. Калі «Капітал» быў ска-панкаўскі, «Маніфест» – падхардкораны, то «Культпрасвет», працягваючы агульную лінію, троху больш разнастайны, з элементамі рэгі, маршавымі рытмамі і іншымі нязначнымі адхіленнямі (напрыклад, сітарам у песні «Містэр Лох»).

 

Але ўжо бачныя будучыя цяжкасці, якія, бясспрэчна, трапяцца Ляпісам на творчым шляху. Перадусім, арыгінальнасць матэрыялу і яго падачы. Каб падтрымаць свой вобраз і не зацыкліцца на адным (што ўжо, здаецца, адбываецца), хлопцам прыйдзецца сур’ёзна задумацца над творчымі планамі. Чацвёртага ідэнтычнага альбому слухачы могуць не вытрымаць. З іншага боку, ведаючы ляпісаўскі падыход да шоў-бізнэсу, можна выказаць здагадку, што яны будуць рабіць перадусім тое, што падабаецца ім.

 

Мая вялікая паважуха Міхалку і кампаніі менавіта за тое, што яны заўсёды робяць культурны прадукт такім, якім самі хочуць яго бачыць, не гледзячы на іншых. Ну а калі Ляпісаў у кожнай форме ахвотна прымаюць, дык гэта талент. Талент быць клоўнам і «папсовым жлабом».

 

Я падкрэслена называю музыку Ляпіса прадуктам. Бо гэта рэвалюцыя на продаж і сцёб з некамерцыйных ідэй. Мяне гэта цешыць – якасны прадукт заўсёды прыемна купіць. Я разумею тых, хто незадаволены. Хочацца, каб культурныя дзеячы былі сапраўды шчырымі: пісьменнікі – прарокамі (ці прынамсі не распраналіся), спевакі – валадарамі думак. Але, халера, высокія ідэі дзядулі Маркса для Сярожы Міхалка – толькі эстэтычная абгортка.

 

Дзесяць год таму, запісаўшы апошні альбом «Новага Неба», Кася Камоцкая распусціла гурт. «Калі сканчаецца шчырасць, сканчаецца і рок» – сказала яна тады. Ці шчыры вы з намі, таварыш Міхалок?

 

Гурт: Ляпис Трубецкой

Альбом: Культпросвет

Год: 2009

Стыль: ска-панк/прота-панк/рэгі/рэвалюцыяныя маршы

Дзе ўзяць: http://lyapis.kroogi.com/, або ў краме

Прыватная ацэнка: харошы альбом Ілюстрацыя http://kinomuz.ru